Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы самі зь сябе пацьвельваюцца


Пятро Васючэнка, Менск

“Беларус — вялікі аматар пажартаваць над суседам, але яшчэ больш над самім сабой. Ён назіральны і таму падмячае тыповыя рысы характару людзей”, — гэтую звычку суайчыньнікаў заўважыў Уладзімер Караткевіч. Показка ад Караткевіча: “Ішоў селянін лесам і ўбачыў, што маланкі нешта б’юць зь неба толькі ў адзін корч. Падышоў, прыгледзеўся, аж гэта Бог ваюе з чортам і нічога яму ня можа зрабіць. Пальне, а той высунецца, і ў неба — дулю. Мужык вырашыў памагчы. Зарадзіў стрэльбу срэбнай, на нячысьціка, куляй і забіў чорта на месцы. Тут зь неба голас: “Бэндзеш сьвенты”. Бедалага аж за галаву схапіўся: “Бож-жа ж мой, і там палякі!”

“Беларус, дзе трэба, крэпкім словам, што бізуном, дасьць...” — казаў пра наш нораў Максім Гарэцкі. Але рэдка беларусы той бізун уздымаюць. Пра сваіх суседзяў — палякаў, расейцаў, украінцаў, жыдоў, цыганоў кажуць найчасьцей жартам. Пацьвельваюцца. Пацьвельваньне — мяккая, гуманная, ачышчальная тэрапія сьмехам. Беларус не жадае ліха сваім суседзям, калі пацьвельваецца зь іх. Нехта можа й пакрыўдзіцца на іх нязлосныя показкі. Але апраўдвае беларусаў тое, як казаў Караткевіч, што найболей ахвотна й дасьціпна яны пацьвельваюцца з саміх сябе.

Самыя крыўдныя показкі беларусы склалі пра сябе. Пра беларуса, які некалькі разоў жывым выходзіць з газавай камэры. Пра беларуса, які сядзіць на цьвіку й мроіць: “А можа, гэтак і трэба?” Пра беларуса, якога нейкія шылахвосты разбулі ў Вільні на мосьце.

Пра беларуса і вядро памыяў таксама беларусы склалі. “Ідзе ўночы беларус па цёмнай вулцы, а яму на галаву нехта — вядро памыяў. Беларус абтрос з вушэй бульбяныя лушпайкі, паківаў галавой і кажа: “Ай-я-яй! Што робяць! А калі б гэта чалавек ішоў?”

Беларус як быццам бы ўзьняў бізун на самога сябе. Што ж гэта за нацыянальны садамазахізм? Адкудь жа такая нянавісьць да самога сябе? А ці нянавісьць?

Практыка пацьвельваньня — гэта памахваньне, ківаньне, гульня бізуном. Удару няма. Шкадуючы іншых, няўжо беларус будзе сьцябаць самога сябе? У сьвеце не існуе народу, пра які не складаліся б показкі, зь якіх не пацьвельваліся б. Толькі з дужа сур’ёзных народаў не пацьвельваюцца.

Менш закамплексаваныя народы нават самі пра сябе складаюць показкі — габрэі, шатляндцы, габраўцы, якія ўсяму сьвету распавялі пра сваю сквапнасьць. Армяне самі прыдумалі сваё армянскае радыё. Дыму без агня не бывае, і народы бяз комплексаў імкнуцца схаваць свае яўныя і ўяўныя заганы праз самапацьвельваньне. Бо сьмех мае ўласьцівасьці памяншальнага шкла.

— А за Гомлем людзі ё? — пытаецца адзін беларус у другога.

— Ё. Толькі маленькіё, — адгукаецца другі.

У сьвятле сьмеху мізарнеюць ня толькі рэчы, але й сур’ёзныя заганы. Якія якасьці беларусы самі ў сабе высьмейваюць? Тыя, што нам прыпісваюць. Правінцыялізм, вясковасьць, ксэнафобію, звышцярплівасьць, звышпамяркоўнасьць, здрадлівасьць.

Возьмем апошнюю. Адна мая добрая маскоўская знаёмая ўсё ў мяне дапытвалася, чаму ў Беларусі так шмат было здраднікаў. Я мог бы ёй у адказ прачытаць свой трактат “Наша здрада”, друкаваны ў “Фрагмэнтах”. Мог бы параіць прачытаць быкаўскага “Сотнікава”. Але прыгадалася некалькі показак, складзеных самімі беларусамі. Прыкладам: “Адзін беларус — партызан. Два беларусы — партызанскі атрад. Тры беларусы — партызанскі атрад на чале са здраднікам, які ўсіх здасьць”. Знаёмая пасьмяялася і больш пытаньняў не задавала.

Самапацьвельваньне беларусаў — папераджальны захад супраць нянавісьці. Мы сьмяемся з тых міталягемаў, якімі нас надзяляюць, і прымушаем іншых сьмяяцца, а не ненавідзець. Пацьвельваньне хавае ад чужога вока ўласную няёмкасьць. Сорам ператвараецца ў браваду.

У дзевятнаццатым стагодзьдзі невядомы аўтар склаў вершаванае апавяданьне “Тэатар”, герой якога, безыменны селянін, у самаіранічных фарбах распавёў пра сустрэчу з Мэльпамэнай. Ён выгодна прадаў дровы, купіў жонцы хустку, сыну штаны, сабе тытуню і вырашыў павесяліцца. Убіўся ў тэатар, купіў квіт, залез на галёрку, зьняў лапці, анучы і разьвесіў сушыцца. Яму здавалася, што прыгожая, хаця й худаватая актрыса глядзіць толькі на яго. Калі грымнулі аплядысмэнты і на сцэну пасыпаліся кветкі, герой шпурнуў на сцэну сваю ахвяру — люльку з гарачым пяплом, пасьля паспрабаваў кінуць лапаць, але яго схапілі падпахі паліцыянты. У кутузцы герою спадабалася яшчэ больш, бо яму выдалі тры хвунты белага хлеба, якога ён ніколі ў жыцьці не каштаваў. Потым ён гэтым хлебам частаваў у вёсцы дзевак.

Наіўнасьць героя, ясна, удаваная. Ён як бы запрашае: ну, ведама, мужык — дурны, як варона, дык сьмейцеся, шаноўныя, абы пасьля ня плакалі.

Самапацьвельваньне для беларуса — панцыр, у які ён хавае свае комплексы і таямніцы. Купалаўскае самапрыбядненьне “А беларусы ж нічога ня маюць” з гэтага ж кантэксту. Вораг, які сьмяецца, ужо ня вораг, а амаль сябар.

Пацьвельваньне — інтэлектуальная тэхніка, гульня шкляных пацеркаў, рызыкоўная, але вартая перайманьня, высокае майстэрства, вынаходлівая містыфікацыя. Шэдэўры нашага пісьменства — “Прамова Мялешкі”, “Ліст да Абуховіча”, “Энэіда навыварат”, “Тарас на Парнасе”, “Панскае ігрышча” — сьведчаць пра тое, што беларусы валодалі гэтай тэхнікай здаўна.

Уладзімер Караткевіч, цытатай зь якога пачынаўся гэты эсэй, быў магістрам гульні ў пацьвельваньне. Вызіраў з-за сьпіны блазнаватых сваіх герояў, вылівахаў ды братчыкаў, маляваў карыкатурныя аўтапартрэты ды раздаваў іх сябрам, кпіў з уласнага прозьвішча і з продкаў, намякаючы на штось фрывольнае. Вось так вось: пацьвельваўся, пацьвельваўся дый зьнік у неабсяжнасьці. Або ў несьмяротнасьці?

Сур’ёзным, вялікім і закамплексаваным на сваёй вялікасьці народам ёсьць чаму ў беларусаў павучыцца. То ж бо ад сьмешнага да вялікага таксама адзін крок.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG