Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы СССР сьняць


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Нядаўна давялося мне гасьцяваць у стрыечнага брата-аднагодка, які за часамі маладосьці быў буйным камсамольскім функцыянэрам. Пілі, памятаю, “Белавескую”, і калі ладна захмялелі, браценік выцягнуў з шафы жмутак фотаздымкаў. “Вось, зірні, я тут зь Мішыным, першым сакратаром УЛКСМ... А гэта ў Баўгарыі, — на здымку сваяк, стоячы ў адных трусах, абдымаў чарнявую дэвотку ў бікіні, — на сэмінары па абмену досьведам работы. Тут мы ў ГДР... А гэта ў Піцеры, у Смольным фатаграфаваліся”, — сваяк нечакана ажывіўся і паказаў пальцам на бялявую, зграбнай постаці дзяўчыну. “Пазнаеш?” Я перасмыкнуў плячыма, і былы камсамольскі функцыянэр пераселым ад захапленьня голасам паведаміў: “Валя Мацьвіенка. На той час у ленінградзкім камсамоле працавала”.

“Папілі дармавой гарэлкі”, — прамармытаў я, пазіраючы на расейскую палітычную дзіву ў маладосьці, і сваяк, пачуўшы такое, незадаволена буркнуў: “Гэткія разумнікі, як ты, і развалілі Саюз”.

Мы заспрачаліся, перакулілі пляшку “Белавескай”, потым ледзь не пабіліся, урэшце браценік, выгукнуўшы: “Прывітаньне Бэнээфу!” — бразнуў дзьвярыма. Уночы я пайшоў у прыбіральню і міжволі запыніў пагляд на сваяку. Той спаў, раскінуўшыся на канапе, на вуснах ягоных ліпела шчасьлівая ўсьмешка, а пальцы зьлёгку варушыліся — няйначай, мацалі ў сьне крамяныя грудзі інструктарак гаркаму камсамола. Браценік сьніў СССР.

У снах чалавек часьцяком вяртаецца ў мінулае і яно, мінулае, здаецца чароўным. Ведаю гэта па сабе. І навылёт атручанае хіміяй наваполацкае паветра ў снах бывае чыстым, як пацалунак дзіцёнка: яно ўздымае валасы на макаўцы — акурат на тым месцы цяпер разьлеглая, падобная да манаскай танзуры, лысіна; прыносіць здаля галавакружны пах польскай парфумы “Moжэ быць...” і шчымлівыя мэлёдыі з рэпэртуару напаўзабытага сёньня ансамблю “Цветы”. У снах ты бачыш жывых бацькоў, ты зноў закаханы ў дзяўчыну зь рэдкім імем Вера, і з іранічнай усьмешкай на твары чытаеш пранікнёны артыкул Івана Пятровіча Шамякіна пра кнігу Леаніда Ільліча Брэжнева “Малая зямля”, і дзесьці ў далёкай Сібіры яшчэ б’юць фантаны саматлорскай нафты, якія дзіўным чынам ператвараюцца ў пагрозьлівыя танкі і горы канадыйскай пшаніцы.

Ня трэба клікаць на дапамогу Юнга з Фройдам, каб патлумачыць незадаволенасьць, а то й агрэсію індывіда, які ў снах жыве, як у бога за печчу, а вярнуўшыся ў паскудную рэчаіснасьць, пачынае ўголас згадваць шчасьлівае жыцьцё за саветамі ды шукаць ворагаў. Добра яшчэ, што сны аб СССР сублімуюцца ў агрэсію, абмежаваную суцэльнамэталёвым вагонам прыгараднай электрычкі. Пакуль даедзеш да якой Крыжоўкі, чаго толькі не пачуеш. “А далібог, я б іх перадушыла”, — на ўвесь вагон гукае ўскудлачаная цётухна ў пацёхканай кацавейцы. “Каго?!” — з інтанацыяй задыханага бегуна пытаецца кабета, што сядзіць насупраць. “Ну гэных... дэмакратаў”, — тлумачыць цётухна, і суседка, тузануўшы ражкі паркалёвай хусьцінкі, ухвальна ківае галавой. “А мне сёньня прысьнілася, што ў нас рускія грошы ўвялі”, — паведамляе суседка, і цётухна, выгаліўшы вочы, захоплена і разам з тым недаверліва выдыхае: “Ідзі ты!”

Пасадзі сюды Фройда і перакладзі яму ўсё гэта на нямецкую мову, аўстрыяк відавочна б падумаў, што патрапіў не ў вагон прыгараднай электрычкі, а ў вар’ятню на колах. Зрэшты, пасьля Ратамкі гамана ў вагоне аціхае, пасажыры пачынаюць торгаць насамі і неўзабаве панурваюцца ў зыбіста-настальгічнае мроіва дарожнага сну. Камусьці сьняцца скокі ў вясковым клюбе, камусьці саракагадовай даўніны любошчы ў капе жытняй саломы, а іншаму — падшыўка часопісу “Малады камуніст”, на якой давялося спаць студэнцкім часам, калі камэндант інтэрнату зьнёс за няўплату пражываньня сяньнік і падушку.

Сублімацыя салодка-падманных сноў мае ня толькі псыхалягічна-вэрбальны характар. Сны ператвараюцца ў штосьці да болю знаёмае і матэрыяльнае — у сталінскія сымболі, піянэрскія гальштукі, дошкі гонару, пераходныя чырвона-зялёныя сьцягі, выязныя сэмінары ідэалягічнага актыву ды іншыя модулі сёньняшняй рэчаіснасьці. Вось і станцыі менскага мэтро вярнулі “пракаветную” назву — плошча Леніна, а пэрспэктыўнай станцыі “Ракаўская” надалі больш мілагучную, дарэшты арыгінальную назву “Спартыўная”. Ці ж гэта ня рэха сноў аб СССР? Засталося толькі схрапянуць наастачу, ды пераназваць рачнога рака ў спартачыдлу, а пікантную жаночую паставу, якая па-ангельску мянуецца doggy-style ў паставу “Спартыўная, чатырохапірышчная”.

Сонная чмура, аднак, спараджае ня толькі нірваны, але й кашмары. Так, пасьля прагляду некаторых праграмаў БТ людзям сталага веку сьняцца лекары-шкоднікі і злодзей Ціта, людзям сярэдняга веку — партсходы, на якіх разьбіраюцца іхныя асабістыя справы, ну а старшыням заняпалых калгасаў не дае спакою адзін і той жа сон, у якім зладзюга-Рэйган, з пэршынгам наперавес, ладзіць сэлектарную нараду, а потым ляціць на гелікоптэры да іх у калгас спраўдзіць — як ідзе бітва за ўраджай. Мяне самога аднойчы, пасьля прагляду “Панарамы”, праняло да цыганскага поту, бо прысьніўся бацька-Сталін, які, паставіўшы маці-Беларусь у спартовую паставу, гвалтаваў яе разам са сваімі паплечнікамі. Абудзіўшыся, я зразумеў, адкуль пайшло пакаленьне, якому сьняцца сны аб эсэсэры.

Вяртаньне ў снах у савецкую мінуласьць можа выклікаць і глыбокі ступар. Аднойчы, падчас вясковага вясельля, мы не давалі рады абудзіць хлопца маіх гадоў, які быў за маршалка, выпіў лішку і заснуў у адрыне. Паклікалі на дапамогу ўпітага вясковага дзядзьку і той, нахіліўшыся над хлопцам, нема загарлаў: “Рота-а... пад’ём!” Маршалак прыхапіўся, пачаў шнарыць рукамі па сене, шукаючы, як бачна, пілётку, а потым утаропіўся на нас шалёнымі вачыма. На небараку пырснулі вады, паднесьлі самагонкі. Ляскаючы зубамі па шклянцы, ён выпіў трунак і зморана выдыхнуў: “Старшына Грызадуб прысьніўся”.

Аповеды ўскудлачаных цётак у прыгарадных электрычках гарэза-Фройд відавочна б назваў клінічным матэрыялам і, пачухаўшы сівую бараду, усчаў гавэнду пра інфантыльнае мысьленьне, пра нэўратычныя сымптомы і ролю сьненьня ў абароне сьвядомасьці ад эмацыйнага стрэсу, якім стаў для многіх нашых супляменьнікаў развал Саюзу. Ці трэба дзівіцца, што выгнанцы з савецкага эдэму, у якіх сон і ява пераблыталіся і сьвет перакуліўся дагары нагамі, абралі сабе ў правадыры таго, хто паабяцаў завесьці іх назад у СССР, і не празь біблійных сорак гадоў, а адразу па выбраньні, паабяцаўшы заадно кампэнсаваць грашовыя ўклады менскімі лядоўнямі ды віцебскімі тэлевізарамі.

Пра тое, што тэлепартацыя ў часе, а разам зь ёю і кампэнсацыя ўкладаў — гэта зьявы хваравітых сьненьняў, электарат хутка зьведаў напоўніцу. Я, дарэчы сказаць, маю ўласны досьвед гэтай самай кампэнсацыі. У далёкім ужо 1988 годзе, працуючы на Далёкай Поўначы, паклаў на кніжку 10 тысяч рублёў і з тае пары не здымаў ні рубля. Нядаўна вырашыў спраўдзіць — колькі ж там набегла адсоткаў. Не спрабуйце, шаноўныя слухачы, угадаць суму працоўных назапашваньняў. Не ўгадаеце: там роўным лікам 714 рублёў.

Ну а што застаецца рабіць тым, каму адвечна і нязводна сьняцца сны аб Беларусі? Толькі адно: усьвядоміць, што наша жыцьцё нам толькі сьніцца. Сон розуму спараджае пачвараў, таму, пры расплюшчаных павеках, нам мрояцца няўклюдныя патарочы, барабанныя перапонкі цьвеляць агідныя галасы; яны поўніць душу неўсьвядомленым страхам, але ў душы напятай струною зьвініць спадзеўка, што Ўсявышні ўшчыкне нас за азадак і мы, гамузам пазбыўшыся летаргіі, пабачым сапраўднае жыцьцё ў сапраўднай беларускай краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG