Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы даляры зарабляюць


Алег Дашкевіч, Менск

— Ну скажы мне, шмат беларусы валюты на руках маюць?

На гэткае пытаньне валютчык Іван, што мае сваё месца непадалёк ад менскага ўнівэрсаму “Цэнтральны”, зьлёгку раздражняецца.

— Я табе не падатковая інспэкцыя, мне на жыцьцё хапае, і на біржу працы не зьбіраюся.

Іван “стаіць на валюце” даўно і працуе без авантураў. Аднойчы на свае вочы бачыў, як ён з калегамі разьбіраўся з залётнымі махлярамі, што на ягоным месцы надурылі нейкага небараку на 100 даляраў. Залётныя для пачатку атрымалі па пысах, затым аддалі грошы надуранаму грамадзяніну, а пасьля па іх прыехалі дзецюкі з бульдожым выразам твару. Валюта — справа сур’ёзная.

Даляры за дзясятак гадоў трывала замацаваліся ў сьвядомасьці беларусаў, а пачыналася ўсё калісьці з вандровак да польскага базару. У гэтых падарожжах было месца і драме, і камэдыі.

Неяк тэлевізійная група Галоўнай рэдакцыі дзіцячых праграмаў БТ, выехаўшы ў камандаваньне ў Польшчу, найперш скіравала свой “рафік” да базару, каб заняць там найлепшыя месцы для гандлю, бо апроч тэлетэхнікі машына была напханая розным “шырспажывам”. Пасьпяхова рэалізаваўшы прывезенае і вярнуўшыся да машыны з угандляванымі парай дзясяткай даляраў, група была моцна ўзрушаная. Пашкоджаньне аўтамабілю было ня самым горшым, што яна мусіла перажыць.

Праз разьбітае шкло з салёну выцягнулі новую тэлевізійную тэхніку, сярод якой быў навюткі камплект камэры “Betacam” коштам пад 25000 амэрыканскіх грашовых адзінак.

— Кіна ня будзе, — толькі і змог крыва пасьміхнуцца адзін з чальцоў творчай брыгады перад тым, як група мусіла выпраўляцца дадому.

Сумную гісторыю сваіх заробкаў распавяла мне знаёмая настаўніца з Астрашыцкага гарадку. Іх абрабавалі проста на шашы Берасьце–Варшава, спыніўшы аўтобус пад выглядам дарожнай паліцыі. Злодзеі, што адразу ўскочылі ў аўтобус са зброяй, зьвяртаючыся па-расейску зь выразным беларускім акцэнтам, пачалі забіраць усё, што магло быць каштоўнае. Мужчыну, які спрабаваў бараніцца, нажом прыкалолі руку да сьпінкі сядзеньня.

Але найвышэйшага драматызму сытуацыя сягнула тады, калі настаўніца, нягледзячы на тое, што рабаўнікі былі ў масках, па вачах пазнала свайго колішняга выхаванца. Той, зьбіраючы даніну са сваіх ахвяраў і зразумеўшы, хто перад ім, замітусіўся позіркам і быццам бы не заўважыўшы, яе прамінуў.

У міліцыю яна заявы не падавала. Калі раптам выпадкова яны сустракаюцца ў мястэчку, вучань імгненна зьнікае з вачэй колішняй настаўніцы.

— Ведаеш, — дзялілася сваёй прыкрасьцю жанчына, — лепш бы на той шашы забралі ў мяне тыя даляры, адно каб забіраў хтосьці іншы, але не дзіцё, якое ты вучыла столькі гадоў.

Ганяць патрыманыя аўтамабілі з Заходняе Эўропы і здаваць іх далей на Ўсход — справа нібыта прыдуманая для беларусаў, якая памагала шмат каму з маіх суайчыньнікаў зарабіць цьвёрдай валюты на прыстойнае жыцьцё. Але як кожная справа ў ня надта спакойны час, мела дый цяпер мае экстрэмальны флёр.

Бард Алесь Камоцкі, гнаўшы цераз Польшчу машыну зь Нямеччыны, трапіў у гісторыю з гэпі-эндам. Калі ён убачыў, што яго аўто спрабуе падрэзаць невядомая “ВМW”, то не вагаючыся, націснуў на газ. Кілямэтраў з восемдзесят працягвалася зацятая гонка, калі ж урэшце Алесеў “Фолькс” здох. Выйшла на тое, што гонка спынілася на мяжы, што падзяляла трасу на зоны дзейнасьці злачынных груповак. Пакуль “браткі” з матам высьвятлялі, чыя будзе здабыча, Алесь разьмінаў зьведзеныя сутаргай ад напругі рукі й чакаў горшага. “Браткі” ж, так і не дамовіўшыся, вырашылі Алеся не чапаць: маўляў, ні вам, ні нам. А калі ад’яжджалі заўважылі:

— Табе б, братан, у “Формуле-1” удзельнічаць.

Мой інстытуцкі прыяцель Саша Любчанка зарабіў тры тысячы не даляраў, а дойчмарак на сэзонных працах пад Бэрлінам, і ў горад-герой Менск прыбыў пераможцам. Нашая сустрэча адбылася неўзабаве, як Саша ступіў зь цягніка на родны асфальт.

— Ну распавядзі, як Бэрлін браў, — запытаўся я ў яго.

— Пазвані заўтра, дзядзька, пасядзім-пабазарым, а зараз, выбачай, сьпяшаюся адзначаць перамогу, — засьмяяўся Саша.

Калі ж назаўтра я дазваніўся да свайго прыяцеля, той зноў зьбіраўся пад Бэрлін. Зялёнае сукно казыно “Арбіта” вызваліла Сашавы кішэні ад нямецкага грузу амаль дашчэнту.

Кінарэжысэр Юры Хашчавацкі ня ёсьць заўзятым наведнікам казыно, і ведае, як зарабляць свае даляры асноўнай прафэсійнай дзейнасьцю, ягонае кіно глядзяць і ў Амэрыцы, і час ад часу запрашаюць туды дзеля працы. Але раз, апынуўшыся ў адным з казыно знакамітага места Лас-Вэгас перад экранам гульнёвага аўтамату, кінуў у яго драбязу і націснуў на кнопкі. Раптам усё загуло, зазіхацела, забразгала, і ён зразумеў, што выйграў. Кінуў другі раз і зноў выйграў даляраў болей, чым той небарака Саша нямецкіх марак за паўтара месяца поўзаньня па нямецкіх палетках. Набегла людзей, якія праглі працягу, служачыя казыно рабілі ўсё, каб гульня не перапынялася.

Таленавітым людзям, кажуць, шанцуе ва ўсім — але, відаць, і таму, што ведаюць, калі варта спыняцца.

Зараблялі баксы ня толькі беларусы, але й беларускі. Быў такі вясёлы час, калі ў іхным асяродку модна было шукаць сабе валютнага прыработку на праспэкце Машэрава, у трохкутніку паміж гатэлямі “Юбілейны”, “Беларусь” і “Плянэта”. Усе хацелі лепшай долі, накасіць “капусты”, зьехаць з устылай радзімы і пакаштаваць вольнага сьвету.

Камусьці ўдалося. Неяк сустрэўшы адну зь іх, што прыехала дадому з паўднёвай Італіі адведаць бацькоў, спытаў, як там, маўляў, доля італійская.

— Ведаеш, — пачуў у адказ, — адрозна ад Беларусі, там шмат сонца, але мужыкі такія ж самыя паскуды, як на мілай Бацькаўшчыне.

Інтэрнэт адкрыў новыя магчымасьці дзеля зарабляньня грошай, але разам зь ім паўстаюць на гэтым шляху і новыя перашкоды, часам зусім нечаканыя.

Неяк сустрэў знаёмага бізнэсоўца, які аж сьвяціўся ад радасьці: праз сусьветнае сеціва іх фірма знайшла дужа саліднага і грашовага партнэра ў Кітаі. Прыбытак ад угоды быў роўны гадавому прыбытку фірмы, шчасным пачуваўся і кітайскі бок. Калі празь некаторы час пры сустрэчы я спытаўся, ці можна ўжо віншаваць з угодай стагодзьдзя, знаёмец стомлена зірнуў на мяне, пасьля паклікаў у найбліжэйшы бар і, замовіўшы па пяцьдзясят гарэлкі, выдаў:

— Ледзь адбіліся ад кітаёзаў, прыйшлося хлусіць беспардонна.

— Не зразумеў? — запытаўся я зьдзіўлена.

— Ты што, з дубу ляснуў, — у сваю чаргу дзівіўся прыяцель. — Пра атыповую пнэўманію ня чуў?

— А грошы?..

— А што грошы? — перарваў ён мяне, — “жыць застанесься, жыцьцё даражэй”, — працытаваў ён клясыка, перад тым, як праглынуць сваю горкую долю.

Гледзячы на вечаровы падсьветлены Менск зь летняга кафэ Палацу прафсаюзаў, заўважыў сябру:

— Дзе ж дзяржава столькі грошай бярэ, каб з Расеяй за электрычнасьць разьлічыцца?..

— Ат, разумны, хіба то дзяржава валютай з тым Чубайсам разьлічваецца, дзяржава толькі падатковую зь мянтамі насылае, — пасьміхнуўся сябра маёй недасьведчанасьці. — У мяне швагра на праспэкце краму меў, дык і плаціў за тую падсьветку. А кошты кожнага разу большыя. Атрымаўшы чарговыя квіткі за электрычнасьць, як паранены, роў. За такія кошты, крычэў, можаце хоць дупу сабе падсьвятліць. Суседзі напалоханыя міліцыю выклікалі. А падсьветка, так, харошая, — пагадзіўся сябра.

— Ведаеш, — дзяліўся са мной чарговы бізнэсовец, — калі я, каб не заміналі спакойна працаваць, адшпільваў чарговую дваццатку чарговаму пажарніку, той, убачыўшы мой красамоўны позірк і ўзяўшы баксы, працытаваў клясычную фразу з кінафільму “Хросны бацька” — “Нічога асабістага, проста бізнэс”. Так вось мы баксы куем.

Нялёгка беларусы зарабляюць свае даляры, але яшчэ большыя выпрабаваньні наступаюць, калі даляры тыя заробленыя. Тут табе і вада, і агонь, і медныя трубы, і неўміручая зайздрасьць народная, і... “проста бізнэс”.

Але ёсьць у нас адзін легальны мільянэр, які сьпіць спакойна і да якога, упэўнены, ставяцца аднолькава станоўча і на разбураным заводзе, і ў адміністрацыі прэзыдэнта. Нават не ад таго, што даляры свае ён зарабляе далёка за мяжой. Хакеіст Руслан Салей, нягледзячы на траўмы, сваёй выдатнай гульнёй і непахіснай воляй у фінале НХЛаўскага “Кубку Стэнлі” паказаў беларусам, што такое высокі прафэсіяналізм. Да чаго пераважнай большасьці грамадзянаў яго напаўаматарскай краіны варта імкнуцца.

Як гэта ўсё ж файна — зарабляць мільён даляраў на год і застацца ў памяці суайчыньнікаў героем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG