Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтары Свабоды — у шорт-лісьце прэміі Гедройца

абноўлена

Гадавы маратон беларускіх празаікаў у спаборніцтве за прэмію імя Ежы Гедройца выйшаў на апошні адрэзак дыстанцыі. З сарака трох ягоных удзельнікаў, якія стартавалі летась, фінішную рысу перасякуць шасьцёра. Іх імёны былі агучаныя сябрамі журы 11 лютага на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі ў амбасадзе Рэспублікі Польшча ў Менску.

Ганаровы старшыня журы, амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка, з ініцыятывы якога паўстала два гады таму гэтая прэмія, запыніўся на прынцыпах адбору намінантаў.

«Хачу падкрэсьліць, што згодна з нашай задумай літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца ня мае палітычнай афарбоўкі. Хоць мы добра разумеем, што ёсьць краіны, у якіх усё мае палітычную падаплёку. Зь дзьвюх дзяржаўных моў мы выбралі беларускую, паколькі лічым, што пра яе трэба больш клапаціцца, чым пра расейскую. Я ведаю, што вынікі першага конкурсу сустрэліся з рознымі камэнтарамі. Гэта добра. Для нас галоўнае — мастацкая вартасьць кнігі».

Цікавасьць да ўсяго, што зьвязана з гэтай прэміяй, не спадае на ўсіх этапах — ад складаньня агульнага сьпісу да абвяшчэньня ляўрэата. Прычына, на думку аднаго зь сяброў журы старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыса Пятровіча, — у вострым дэфіцыце падобных узнагарод у Беларусі.

«У Эўропе такіх ці падобных прэмій у кожнай краіне дзясяткі і нават сотні. У нас такая прэмія адна-адзіная, і тым, хто апынецца ўрэшце другім альбо трэцім, я думаю, будзе трошкі крыўдна. Ну, вы можаце сказаць пра нас, што калі так, то зрабіце яшчэ адну прэмію, зрабіце трэцюю, пятую, дзясятую. Але ў нашых умовах — вы самі разумееце, што гэта практычна немагчыма».

Працягваючы гэтую думку спадара Пятровіча, выступоўцы нагадалі, што ў беларускіх умовах няпроста было наладзіць прэзэнтацыі кніг намінантаў на нядаўняй Менскай міжнароднай выставе. У прыватнасьці, была забароненая там сустрэча з адным зь іх — Уладзімерам Някляевым, а Алесь Пашкевіч сам адмовіўся — на знак салідарнасьці з забароненым калегам.

Пісаць, аднак, не забаронена, і магчымасьці выдацца таксама можна знайсьці. І многія аўтары імкнуліся пасьпець са сваімі кнігамі ў тэрмін падачы заявак на прэмію. А некаторыя нават, па словах старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэя Хадановіча, сьвядома блыталі жанр сваіх твораў.

«Адзін малады паэт, выдаўшы кніжку, назваў свае вершы прозай».

Зь ліку ж сапраўды празаічных кніг на фініш выйшлі «Зямля пад крыламі Фэнікса» Сяргея Балахонава, «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» Альгерда Бахарэвіча, «Сказы» Адама Глобуса, «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без» Уладзімера Някляева, «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега» Людмілы Рублеўскай і «Шал» Юр’я Станкевіча.

Хто стане першым, мы даведаемся 1 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG