Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусаў мяжа корміць


Сяргей Астравец, Горадня

Як абернесься, дык зірнеш у папярэдняе стагодзьдзе: Беларусь дзялілі як пірог — то ў адной жывеш краіне, то ў другой, то нават, прачнуўшыся нараніцу, апынаесься ў трэцяй. Праўда, беларусу больш даспадобы бадай параўнаньне зь дзяльбой кабанчыка: табе сьцягно, табе галёнку. І галавізну можна падзяліць таксама — камусьці шчакавіну, іншаму — вушы, а вам лыч.

Мой добры знаёмы нарадзіўся ў 1930-я гады побач з польска-савецкай мяжой, што, як вядома, падзяляла Беларусь прыблізна напалам. Ягоны дзядзька зямлю абрабляў нядбайна, гаспадаркай асабліва не займаўся, але грошы меў. Ён почасту зьнікаў з хаты немаведама куды. Толькі потым расказаў дзядзька, што быў на службе, працуючы, так бы мовіць, дзяржаўным кантрабандыстам. На савецкую тэрыторыю ён дастаўляў розны дэфіцыт — жаночыя панчохі, парфуму ды іншае, а назад — падпольную літаратуру, газэты, улёткі, нібыта друкаваныя ў Вільні і Беластоку, а насамрэч у Менску. Усё — капэзэбоўскае.

Яму някепска плацілі й нават дазвалялі купляць харчы ў славутым тады “Торгсине”, што расшыфроўвалася як “торговля с иностранцами”. У пазьнейшыя часы іх замянілі валютныя крамы, якія называліся “Бярозкамі”, але ў “Бярозкі” дзеду ўжо доступу не было. Падпольнай прэсы ніхто больш не даручаў дастаўляць, саму КПЗБ даўно забаранілі, як арганізацыю нібыта “шпіёнаў дэфэнзывы”, а нелегальны пераход мяжы сталі караць як самае небясьпечнае дзяржаўнае злачынства.

Сваяк быў някепскім чалавекам. Мой знаёмы назаўжды запомніў смак “торгсінаўскіх” цукерак, якімі яго частаваў дзядзька. А цукеркі хлопчыку даводзілася каштаваць рэдка. Хіба што раз на год — на “Мікалайкі”, напачатку сьнежня, прывязе кожнаму дзіцяці даруначак ксёндз, які абыходзіў уздоўж мяжы самотныя хутары, што патаналі ў сумётах.

Дзядзька за чаркай выказваў сымпатыі да рабоча-сялянскай беларускай рэспублікі. Гаварыў: калі прыйдуць чырвонаармейцы ды народная ўлада, усяго стане пад дастаткам, як у тым “Торгсине”. Калі вызваляць ад паноў і падпанкаў, як сказаў якісьці паэт. Але ж потым надта кпілі зь яго аднавяскоўцы, калі ўсё здарылася ў 1939-м: ну што, Мацей, вызвалілі нас ад хлеба і каўбасы? Вядома, што новая ўлада рэквізівала харчовыя запасы, каб вывезьці на “вялікую зямлю” ў паўгалодныя “пралетарскія цэнтры”. Дый вялізную армію чырвоную карміць прымусілі. Так што гэтыя “торгсінаўскія” цукерачкі сталіся тым славэтным бясплатным сырам у пастцы для мышэй.

Даўным-даўно памёр дзядзька Мацей, але справа ягоная не памірае. Нават, трэба, сказаць, што яна ў сёньняшнія дні набывае новыя, адметныя рысы і нечаканыя маштабы. Карацей, разьвіваецца і ўдасканальваецца. Кантрабанда ў сваім чыстым выглядзе, зрэшты, цяпер ня самая ўражлівая рэч. Так, працягваюць хаваць на сабе ў цэляфанавых пакетах сьпірт даражэнькія беларусы, а часьцей беларускі, скочам прымацоўваюць на руках і нагах цыгарэтныя пачкі. Колькі разоў мне даводзілася назіраць гэта асабіста! Нават пракладаюць падпольныя сьпіртаправоды на літоўскую тэрыторыю з плястыкавых трубаў. Спрабуюць па Нёмне сплаўляць за мяжу “вогненную ваду” ў плястыкавых бутлях. Робяць у сваіх аўтамабілях схаваныя ёмістасьці для алькаголю.

Працягваюцца і традыцыі перакідкі “жывога тавару”. Праўда, супольнікі дзядзькі Мацея звычайна пераводзілі з захаду на ўсход падпольшчыкаў, рэвалюцыянэраў, рамантыкаў. Большасьць зьнікала ў кіпцюрох ГПУ, у ГУЛАГу. З сацыялістычнага раю ў буржуйскае пекла мала хто наважваўся ўцячы. Дый кантрабандысты самі працавалі на тое ГПУ...

Сёньня, наадварот, масава ўцякаюць на Захад. Але ня самі беларусы, а жыхары азіяцкіх краінаў з дапамогай беларусаў. Бывае, у аўтобусах і аўтафурах робяць хованкі для нелегалаў, а часам — падкоп пад калючым дротам. Хаця часьцей уцекачы імкнуцца перасячы гэтак званую “зялёную мяжу” зь Літвой, якая не апярэзаная драцянымі агароджамі. Менавіта “зялёнай” называлася калісьці й савецка-польская мяжа, на якой працаваў дзядзька Мацей.

Зь ягоных часоў нямала зьменаў адбылося ў паняцьці “мяжа корміць”. Падпольна вязуць цяпер царкоўныя абразы, атрутныя хімікаты, шынкі й каўбасы. І спосабы пераадоленьня мяжы зьмяняюцца. Нядаўна выпадкова знайшлі прыватны спартовы самалёцік, які пацярпеў аварыю. У лесе ня вельмі далёка ад літоўскай мяжы. Усе загінулі. Быў я там, бачыў абгарэлы самалёт. Сьледзтва не закончанае, але існуюць вэрсіі, што паветрам маглі перавозіць празь мяжу наркотыкі й нелегалаў. Так што справа кантрабандная сёньня робіцца небясьпечнай для жыцьця.

Можна было бы тут і кропку паставіць. Але варта ўсё ж да гэтага расповеду дадаць, як зь мяжы корміцца цяперашняя ўлада. Ейныя апэтыты ня сьніліся нікому з ранейшых кантрабандыстаў. І гэтыя апэтыты і спосабы іхнага залагоджаньня таксама зьмяняюцца. Яшчэ нядаўна прыганяла начальства эшалёнамі замежны безакцызны сьпірытус, арыштоўвала фуры з чужым чэскім півам, галяндзкімі кветкамі і нямецкімі шынкамі. Але тульпаны хутка чэзнуць, шынкі пачынаюць псавацца, алькаголь жа хутка сканчаецца.

Ці ня самым выгадным бізнэсам цяпер стала канфіскацыя заходніх аўтамабіляў, шыкоўных і дарагіх, само сабой. Аднойчы апынуўся я на сходзе мытнікаў, калі яны “бабкі падбівалі”. Прамоўца задаволена паведамляе: мы цяпер удвая больш машын арыштавалі, чымсьці летась, добра працуем! А яны сядзяць з штодзённымі тварамі, быццам на мяжы торбы правяраюць. Мабыць, каб не сурочыць. Прафэсія такая: хаваць эмоцыі, не зьмяняючы службовых абліччаў. Небясьпечная прафэсія, нібы ў кантрабандыстаў.

Мытнікаў таксама часьцяком хапаюць за прагную руку. Калі толькі яна не ў дзяржаўную кішэню кладзе. А за “аўтамабільны фронт” толькі зоркі раздаюць: 250 разоў са здабычай за апошні год! Хіба што цяпер кожны дзень па машыне адбіраць будуць, забясьпечваючы ўладу бясплатным аўтатранспартам. Што там тыя бутэлькі са сьпірытусам, што там пудра і памада ад дзядзькі Мацея! Мяжа сёньня корміць ня толькі асобнага кантрабандыста, а корміць самую дзяржаву беларускую. І корміць ад пуза! Да ікаўкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG