Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Культурная сталіца» рэклямуецца па-расейску


Магілёў – культурная сталіца, інфармуюць па-расейску непадалёк ад будынка аблвыканкаму
Магілёў – культурная сталіца, інфармуюць па-расейску непадалёк ад будынка аблвыканкаму

У Магілёве на білбордах зьявіліся першыя рэклямныя абвесткі пра тое, што горад абвешчаны культурнай сталіцай Беларусі і Садружнасьці Незалежных Дзяржаў. Інфармацыя пра гэта падаецца па-расейску.

На расейскай мове пра новы статус гораду інфармуе і рэклямная застаўка на сьвятлодыёдным экране, што ля Магілёўскага гарвыканкаму.

У аддзеле культуры гарадзкой выканаўчай улады прызналі, што першая рэклямная прадукцыя пра тое, што Магілёў — культурная сталіца Беларусі і СНД, выдадзеная па-расейску. Але, паабяцала супрацоўніца аддзелу, далей рэкляма будзе зьяўляцца і беларускамоўная.

У Магілёве інфармацыйныя абвесткі і вонкавая рэкляма амаль пра ўсе значныя культурныя падзеі гораду звыкла падаюцца на расейскай мове. Чыноўнікі тлумачаць гэта тым, што ў Беларусі паводле Канстытуцыі дзьве дзяржаўныя мовы і што большая частка турыстаў прыяжджае з Расеі.

Сэртыфікат «Магілёў — культурная сталіца краін СНД і Рэспублікі Беларусь» 26 студзеня быў уручаны кіраўніку выканаўчай улады гораду Станіславу Барадаўку на ўрачыстым паседжаньні, прымеркаваным да 75-годзьдзя Магілёўскай вобласьці. Магілёўскія ўлады цягам 2013 году плянуюць правесьці звыш 3000 культурных мерапрыемстваў.

Дагэтуль культурнай сталіцай Беларусі абвяшчалі Полацак (2010), Гомель (2011), Нясьвіж (2012).

Культурныя сталіцы СНД пачалі абіраць з 2011 году.

Першай такой сталіцай сталі Гомель і Ўльянаўск. Лягатыпы для гэтых гарадоў былі зробленыя на расейкай мове.

У 2012 годзе статус культурных сталіцаў атрымалі Мары ў Туркмэністане і Астана ў Казахстане. Толькі лягатып Астаны як культурнай сталіцы СНД быў выкананы на дзяржаўнай мове — казахскай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG