Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — Украіна: прывід новай «малочнай» вайны


Дзяржаўная вэтэрынарная служба Ўкраіны забараніла ўвоз на сваю тэрыторыю малочнай прадукцыі трох беларускіх прадпрыемстваў: «Бабушкина крынка» з Магілёва, «Молочные продукты» з Гомелю і Аршанскага малочнага камбінату.

Прычына — парушэньне санітарных нормаў. Вытворцы заяўляюць, што забарона выклікана ня якасьцю прадукцыі, а палітычнымі прычынамі. Уладныя чыноўнікі ад камэнтароў адмаўляюцца.

У афіцыйным паведамленьні Дзяржвэтслужбы Ўкраіны гаворыцца, што падставай для часовай забароны сталася неадпаведнасьць прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў украінскім нормам бясьпекі «па мікрабіялягічных і фізыка-хімічных» паказьніках. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі гэтыя закіды ўкраінскага боку ні пацьвердзіць, ні зьняпраўдзіць не змаглі. Гаворыць намесьнік кіраўніка дэпартамэнту вэтэрынарнага і харчовага нагляду міністэрства Міхаіл Арэшка:

«Мы разьбіраемся пакуль. Разьбяромся — тады будзем даваць камэнтар. Мы не разабраліся пакуль».

Гомельскія вытворцы малочных прадуктаў хоць і не атрымалі нейкіх афіцыйных дакумэнтаў ад украінскага боку, але ўнутраную праверку распачалі. Пра гэта кажа намесьніца кіраўніка мяса-малочнага холдынгу ў пытаньнях вытворчасьці Ірына Смольская:

«Прачытала ў інтэрнэце. Але пакуль афіцыйна на прадпрыемства нічога не прыйшло. Вядома, унутранае дасьледаваньне робяць, глядзяць, але, паўтару, афіцыйна пакуль нічога няма. Гэта ж трэба паглядзець, якія паказьнікі, якая прадукцыя, а ў нас гэтага нічога няма».

Пра зьніжэньне выпуску малочнай прадукцыі вытворцы ня думаюць:
Малако ў каровах не застанецца — яго трэба выдаіць і перапрацаваць

«Малако — прадукт, які хутка псуецца. Мы яго ўсё адно перапрацуем і выпусьцім прадукцыю. Знойдзем куды збыць — і будзем шукаць. Малако ў каровах не застанецца — яго трэба выдаіць і перапрацаваць».

У кампаніі «Бабушкина крынка» сёньня вялася вэтэрынарная праверка. Ці зьвязаная яна з украінскімі санкцыямі, ніхто пэўна ня кажа. Тут наагул даволі нэрвова рэагуюць на паведамленьне Дзяржаўнай вэтэрынарнай і фітасанітарнай службы Ўкраіны:

«Дакумэнты нашай краіны — гэта адно, дакумэнты іншай краіны — гэта іншае. Нічога ж пакуль невядома. Вы ня маеце яшчэ права нічога пісаць! Пра сур’ёзнасьць становішча будзем пісаць мы. І пакіньце „Бабушкину крынку“ ў спакоі».

Летась у сакавіку Ўкраіна таксама забараняла ўвоз гомельскай малочнай прадукцыі на сваю тэрыторыю. У прыватнасьці, ва ўкраінцаў былі прэтэнзіі да гомельскага масла. Сытуацыя ўлагодзілася праз два месяцы, калі прадстаўнікі беларускай улады прыгразілі ініцыяваць увядзеньне забароны на імпарт украінскіх алею, солі, кукурузы. Адначасна на Аршанскім малочным камбінаце мяркуюць, што прычынай сталася ня якасьць прадукцыі, а палітычны складнік адносінаў паміж Украінай і Беларусьсю. Таму ніякіх намаганьняў, каб палепшыць якасьць прадукцыі, на прадпрыемстве рабіць не зьбіраюцца, паведаміў кіраўнік аддзелу збыту камбінату Канстанцін Чахоўскі:

«У нас нічога не зьмянілася. Усё гэта, хутчэй за ўсё, зьвязанае з палітыкай. Я ў гэтым практычна ўпэўнены, бо ў нас прадукцыя дастаткова высокай якасьці. Ніколі ніякіх пытаньняў не ўзьнікала. Калі дробныя нейкія пытаньні, то яны вырашаліся, але гэта вельмі дробныя, нязначныя. А каб такое, што з антыбіётыкамі зьвязана, то гэта трызьненьне проста. Мы пастаўляем і ў Расею, і ў Казахстан — усюды гэта правяраецца, і ніякіх пытаньняў не ўзьнікае. Дагэтуль былі пастаўкі і ўсё было добра, а тут раптам адначасна стала дрэнна — ну так жа не бывае. Пэўна, нейкія палітычныя матывы. Я, калі папраўдзе, за палітычным жыцьцём Украіны не сачу, бо гэта вялікая вёска, дзе няведама што творыцца. Але ў нас не такія ўжо вялікія аб’ёмы з Украінай і былі, каб для нас гэта было адчувальна. Мы ўвогуле гэта не адчулі».
Можа, гэта зьвязана з шуміхай вакол Чарнігава, дзе беларусы нібыта навучылі тамтэйшых вытворцаў вырабляць тралейбусы, а тыя не аплачваюць паслугі

Некаторыя гомельскія кіраўнікі, зьвязаныя з продажам малочнай прадукцыі, схільныя таксама лічыць, што цяперашнія ўкраінскія санкцыі могуць быць вынікам нядаўняга скандалу вакол выпуску ва Ўкраіне тралейбусаў, падобных да беларускіх:

«Можа, гэта зьвязана з шуміхай вакол Чарнігава, дзе беларусы нібыта навучылі тамтэйшых вытворцаў вырабляць тралейбусы, а тыя не аплачваюць паслугі. У тым пляне, што плягіятам займаюцца. На ўзроўні ўраду падымалася пытаньне. Магчыма, гэта рэакцыя ў адказ».

Аднак яшчэ летась Украіна таксама забараняла ўвоз на сваю тэрыторыю сьвініны. З гэтай прычыны ўкраінскія чыноўнікі асьцерагаюцца, што аналягічныя санкцыі Беларусь увядзе і супраць Украіны. Аднак рэакцыя беларускага Міністэрства гандлю пакуль застаецца няпэўнай:

Намесьнік кіраўніка Ўправы зьнешняга гандлю міністэрства Віталь Грыцэвіч: «Якая нашая рэакцыя? Будзем выпраўляць сытуацыю. Якія санкцыі?! Пра што вы кажаце?! Пакуль на гэты момант больш я вам нічога сказаць не магу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG