Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы апранаюцца


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Адзеньне, як сьведчаць некаторыя заходнія адмыслоўцы, узьнікла з пачуцьця сораму і, у ідэале, мусіць выяўляць контуры ня толькі чалавечага цела, але й душы. Аднак, паколькі такая пазыцыя ўжо з вызначэньня зьяўляецца ідэалістычнай, марксізм-ленінізм яе рашуча абвергнуў і, дзеля доказу адсутнасьці душы, апрануў паспалітых беларусаў у ватоўкі ды гумовыя боты.

Такім чынам, на зьмену няўцямным латушкам, панёвам ды поршням прыйшло перадавое, масавае і ўнівэрсальнае адзеньне, і сёньняшнія беларусы, пачуўшы пра тыя ж поршні, не даюць рады ўцяміць — што абувалі іхныя продкі, уяўляючы нешта мэталёва-цыліндрычнае. Яшчэ й майму пакаленьню давялося пахадзіць у літых гумовіках, і я з настальгічным сумам згадваю цяжкі дух, што вырываўся зь іх нутра і крывавыя, зь пятак велічынёю, мазалі на пятках.

Праўда, хадзілі мы ў ботах дзеля форсу, і форс быў у тым, што яны пры хадзе гучна шоргалі, а халявы былі закручаныя па самы абцас. Некаторыя пісалі на халявах ангельскае слова “Теxas” — назву амэрыканскага штату; гэта ўжо тхнула здрадай Радзіме, і міліцыя (пра гэта я чуў неаднаразова) караціла халявы тупымі сьцізоркамі.

Я й мае сябры былі страшэннымі прагнякамі — у сэнсе, ня сталымі жыхарамі Прагі, а прагнымі да заходняй моды маладзёнамі. Пра яе накірункі ды ўхілы мы даведваліся з польскага часопісу “Panorama”, які зрэдзьчас прадавалі ў шапіках. Пабачылі на яго старонках сьпевака Марэка Грэхуту з квяцістым шалікам на шыі — таго ж дня пачапілі такія ж шыявязы. Угледзелі, што ў Ежы Грунвальда зялёныя вэльвэтавыя штаны неахайна зацыраваныя жоўтаю ніткай, — хуценька зацыравалі й свае нагавіцы, хаця на іх і не было дзірак.

Аднойчы маскоўскі часопіс “Ровесник” зьмясьціў фотаздымак Тома Джонза. Замежны пяюн быў апранены ў бялюткія джынсы, трымаўся валасатымі рукамі за шырокі рэмень, пры гэтам мадняцкія нагавіцы выяўлялі ня толькі контуры няўрымсьлівай душы, але й важкіх геніталіяў. Неўзабаве атэлье індывідуальнага пашыву былі заатакаваныя замоўцамі, якія, дэманструючы згаданы фотаздымак, прасілі пашыць ім дакладна такія ж нагавіцы, а краўцы, уздыхнуўшы, паведамлялі, што ўся загваздка ў адсутнасьці белай тканіны. У выніку штаны сталі шыць з жоўтых штораў і падпярэзвацца афіцэрскай партупэяй.

Пазіраючы на “носьбітаў” мадняцкіх штаноў, іх аднагодкі пішчэлі ад зайздрасьці, і ўвечары наваполацкія вуліцы нагадвалі інкубатар — столькі там было жаўціні ды піску. Я й мае сябры, аднак, жоўтых штаноў ня шылі. Відаць, таму, што Том Джонз ня быў нашым кумірам, і мы па-ранейшаму хадзілі ў джынсах індыйскай фірмы “Miltons”, шторанку шаруючы іх кавалкам сылікатнай цагліны.

Заплюшчваю павекі й перад вачыма мільгаюць культавыя рэчы мінулай эпохі: плашчы балёньні, моду на якія завёз у Саюз сьпявак Мусьлім Магамаеў; засуканыя да каленяў трыкатажныя нагавіцы — першай іх закасала Натальля Варлей у “Каўкаскай палоньніцы”; сіняя, зь белай паласой на каўнеры, “масьцерка” — дакладна такая была ў Высоцкага ў фільме “Вэртыкаль”; шырокія, трыццаць пяць сантымэтраў на доле, клёшы з трыма гузікамі на поясе — гэткія насіў мультыплікацыйны сьпевак у “Брэмэнскіх музыках”; нэйлёнавая кашуля, ад якой невыносна сьвярбела сьпіна і злавесна стаўбурыліся — ад залішняй электрастатыкі — валасы. Кашулю такую насіў мой родны бацька. Да кашулі бацька дадаваў плецены з чорнай лёскі гальштук. Гальштук мацаваўся на гумцы, і калі яго адцягнуць, гальштучны вузел балюча біў па коўціку.

Рамантычны быў час. Час, калі на зьмену адліжным хрушчоўскім вятрам, якія надзімалі на сьпінах нэйлёнавыя кашулі ды шкамуталі плеценыя гальштукі, прыйшоў брэжнеўскі мёртвы штыль з аблавамі ў жаночых прыбіральнях — увішныя армяне прадавалі там дэфіцытныя боты-панчохі; час, калі прысьпела гарбачоўская перабудова з начнымі чуваньнямі ля крамаў і немымі пераклічкамі, з гэкачэпісцкім путчам, які паклаў канец савецкай імпэрыі, а разам зь ім і бясконцай чарадзе прамтаварных жарсьцяў.

Не даючы веры ўласным вачам, мы ўбачылі, як абрынулася жалезная заслона, як з-за сьцяны густога пылу выйшлі на подыюмы топ-, туп- і гоп-мадэлі, і, не даючы веры ўласным вушам, пачулі дагэтуль нечуваныя словы: бутык, кутур’е, сэканд-гэнд. Сэканд-гэнд адразу ж апанаваў сьвядомасьць беларусак, крануў жаночыя душы бэнгальскім агнём прывіднага шчасьця. І віной таму стала адносная гармонія паміж коштам тамтэйшага тавару і сьціплымі людзкімі заробкамі.

За савецкім часам людзі гідзіліся насіць рэчы з чужога пляча ды іншых частак цела. Лічылася, што ў тых жа камісійках прадаецца вопратка, зьнятая зь нябожчыкаў. Сёньняшні, дарэшты матэрыяльны сьвет, разьвітаўся з падобнымі забабонамі, і тое, што за саветамі менавалася “заходнімі мэтлахамі”, стала асновай гардэробу паспалітых беларусаў.

Сыстэма гандлю сэканд-гэнд шматаблічная: тут табе і вялікія маркеты, і паўпадвальныя крамы, і проста прыватныя кватэры, дзе ўздоўж сьцен амонаўскім шыхтом стаяць поліэтыленавыя мяхі з вопраткай. Ну а прывозяць яе з эўрапейскіх кірмашоў, дзе гэтае дабро прадаюць на вагу. Найбольш папулярныя “надомныя сэканд-гэнды”: там можна нясьпешна прымерыць усё, што патрапіла пад руку, і наогул разьняволіцца. Пры гэтым кожная жанка рупіцца патрапіць у хатнюю краму ў дзень прывозу тавару. Дзеля гэтага трэба весьці знаёмства з гаспадыняй прывазнога дабра.

— Маша, заходзь! — гукае па тэлефоне гаспадыня, і Маша — зьбіральны вобраз нашай сучасьніцы, не патрапляючы пальцам у дзіркі тэлефоннага дыску, набірае нумар сяброўкі (перабіраць новую партыю тавару зручней удвух — жанчыны любяць параіцца, а пры выпадку пазычаюць адна адной грошы).

Самае страшнае ў дадзенай сытуацыі — прыйсьці і ўбачыць, што ў поліэтыленавых мяхах ужо нехта поркаўся. А таму жанкі шыбуюць подбегам, абменьваючыся кароткімі фразамі кшталту: “Мужыку трусы прыгляджу, а то зусім абнасіўся”. Кватэра, у якую яны неўзабаве ўбіваюцца, навылёт працятая саладжавым пахам сэканд-гэндаўскай вопраткі.

— Адмыслова дзеля вас выбірала, — кажа гаспадыня, паказваючы рукою на мяхі.

Рукі зь ліхаманкавай хуткасьці панурваюцца ў нетры зьляжалага адзеньня, яны не пасьпяваюць за вачыма. Вунь сяброўка ўжо сьцягнула зь сябе старую, гэдээраўскага крою апранаху, паказала сьвету шэрую пляму на станіку, акурат пад пахамі, сьпехам улезла ў куртаты швэдар з фарбаванай вігоні.

Пакінем Машу ды яе сяброўку і з належнай патэтыкай прадэклямуем папулярную лацінскую прымаўку: “Tempora mutantur, et nos mutamur in illis”. Дзяржава сёньня ўжо не хавае прыгожую вопратку ў недасяжных “Бярозках”, дырэктаркі школаў не выклікаюць у кабінэт дзесяціклясьніц, якія насьмеліліся прыйсьці на заняткі ў капроне, і не выдыхаюць ім у твар злавеснае: “У такіх панчохах ходзяць прастытуткі!”, ну а прыстойныя жаночыя боты можна набыць на любым гарадзкім кірмашы.

Адно што грошай на такія справункі няма, і беларускім жанчынам даводзіцца апранацца ў ношаныя, з жоўтым водценем санапрацоўкі і ўстойлівым трупным пахам, немаведама адкуль прывезеныя мэтлахі. І нават у іх жанчыны выглядаюць як Папялушкі на бале. Вунь Маша надзела вігоневы швэдар — сяброўцы ён быў замалы — і стала падобнай да Шэран Стоўн.

Не, нездарма нашыя паэты раз за разам паўтараюць словы, сказаныя колісь іхным літаратурным папярэднікам: “У беларускую жанчыну яшчэ ніхто камнем ня кінуў”. Вытрымаем паўзу, і, ад імя згаданай намі Машы і ўсіх беларускіх жанчын, прамовім на адрас паэтаў ды іншых мужчын-недалугаў: “Дзякуй і за гэта”.

Калісьці, за савецкім часам, у нетрах славутай канторы была распрацаваная арыенціроўка для шараговых міліцыянтаў, якія мусілі зьвяртаць увагу на маладых людзей, што падпалі пад уплыў буржуазнага нацыяналізму. Сярод іх адметных познамак называлася: “1. Размаўляюць на беларускай мове. 2. Ходзяць у белых вышываных кашулях”.

Разглядаючы такую тэндэнцыю ў разьвіцьці, можна ўявіць, што неўзабаве зьявіцца арыенціроўка на выяўленьне палітычна ненадзейных чыноўнікаў. Будзе там, безумоўна, і такі пункт: “Прыходзяць на масавыя мерапрыемствы ў белых кашулях і чырвоных (не піянэрскіх, а дарослых) гальштуках”. Вось і на мінулым агульнарэспубліканскім сэмінары па ідэалёгіі ў залі сядзеў не адзін дзясятак “сэмінарыстаў” у падобным строі, і не было аніводнага ў колерах савецкага памежнага слупа — у чырвонай кашулі зь зялёным гальштукам, ці ў зялёным фрэнчы з чырвонымі рэвалюцыйнымі шараварамі. Так што, у дадзеным выпадку вопратка і сапраўды ўзьнікла з пачуцьця сораму за свае словы і дзеі, і выявіла контуры хай і зьмізарнелай, але беларускай душы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG