Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК БЕЛАРУСЫ Ў ЛАЗЬНЮ ХОДЗЯЦЬ


Алег Дашкевіч


Знаёмы камсамольскі сакратар адной зь менскіх ВНУ, разважаючы ў канцы васьмідзясятых, на чым можна зрабіць грошы, нагледзеў грамадзкую прыбіральню недалёка ад Кальварыі і пераабсталяваў засраны — у простым і ў няпростым сэнсах — аб’ект у модную лазьню.

Як паказала блізкая будучыня, камсамольцы “жыцьцё адчувалі на нюх”: у час, калі дзяржаўныя лазьні пачалі зачыняцца адна за адной з прычыны сваёй маральнай састарэласьці, прыватная мыйная ўстанова зрабілася залатой жылаю і прыносіла заснавальніку сталы прыбытак, бо лазьня была і застаецца часткаю нацыянальнай традыцыі і сьвядомасьці беларусаў.

Любіць наш народ чысьціню, цяпло і вільгаць.

Задаволены посьпехам свайго бізнэсу на пытаньне, чым займаешся, камсамолец упэўнена, з усьмешкаю адказваў: золатка мыю. І было гэта блізка да праўды. Традыцыя лазьні й парыльні перадаецца ў спадчыну, бо гэта — здароў’е.

Я засьпеў яшчэ тыя часы, калі стаяла некранутай старая менская лазьня ў Траецкім, а Чыгуначная лазьня, што месьцілася ля Таварнага мосту і мела рэпутацыю ледзь ня самай лепшай у Менску, напальвалася дровамі, і каб пасьпець на першую, самую каштоўную пару, самы заўзяты люд зьбіраўся задоўга да часу адкрыцьця, а шостай ранку.

Свой першы візыт, з бацькам ды дзядзькамі, я нанёс гадоў у пяць менавіта ў Чыгуначную. Пасьля начовак, дзе мяне мыла бабка, лепшая лазьня здалася мне падобнай на чысьцец. Адчыніўшы сьледам за сваякамі дзьверы ў мыйнае аддзяленьне, я быў так уражаны клубамі пары ды мноствам аголеных дзядзькаў, што ў жаху ўцёк. Калі ж зьмерз у разьдзявальні, то, нягледзячы на страх, выправіўся на пошукі і знайшоў сваіх на паліцах парыльні, у самым, як тады мне здалося, пекле, дзе цыганаваты барадаты дзед, адчыніўшы падобную да паравознай заслонку, кідаў карцом ваду зь нейкім духмяным настоем на распаленыя камяні.

— Дыхай, дыхай “еўкаліпту”, здаровы будзеш,— шчэрыў дзед свае страшныя сталёвыя зубы, але я ўжо ня надта баяўся.

Ужо няма ані дзядзькоў, ані бацькі, але гаркавы пах палаючых дроваў ды распаранага дубовага веніка зь “еўкаліптай”, дагэтуль уяўляецца надта яскрава.

Незабыўная лазьня здарылася ў майго дзеда, на Полаччыне, да якога прыехалі пагасьцяваць я з маці ды дзедава стрыечная сястра зь сям’ёй зь Ленінграду. Сядзіба дзедава адным бокам выходзіла да лесу, а іншым да возера Дзявічка, дзе лазьня ўсутыч падходзіла да вады. Першымі пары зазналі жанчыны, і ленінградзкая цётка Фрося, вагою кіляў пад сто, чакаючы астатніх разамлела, прысела на лазенкавы парог. Раптам, калі мужчыны ўжо рушылі ў лазьню, побач зь цётчынымі нагамі з-пад парогу выпаўзла прыгожая, з жоўтымі палоскамі-завушніцамі, зьмяя і, падняўшы голаў, пачала мацаць паветра сваім падвоеным языком.

Усе зьнерухомелі і перш, чым дзед пасьпеў нешта сказаць, цётка Фрося вэртыкальна, як натаўскі зьнішчальнік “Харыэр”, адарвалася на мэтар ад зямлі, а пасьля скачком адолеўшы адлегласьць да агароду, з ходу, перакідным спосабам, з добрым запасам, нібы тая спартоўка-рэкардыстка, перанесла сваё мажнае цела праз амаль паўтарамэтровую агароджу і бухнула ў буракі.

— Я ж табе казаў,— роспачна прамовіў дзед.— То ж “пітом” мой (пітомец у сэнсе), вуж, па малако вылез.

Астатнія, пасьля ўзятай паўзы, зноў пачалі роўна дыхаць ды разьняволена пасьміхацца, цётка ж вішчэла з буракоў благім матам. Тыдзень пасьля таго яна не падыходзіла да лазьні й блізка.

— Дурніца-баба,— філязафічна разважаў дзед,— колькі тлумачыў ёй, калі вужака ў подпале, туды ўжо ніякі гад не паселіцца, ды й мышаў і пацукоў на падворку ня будзе. Ніякага толку. Забылася на ўсё са сваім тэлевізарам.

Лазьня і спорт — тэма асобная.

Згонка вагі заўжды была незаменным атрыбутам спартоўцаў, асабліва ў двубоях, дзе існуюць вагавыя катэгорыі, і рэглямэнт у гэтай пазыцыі вельмі жорсткі. Парыльня — асноўны спосаб тэрміновай карэкцыі вагі. Здараліся падчас такой працэдуры выпадкі самыя розныя: і прытомнасьць гублялі людзі, і зьнясіленыя адмаўляліся ад спаборніцтваў, але досыць было і незвычайных гісторыяў.

Цяжкавагавікі і гэтак званыя “мухачы” (да 48 кг) у боксе ёсьць самыя дэфіцытныя катэгорыі, звычайна толькі наяўнасьць такіх байцоў прыносіць заліковыя балы камандзе.

“Мухач” Лёша за дзень да турніру меў 3,5 кілё лішку. Няўрымсьлівы й дужа эмацыйны наш трэнэр загадаў парыць Лёшу да той пары, пакуль ён не апынецца “у вазе”. “Мухач”— ня цяж, выпарыць 3,5 кг з 48-мі за раз нялёгка, але рабіць няма чаго, і каманда з 11 чалавек, мяняючы адзін аднаго, даводзіла беднага Лёшу ў парыльні да кандыцыі на працягу трох гадзінаў. Калі чарговы раз “мухача” паставілі на вагі, было зафіксавана 200 грамаў лішку.

— Добра, за ноч згарыць,— канстатаваў трэнэр і каманда з палёгкаю пасунулася да выхаду.

Мінаючы цэбар з халоднай вадою, Лёша ціха папрасіў абцерці твар. Нахіліўшыся на долю сэкунды, ён паднёс рукі з вадой да твару і ўздыхнуўшы, рушыў далей. Калі ўжо выходзілі з лазьні, трэнэр, неяк падазрона зірнуўшы на Аляксея, раптам загадаў:

— На вагі! Хутка!

Пасьля таго, як Лёша неахвотна ступіў на плятформу, стрэлка паказала амаль кіляграм лішняе вагі. Ад разьюшанага трэнэрскага веніка Лёшу сваімі целамі закрывала ўся каманда. Вяртацца ў парыльню было безсэнсоўна, арганізм засвойвае вадкасьць імгненна.

Як Лёша пасьпеў усмактаць у сябе за сэкунду літар вады, ня здолеў растлумачыць і ён сам, але з тае пары да Лёшынага імя дадалася мянушка “Насос”.

Самае цікавае, што наступнага ранку на ўзважваньні Лёша-“Насос” зьдзейсьніў подзьвіг і быў у норме, і хоць бой аддаў, але заліковыя балы прынес, больш за тое, заняў ганаровае трэцяе месца, бо ў найлягчэйшай вагавай катэгорыі — да 48 кг — было толькі тры баксэры.

Местачковыя грамадзкія лазьні больш утульныя за сталічныя. Меншыя яны, чысьцейшыя нейкія, мітусьні там меней. Неяк апынуўшыся з калегамі па працы недзе ў Валожынскім раёне, вырашылі пасьля напружанага працоўнага дню зьняць стому мясцовай парай. Але насельнікі мэгаполісу ня ўлічваюць асаблівасьці правінцыі, гэтаксама, як правінцыялам здаюцца дзіўнымі некаторыя звычкі пасланцоў сталіцы.

Тэхнік Саша, па мянушцы “Камісар”, у вольны ад працы час вызнаваў будызм і пісаў вершы. А натхняўся ён на тыя вершы, засяродзіўшыся ў “позе лётаса” там, дзе лічыў патрэбным. На гэты раз патрэбным месцам аказалася верхняя паліца правінцыйнае парыльні.

Мы ўжо зьбіраліся выходзіць, калі ў парыльню зайшоў лазьнік і сказаў: выходзьце хлопцы, юшка зламалася, угар пайшоў.

Усе падняліся, адно “Камісар” дачытваў свае мантры. Лазьнік, крыху счакаўшы, паўтарыў: выходзь хлопец, угарыш, ды піхнуў “Камісара” ў бок.

Ці то рука ў лазьніка была цяжкая, ці то Саша не вярнуўся яшчэ са сваіх вышыняў, але зь верхняе паліцы парыльні, так і не расклаўшы складзеныя лётасам ногі, “Камісар” сьпікіяваў долу, расьсёкшы аб шайку з вадою лоб да косткі.

“Сьлед крывавы сьцяліўся па сырой зямлі” аж да дому мясцовага фельчара, дзе на “камісарскі” лоб былі накладзеныя тры швы. А пасьля мы ўсе разам абмывалі Сашавы раны якасным першаком дома ў лазьніка.

— Браткі мае,— прыгаворваў крыху ўжо супакоены дзядзька,— я ж ня ведаў, што ён Буда…

Новыя часы радыкальна зьмянілі лазенкавы сэрвіс. Цяпер не праблема замовіць у лазьню ня толькі таранкі зь півам, але што заўгодна. Знаёмы бізнэсовец, вырашыўшы “расслабіцца”, вызваніў да сябе ў лазьню “начную фею”. Паненка перад тым, як заняцца справаю па прызначэньні, прапанавала: можа ў парыльні пасядзім для пачатку знаёмства.

— Парыцца няма з кім, хоць пагрэемся,— згадзіўся знаёмец.

У парыльню “фея” ўвайшла ў лямцавым капялюшы ды зь венікам у руках і, прамовіўшы: “кладзіся”, пагойдваючы немалымі формамі, выявіла такое майстэрства валоданьня венікам, а пасьля яшчэ й аднаўленчага масажу, што прыяцель, разамлеўшы да асалоды, забыўся на юрлівыя жаданьні.

Расплаціўшыся па прэйскуранту, знаёмы так уразіўся працэдураю, што прабурчэўшы сакрамэнтальнае: “жыцьцё нашмат багацейшае, чым мы пра яго ўяўляем”, запрасіў паненку ўжо як прафэсіянала лазьні, на наступны сэанс.

Часам здараецца, што лазьня адмывае да бляску ня толькі цела, але й помыслы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG