Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы галасаваць ходзяць


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

На пачатку сямідзесятых, змрочным лютаўскім ранкам, я мусіў першы раз у жыцьці аддаць свой голас за непарушны блёк камуністаў і беспартыйных. Яшчэ напярэдадні заявіў бацькам, што галасаваць не пайду, бо на выбарах няма альтэрнатывы, бацька з тае нагоды пачаў лаяцца, казаць, што я наслухаўся варожых “галасоў”, што жыву на ўсім гатовым і сваімі паводзінамі ганю яго, сумленнага камуніста, а маці, падсеўшы на ложак, плаксівым голасам выдыхнула: “Віця, ну адчапіся ты ад гаўна...” За гаўно маці, відавочна, уважала савецкую ўладу.

Наступным ранкам, аб адзінаццатай гадзіне, у кватэру настойліва пазванілі. “У вас тут інвалід жыве?” — гукнулі з расчыненых дзьвярэй, і не пасьпела маці штосьці адказаць, як у пакой зазірнула кабета ва ўзьбітай набакір махеравай шапцы і з чырвонаю скрыняй пад пахай. Я яшчэ ляжаў у ложку, а таму спалохана нацягнуў коўдру да падбародзьдзя. “Вось тут расьпішыцеся, — прамармытала цётухна, кінуўшы на коўдру жмутак паперын, і, зьвяртаючыся да маці, зморана выдыхнула: Тры чалавекі яшчэ не прагаласавалі”.

Што і казаць: ідэальны быў час для выбараў. Ужо аб адзінаццатай гадзіне колькасьць тых, хто прагаласаваў, сягала славутых 99,9 адсоткаў. Электарат, заўважым, бег на выбары ня толькі, каб “адчапіцца ад гаўна” — яно й вядома — тыя, хто не хадзіў на выбары, адразу ж патраплялі ў чорныя сьпісы, — але й з мэркантыльных памкненьняў: у абсталяваных пры выбарчых участках буфэтах ад самага раньня прадавалі памаранчы ды ўлагоджвалі мужчынскую частку электарату бачкавым півам. І поруч з патрыятычнымі песьнямі кампазытара Серафіма Тулікава, якія поўнілі прастору, зь піўных ды памаранчавых чэргаў раз-пораз вырываліся на прасьцяг здушаныя воклікі: “Куды лезеш, к-казёл!” ды “Ганіце вунь тую даўганосую, яна зь іншага ўчастку!”

Адна дзясятая адсотка ўсё ж такі на выбары не хадзіла. Хто былі гэтыя героі, гэтыя кволыя целам, але моцныя духам Давіды, што кінулі выклік камуна-электаральнаму Галіяфу? Усіх не назаву, а аднаго згадаю. Гэта студэнт Шыёнак з Наваполацкага політэхнічнага інстытуту. Згаданай парою, ранай раніцы, яго, як і іншых насельнікаў студэнцкага інтэрнату, абудзіў грукат у дзьверы і лямант камэндантшы: “Уставайце на выбары!” Зь цяжкасьцю прадзёршы вочы, Шыёнак, зь якім мы вучыліся ў паралельных групах, рушыў на выбарчы ўчастак. Небараку даймала пахмельле, а таму напачатку ён вырашыў глынуць “жыгулёўскага”. Пасьля першага кухля прыйшла чарга другога, потым трэцяга... Урэшце, ужо па абедзе, сакурсьнікі вынесьлі апівуду з участку, занесьлі ў інтэрнацкі пакой і паклалі ў ложак.

Праз пару гадзінаў у пакой гамузам убіліся прадстаўнікі выбарчай камісіі. Напачатку яны ўзрадваліся, але, унюхаўшы густы пах мачы і збружэлага піва й пабачыўшы разьлеглую лужыну пад ложкам, уздыхнулі й асуджана апусьцілі выбарчую скрыню, якую трымалі на выцягнутых руках. “Выгнать из общежития!” — скалануў пашарпаныя сьцены пагрозьлівы голас, але студэнт Шыёнак таго не пачуў. Прадзьмуўшы навылёт ліхенькі інтэрнатаўскі сяньнік, ён шчасна пасьміхаўся ў сьне, відаць, ад адчуваньня, што ў графе прагаласаваўшых заўсёды будзе 99 з капейкамі, і ніколі ня будзе ста.

Згадваеш тыя часіны і шчыра шкадуеш сяброў выбарчых камісіяў. Колькі ім было турботы: знайдзі ўсіх тых, што не прыйшлі галасаваць, уторкні ў абмяклыя пальцы асадку, пакажы, захінаючыся ад перагарнага духу, дзе расьпісацца... Іншая справа — навачасныя выбарчыя тэхналёгіі. Колькі гадоў таму ладзілі выбары ў Наваполацкі гарсавет і добрая палова насельнікаў усё таго ж студэнцкага інтэрнату іх праігнаравала. Што зрабіла камісія? Павыкрэсьлівала са сьпісу выбарцаў столькі, колькі трэба, і выбары, такім чынам, адбыліся. Мясцовы пракурор, што праўда, усчаў з гэтай нагоды крымінальную справу, выклікаў на допыт старшыню камісіі, ды неўзабаве, зь невядомых прычынаў, вымушаны быў справу прыпыніць, а потым і разьвітацца з пасадаю.

Пытаньне: як беларусы на выбары ходзяць? — у неабазнанай аўдыторыі можа выклікаць непаразуменьне. “Ну як?.. — прагугнявіць які неабазнаны таварыш, — устаюць, п’юць гарбату, ідуць на ўчастак... усё астатняе, як у іншых народаў”. Так, ды не зусім. Па-першае, галасуюць беларусы не ў адзін дзень, як гэта прынята на тым жа Захадзе, а цэлы тыдзень. І на выбарчыя ўчасткі, прынамсі, у Наваполацку, многія ня ходзяць: іх цэнтралізавана падвозяць на аўтобусах непасрэдна ад месца працы. Зрэшты, нават пры такім варыянце, колькасьці тых, хто прагаласаваў, часьцяком бракуе, і сытуацыя выпраўляецца за гадзіну-другую да заканчэньня выбараў, калі ападае цемра і на золкіх вуліцах запаляюцца цьмяныя ліхтары. Толькі тады электарат і ажывае, прынамсі, менавіта гэтым часам у пратаколах зьяўляюцца патрэбныя лічбы. Нячэсныя журналісты на прэсавай канфэрэнцыі просяць даць тлумачэньне такому фэномэну, і мужападобная кабета мужным голасам тлумачыць недарэкам, што нашыя людзі ад ранку едуць на садова-агародныя дзялянкі, а да выбарчых скрыняў ідуць зваротнай дарогай.

Такім чынам, у дзень выбараў навачасныя беларусы прачынаюцца і, ня піўшы гарбаты, бо бракуе часу, бягуць на электрычку. Убіўшыся ў яе, яны едуць на свае загарадныя лецішчы, капаюць там бульбу, тузаюць моркаў; адвячоркам, падхапіўшы мяхі з бульбаю і мярэжы з капустаю, зноў пнуцца на электрычку, а па дарозе дахаты гамузам ідуць галасаваць. І трэба бачыць гэтых змораных, але прыгожых у кожным сваім руху людзей, якія, зь цяжкімі клункамі ў руках і з бюлетэнямі ў зубах, упэўненай хадою ідуць да выбарчых скрыняў. Вось бабуля з двума качанамі капусты пад пахамі — прыціскае бюлетэнь падбародзьдзем, маракуе — як паставіць птушачку, хоць ты, па прыкладу Мікалая Астроўскага, хапай асадку зубамі. А вось каржакаваты, падобны да актора Армэна Джыгарханяна, мужчына зь вялізным гарбузом за плячыма, перахоплівае рукою гнаявыя вілкі. Вілкі абгорнутыя газэцінай, але ўсё адно вострыя дзіды пагрозьліва тырчаць, і сябры выбарчай камісіі хаваюць у краёчках вуснаў лагодныя ўсьмешкі: такі можа, агаліўшы сахор, пайсьці і на ўсурыйскага тыгра, і на мядзьведзя-бадзягу… Ну і, вядома, у пакамечаных, там-сям пазначаных паўкружжам рэдкіх зубоў бюлетэнях, няма месца розным палітычным балбатунам і апазыцыянэрам.

Зрэшты, апазыцыянэры і дагэтуль сьцьвярджаюць, што ў нас ладзяцца ня выбары, а інтэрактыўныя гульні з электаратам з запраграмаваным вынікам, а наваполацкія народнафронтаўцы з гэтай нагоды нават правялі своеасаблівы экспэрымэнт. Падчас апошніх выбараў у мясцовыя органы ўлады вылучылі ў якасьці кандыдата ў дэпутаты сябра Беларускага Народнага Фронту і арганізавалі татальны кантроль за іх правядзеньнем.

Цэлы тыдзень — удзень і ўначы — вакол школы, дзе ладзілася галасаваньне, сядзелі назіральнікі з кінакамэрай. Яны глядзелі ў вокны ўчастку ў біноклі, фіксавалі кожнага выбарца, нарэшце, запатрабавалі, каб ім дазволілі ўдзельнічаць у падліку галасоў. У выніку надарылася падзея, роўная па сваёй анамальнай значнасьці падзеньню Тунгускага мэтэарыту: перамог, прычым зь вялікім адрывам ад супернікаў, кандыдат Беларускага Народнага Фронту. Дарэчы, пасьля падзеньня Тунгускага мэтэарыту ў Сібіры і Эўропе назіраліся вельмі сьветлыя ночы. Прасьвятлела, пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў і ў галовах наваполацкіх выбарцаў. Дый дзіва што. Дагэтуль сярод іх панавала паняверка і ўзаемная незадаволенасьць. А тут, адчуўшы, што сусед аддаў голас за твайго кандыдата, многія палюбілі суседа як сябе самога. Так што нам патрэбныя дэмакратычныя і сумленныя выбары ня толькі дзеля палітычных зьменаў, але й дзеля рэалізацыі асноватворных прынцыпаў Сьвятога Пісаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG