Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы ў Варшаву езьдзяць


Алег Дашкевіч, Менск

Пры канцы семідзясятых, калі да нас прыехаў сваяк з Варшавы, звычайны польскі беларус студэнт Лешак, — гэта была падзея для ўсёй нашай менскай Новай вуліцы. Калі Лешак лаяў сваю ўладу і распавядаў пра пустыя паліцы варшаўскіх крамаў — час быў акурат напярэдадні “Салідарнасьці”, — нашыя жанчыны насьцярожана круцілі галовамі па бакох.

Празь нейкі час мой дзядзька Міша вёз з коптурам напханыя торбы зь сьвежыной у Варшаву і хваляваўся пры праверках пашпартоў на перасячэньні мяжы так, што савецкія мытнікі з памежнікамі зьвярнулі ўвагу на яго спатнелы, напружаны твар ды прымусілі распакаваць усе торбы. Калі ж пабачылі сьвежыну, усё зразумелі й заўхмыляліся. Дзядзька ўпершыню выяжджаў за межы Беларусі й СССР.

Я ж чакаў свайго візыту ў Варшаву ажно да сярэдзіны дзевяностых, калі мы разам з дырэктарам адной са шматлікіх тады незалежных тэлекампаніяў выправіліся ўсталёўваць сувязі з Тэлевізіяй Польскай. Дырэктар, які перад адпраўленьнем цягніка дазнаўся, што прайграў выбары ў Вярхоўны Савет, у скрушным настроі дастаў з кайстры літар швэдзкага “Абсалюту”. За душэўнай гамонкаю пад грукат колаў “Абсалют” прайшоў у нашыя, адасобленыя ад менскіх напружлівых рэаліяў, арганізмы абсалютна незаўважна. Да мяжы там жа апынулася і захопленая мной у дарогу айчынная “Белая Русь”.

“Коняў на пераправе не мяняюць.” Мы забыліся на гэтае кананічнае правіла ды безадказна зьмянілі фармат напою, перайшоўшы з гарэлкі на піва. Такі крок меў радыкальныя наступствы. Калі на мяжы ў купэ ўвайшоў беларускі мытнік і, паклаўшы на столік дэклярацыі, прапанаваў іх запоўніць, сілы пакінулі нас. Дырэктар шчыра прызнаўся, што хоча спаць, я ж, няроўна вывеўшы нашыя прозьвішчы на блянках, таксама канстатаваў поўную паразу ў змаганьні зь піўнымі дрожджамі.

Некалькі сэкундаў трывала напружаная паўза, падчас якое мытнік сьвідраваў нас вачыма і выкручваў у асаблівы спосаб свае вусы-гусарыкі. Пасьля, злосна плюнуўшы, узяўся запаўняць дэклярацыі сам, бо гэта ўсё ж быў не савецкі, а беларускі мытнік. Калі яго калега з вырачанымі ад зьдзіўленьня вачыма спытаў: што ты робіш, той скрозь зубы працадзіў: “Напіліся, боўдзілы…”

Польскія памежныя службы турбаваць нас палічылі ня дужа для сябе патрэбным.

Наступнага ранку Варшава паўстала перад намі шэрымі і змрочнымі, як наш настрой, пераходамі станцыі Варшава-Заходняя, куды мы прыбылі, не пасьпеўшы своечасова выйсьці зь цягніка на “Варшаве-Цэнтральнай”. Далей чакала большае выпрабаваньне. Густа паліўшы нейкім соўсам пададзеную страву з рысам у прагным чаканьні куфля піва за сталом невялічкага віетнамскага рэстаранчыку, я зрабіў непапраўную памылку і машынальна праглынуў лыжку тае стравы, піва не дачакаўшы. Хто ж ведаў тую падступную варшаўска-віетнамскую кухню! Далей, як той казаў, наступіў чысьцец.

Соўс распаленымі абцугамі схапіў мяне за горла, з вачэй пасыпаліся сьлёзы, усё навокал паплыло. Я плакаў, плакаў настолькі ўражліва і пранізьліва, што скрозь сьлёзную заслону лавіў на сабе спачувальныя позіркі варшаўскіх абываталяў, аж пакуль не прынесьлі піва.

На Тэлевізіі Польскай патрэбнага нам шэф-рэдактара, як на зло, не было. Мы доўга і экпрэсіўна тлумачылі асыстэнту каштоўнасьць прывезенага зь “Міньска Белоруськего” сюжэту. Асыстэнт пазіраў на нас падазрона-разгублена, але касэту прыняў, і мы сышлі ў гатэль даглядаць начныя сны.

Сюжэт зь незабыўным выказваньнем першага прэзыдэнта беларускай дзяржавы пра нямецкі парадак прайшоў ледзь ня першай навіной, ды яшчэ быў паўтораны на заўтра. На наступны дзень пры сустрэчы шэф-рэдактар, задорна глянуўшы на нас паверх модных акуляраў, запытаў:

— Панове вчорай былі бардзо стамлёны?

— Так, так, — захіталі мы галовамі, — мяжа, ноч бяз сну, самі разумееце.

— Разумем, разумем панове, — пасьміхаючыся, пагаджаўся рэдактар.

Спраўныя кантакты былі ўсталяваныя.

Увечары, разважаючы, дзе б можна было добра павячэраць, мой спадарожнік прапанаваў модную кітайскую рэстарацыю на Алеях Ерузалімскіх. Трымаючы ў памяці віетнамскую кухню, мяне апанаваў моцны сумнеў, але дырэктар запэўніў, што сюрпрызаў ня будзе. Сюрпрызаў напраўду не было.

Па дарозе ў рэстарацыю я ўяўляў маленькія ліхтарыкі пры ўваходзе, дробных і спрытных кітайскіх афіцыянтак, пераліўную азіяцкую музычку. Але... двухмэтровы паляк з манерамі пінскае шляхты ды падведзенымі вейкамі, каб вочы здаваліся вузейшымі, у нейкім жудасным убраньні, расшытым залатымі цмокамі, быў адзіным элемэнтам, які мусіў увасабляць сабой Паднябёсную.

Яшчэ далося ў знакі нешта, што называлася кітайскай рысавай гарэлкай, горшай, напэўна, магла бы быць толькі рысавая гарэлка віетнамская. А таксама запомнілася пачуцьцё шалёнае няёмкасьці, калі пры выхадзе з рэстарацыі ўпершыню ў жыцьці я даваў гасьцінца пажыламу швайцару-паляку. Савецкае выхаваньне трымала мяне за горла, не раўнуючы, як той пякельны соўс.

Землякоў за мяжой лёс сутыкае часта. Мінаючы нейкае варшаўскае казыно, мы адначасова заўважылі знаёмага беларускага барда й мэнэстрэля. Мэнэстрэль, зь сіняй гітарай за плячыма, кружляў вакол уваходу ў казыно, як Віні-Пух, час ад часу зазіраючы ў рэклямную афішу. Рэкляма казыно запрашала на тайляндзкі стрыптыз, але прагнаму жаданьню барда перашкаджала нястача грошай. У ягоных вачох было столькі агню, што мы пачалі лічыць астатнія “злотувкі”. Грошай хапіла акурат на квіток.

— Слухай, — нечакана прамовіў дасьведчаны ў замежных падарожжах дырэктар, — ну на квіток табе назьбіралі, а за майткі ім ты што соваць зьбіраесься — гітару?

Аргумэнт быў убойны, бард панік галавой і заміж тайскага стрыптызу разам з намі пасунуўся ў айрыш-паб. Увесь выгляд мэнэстрэля гаварыў пра сум страчанае надзеі.

Другі раз гэты варшаўскі айрыш-паб я наведаў праз паўгоду, калі быў у Варшаве на мэдыйным сэмінары. З стваральнікам гурту “Юр’я” Юрам Выдронкам мы дамовіліся разам паслухаць там жывую музыку — джаз-фольк-этна. Марозны надвячорак вывеў мне насустрач прыяцеля, студэнта Каталіцкага ўнівэрсытэту Алеся. Студэнт шукаў сабе занятка, чакаючы цягнік на Люблін. Прапанова зайсьці на “джаз-фольк-этна” крыху напружыла слухача тэалягічных лекцыяў, але надвор’е не пакідала іншага варыянту.

— Ну, хіба што крыху сагрэцца, — нясьмела пагадзіўся студэнт і сьледам за мной ступіў на парог, дзе пачыналася цяпло.

Хутка падышоў Выдронак, трошкі пазьней да нас далучылася сымпатычная польская пара, а пасьля выйшлі музыкі й далі такога джазу-фольку і этна, што празь якую гадзіну магчымы будучы ксёндз, расплёскваючы з куфля піва, абняўшыся з астатнімі, гарлаў на ўсю моц незабыўную “Yellow submarine”.

У гэты й наступныя пару дзён цягнікі да Любліну ішлі безь беларускага кандыдата ў клірыкі. Алесь быў прывезены і пакладзены спаць на самую шырокую канапу нашай рэзыдэнцыі ў Садах Жалібоскіх. Гаспадар канапы Ўладзя, па мянушцы Ліцьвін, ужо ціха соп, адвернуты да сьцяны.

Мы былі вельмі ўражаныя, калі празь нейкі час у нашую кватэру ўвалілася грамада беларускіх анархістаў зь іх польскімі калегамі, якіх прывёў у госьці са студэнцкага фэсту той самы Ліцьвін.

— Слухай, а хто ж гэта на тваёй канапе сапе? — асьцярожна запытаў ва Ўладзі Юра Выдронак.

— Ды гэта Данута, анархістка з Гданьску, — азваўся Ліцьвін.

— А-а-а… — аднагалосна працягнулі мы з Выдронкам.

Наступнага ранку расплюшчыўшы вочы, Алесь і Данута пільна вывучалі адно аднаго. Што кожны зь іх думаў у гэты момант, засталося таямніцай. Нарэшце, паправіўшы магутныя формы, анархістка Данута са словамі “О Матка Боска” зьлезла з ложку. Алесь жа, зьлёгку пачырванеўшы, блукаў позіркам па пакоі, вышукваючы хоць бы адзін знаёмы твар.

— Але, пане ксёнжэ, тэраз еднэ выйсьце — шлюб, — рагаталі анархісты.

Шлюбам справа і скончылася, праўда ўладальнікам раскошных формаў Дануты стаў гады праз два Ўладзя Ліцьвін. Алесь жа пасьпяхова закончыў сваё навучаньне, хоць ксяндзом і не зрабіўся. Усе яны дагэтуль слухаюць варшаўскія мэлёдыі.

На любай бацькаўшчыне ўжо каторы год бракуе і джазу, і фольку, і этна, таму дарога да Варшавы для беларусаў — як паход на добры канцэрт. Але ж, па вялікім рахунку, канцэртам мусіць быць дарога дадому. Калісьці так будзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG