Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любоў у ліфце


У Аляксандра Лукашэнкі дзіўная любоў зь Пятром Пракаповічам.

З боку Пракаповіча, можа, і ня дзіўная — ён адзін са старажылаў беларускай кіроўнай эліты. Будаўнік, які пры Лукашэнку стаў галоўным банкірам, нічым не прыкметны чыноўнік, які ня мае ніякіх выбітных дасягненьняў, атрымаў званьне Героя Беларусі. З боку Лукашэнкі асаблівае стаўленьне, магчыма, тлумачыцца тым, што Пракаповіч умее ня толькі бездакорна выконваць усе загады прэзыдэнта, але і ўгадваць ягоныя думкі, мысьліць сынхронна зь ім. Ці мае чыноўнік свае ўласныя думкі — невядома, прынамсі, публічна.

Цяперашняе прызначэньне Пятра Пракаповіча віцэ-прэм’ерам — гэта самае няўдалае кадравае рашэньне Лукашэнкі за апошнія гады. Справа ня ў тым, што ён дрэнны чыноўнік ці слабы мэнэджэр. У цяперашнім урадзе ўсе на адзін твар. Да таго ж у Беларусі ўрад тэхнічны. Ён не вызначае эканамічнай палітыкі, а ўсяго толькі выконвае задачы, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы.

Увесь прыкол у тым, што Пракаповіч прызначаны адказным за мадэрнізацыю прамысловасьці. А гэта ня толькі эканамічны, але і піяраўскі праект. Абвешчаная мадэрнізацыя стала ці не адзіным адказам уладаў (акрамя скарачэньня дзяржапарату) на выклікі стагнацыі ў эканоміцы. Бо рост валавога ўнутранага прадукту на 1,5% за 2012 год — гэта прыкмета рэцэсіі.

Таму важна, каб народ паверыў, што ва ўладаў ёсьць плян выхаду з таго няпростага становішча, у якім апынулася краіна. З гледзішча піяру слова «мадэрнізацыя» — даволі ўдалае. Яно нясе ў сабе пэўны пазытыўны зарад, абяцаньне пэрспэктывы. Гэты праект цяпер шмат рэклямуюць дзяржаўныя мэдыі. І каб атрымаўся прапагандысцкі эфэкт, мадэрнізацыю павінен узначаліць чалавек, які выглядаў бы сымбалем надзеі. Ва ўсялякім разе, ён не павінен быць абцяжараны нэгатыўным іміджам.

У гэтым сэнсе прызначэньне Пятра Пракаповіча віцэ-прэм’ерам выглядае як нонсэнс. Уся кур’ёзнасьць гэтага рашэньня нават ня ў тым, што за новы і, як кажуць дзяржаўныя мэдыі, пэрспэктыўны праект будзе адказваць сямідзесяцігадовы чыноўнік. Хоць аднаго гэтага дастаткова, каб зьбіць зь яго ўвесь прапагандысцкі флёр.

Усё значна горш. Постаць Пракаповіча ў беларускай публічнай прасторы знакавая і сымбалічная. Менавіта зь ім зьвязаны ў масавай сьвядомасьці развал фінансавага рынку ў 2011 годзе, бо ён у той час быў кіраўніком Нацбанку. Асоба Пракаповіча атаясамляецца з абуральным падманам, невыкананьнем клятвенных абяцаньняў, дэвальвацыяй і інфляцыяй, зьнікненьнем валюты ў абменьніках, спажывецкай панікай, падзеньнем рэальных заробкаў амаль удвая.

Тады энтузіясты-аматары нават стварылі ў інтэрнэце сайт «Prokopovi. ch», на якім вызначаўся рэальны абменны курс беларускага рубля і які фактычна выконваў частку функцый Нацбанку, нібы падкрэсьліваючы бездапаможнасьць і анэкдатычнасьць фігуры яго кіраўніка. Гэта быў агульнанацыянальны зьдзек.

Але маленькае шчасьце Аляксандра Лукашэнкі ў тым, што ён, як і Лідзія Ярмошына, не карыстаецца інтэрнэтам і нічога гэтага ня ведае, а калі і чуў, дык ня ў стане ацаніць. Ён жыве ў сваім уласным сьвеце, дзе валюту купляюць толькі багатыя.

Павышэньне Пятра Пракаповіча да віцэ-прэм’ера — гэта правал зь любога гледзішча. Па-першае, гэтае прызначэньне ўзмоцніць дэвальвацыйныя чаканьні людзей. Бо ўсе памятаюць, чым скончылася ягонае кіраваньне Нацбанкам. Па-другое, яно (як і прызначэньне Віктара Шэймана кіраўніком спраў прэзыдэнцкай адміністрацыі), — прыкмета кадравага тупіку. Адны і тыя ж фігуры рухаюцца па коле, тасуюцца, як старыя карты. Гэта азначае, што сацыяльныя ліфты спыніліся, у краіне ня толькі эканамічны, але і кадравы застой.

Ліфт спыніўся паміж паверхамі, і няма каму адказваць на званкі аб дапамозе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG