Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску разьвіталіся зь Міхасём Чарняўскім


У Менску прайшло разьвітаньне зь вядомым гісторыкам, археолягам і грамадзкім дзеячам Міхасём Чарняўскім, які памёр у нядзелю 20 студзеня на 75-м годзе жыцьця. Правесьці ў апошні шлях Міхася Чарняўскага прыйшлі вядомыя літаратары, навукоўцы і грамадзкія дзеячы.

Труна Міхася Чарняўскага патанала ў жывых кветках, жалобная заля была перапоўненая людзьмі: разьвітацца з настаўнікам, паплечнікам і сябрам прыйшлі дзясяткі людзей, хто падзяляў ягоныя ідэі і жыцьцёвую пазыцыю — змаганьне за нацыянальныя каштоўнасьці, вольную і незалежную Беларусь. Міхась Чарняўскі сваім жыцьцём і дзейнасьцю распачаў гэтае змаганьне яшчэ ў савецкія часы, падкрэсьліў у сваёй прамове навуковец і палітык Валянцін Голубеў:

«Мы разьвітваемся з героем Беларусі. Я ня ведаю на сёньняшні дзень іншага чалавека, які б столькі змагаўся ад пачатку, змагаўся сьмела, цярпеў, але ня быў ворагам Беларусі нават у тыя складаныя часы. Міхась сапраўды герой — добры, разумны — душа баліць, але мы павінны ганарыцца, што мы беларусы і што сярод нас ёсьць такія беларусы».

Міхась Чарняўскі стаяў і ля вытокаў новага адраджэньня Беларусі канца 80-х гадоў: быў адным з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту, Таварыства беларускай мовы, сацыял-дэмакратычнай «Грамады». Праводзіў ня толькі археалягічныя раскопкі і навуковыя дасьледаваньні, але і ўдзельнічаў у першых масавых мітынгах і выступленьнях і падтрымліваў іх, сказаў у сваёй прамове палітык і паэт Уладзімер Някляеў:

«Пасьля першага мітынгу, паходу на Курапаты, я напісаў верш:

Упершыню, маўкліва сьцяўшы рот,
З натоўпу глянуў люд, амаль народ.

Міхась патэлефанаваў мне і сказаў, што гэтага ў нас будзе ўсё больш і больш. І чамусьці папрасіў, каб я ў гэта верыў. Ён у гэта верыў і сваёй верай запальваў іншых людзей. Дык вось тое, што люду, народу ў натоўпе ўсё болей і болей, — несумненная заслуга гэтага чалавека».
Мы разьвітваемся з героем Беларусі
Валянцін Голубеў

Каб ускласьці кветкі да труны Міхася Чарняўскага, людзі стаялі ў чарзе. Некаторыя трымалі ў руках нацыянальныя сьцягі. Бел-чырвона-белы сьцяг быў прымацаваны і да вечка труны. Словы разьвітаньня зь Міхасём Чарняўскім прамовілі таксама Ўладзімер Арлоў, Алег Трусаў. Сяргей Папкоў зачытаў разьвітальнае слова Зянона Пазьняка. Паэт Алесь Разанаў назваў Міхася Чарняўскага вечным вандроўнікам, які наноў адкрываў і здабываў для беларусаў сапраўдную Беларусь:

«У гэтай залі, у гэтай прасторы гаворыць велічыня, большая за ўсе словы: гаворыць маўчаньне. Але яно не нямое: яно поўнае галасамі, яно поўнае постацямі, яно поўнае сьвятлом, яно поўнае зьявай, якая называецца Міхась Чарняўскі».

Міхась Чарняўскі шмат працаваў з моладзьдзю і для моладзі. І адметна, што сярод людзей, якія прыйшлі зь ім разьвітацца, было шмат маладых людзей — былых студэнтаў і грамадзкіх актывістаў.

Зьміцер Хведарук: «Я сустракаўся зь Міхасём Чарняўскім толькі аднойчы — ён быў госьцем у „Літвінскім клюбе“, дзе распавядаў пра сваё цікавае і нялёгкае жыцьцё. І, пэўна, быў рады бачыць поўную залю маладзёнаў, якія з захапленьнем слухалі, як у любых умовах чалавек застаецца чалавекам, патрыётам, верыць у лепшую будучыню сваю і іншых людзей».

Алесь Мазанік: «Дзякуючы спадару Чарняўскаму асабіста я і дзясяткі іншых маладых людзей сталі сьвядомымі беларусамі. І ён заўсёды казаў, што „мае кнігі — як кулі“: яны не павінны ляжаць у шафе, а павінны страляць. Ён сапраўды гэта рабіў і робіць. І ягоныя кнігі, ягоныя археалягічныя раскопкі яшчэ доўга будуць страляць у сэрцы і душы людзей. І калісьці, я веру, імем Міхася Чарняўскага будуць названыя вуліцы і яму будуць стаяць помнікі».

На разьвітаньне прысутныя прасьпявалі малітоўны гімн «Магутны Божа».

Пахавалі Міхася Чарняўскага на радзіме, у вёсцы Круці Мядзельскага раёну.

Пайшоў з жыцьця Міхась Чарняўскі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:07:29 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG