Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы кабанчыкаў гадуюць


Алег Дашкевіч, Менск

Кабана гадаваць — ня семкі лускаць. Гэта нават больш, чым прафэсія. Як спортам займацца.

Так гаварыў мой прыяцель па інстытуце фізкультуры, спраўна кроячы сьцізорыкам “сьвіныя плечы”, што прывозіў ад матулі зь вёскі, з-пад недалёкага Слуцку. То былі ня проста словы. Прыяцель амаль кожнае нядзелі выбіраўся ў родавае гняздо і без парадаў бацькоў ведаў, што рабіць у хляве. Кабан там быў не адзін. Таму на высновы свае меў права, як зрэшты, і на свае “сьвіныя плечы”.

Захапляючыся біятлёнам і паказваючы ў ім някепскія вынікі (ён уваходзіў у моладзевую зборную Беларусі), мой студэнцкі сябар так і ня здолеў рэалізаваць свой спартовы патэнцыял. З прычыны павышанай адказнасьці за спадкаемную гаспадарку. Бацькоўскае выхаваньне. Аднаго разу сьпяшаючыся накарміць жывёлу, ён падвярнуў нагу і парваў сухажыльле. Тк звычайная сьвіньня перабегла яго біятлённую трасу.

Але што ні робіцца — усё да лепшага. Няспраўджаны біятляніст стаў добрым сьвінаводам. Прымаюць ягоных сьвінак “да рэалізацыі” на Камароўцы тыя, з кім я раней дасканаліў спартовае майстэрства на рынгу. Баксэрскі клян на чале з адным з заслужаных трэнэраў краіны апанаваў даходнае сьвіное месца на цэнтральным беларускім рынку на заранцы “перестройки” і ўтрымлівае яго дагэтуль.

Кажуць, спачатку менскі крымінал паспрабаваў быў абкласьці баксэраў данінай. Была нават “забіта стрэлка для разборкі” і ледзь не абвешчаная “сьвіная” вайна. Сьведкі сьцьвярджаюць, што ў прызначаны час на Камароўку зьехалася чалавек зь дзьвесьце былых і дзейных майстроў хукаў і апэркотаў. Пытаньне вырашылася, як кажуць у боксе, “тэхнічным накаўтам”.

“Ведзь эта нашы сьвінкі, ані памогут нам!” — выкруціўшы словы Высоцкага сьпяваў, узяўшы на грудзі чарку-другую пасьля працоўнага камароўскага дня, былы паўцяж Саша. “Ты ж паглядзі, што за прадукт — чысты, сьвежы, сапраўдны. Гэта ж нацыянальны сьцяг”, — падкідаў ён над прылаўкам важкія кавалкі сьвініны ў белыя ды чырвоныя палоскі. “Во, хахлы, кажуць, — канкурэнты. Трасцу. Ды ў іх сала — жоўта-блакітнае”, — расплываўся ён ва ўхмылцы, бліскаючы залатой фіксай.

Сьвінка для беларусаў — такая ж сакральная жывёла, як воўк ці бусел. Яе вобраз — неад’емная частка нашай сьвядомасьці й фальклёру, таму і стаўленьне да гэтага вобразу адпаведнае.

Ведаю аднаго пасьпяховага, па нашых мерках, бізнэсоўца, што ледзь не спазьніўся на надзвычай карысныя для ягонай фірмы перамовы з-за таго, што выправіўся на базар у Ракаў выбіраць парсюкоў. “Гэта ж рытуал, абрад, — тлумачыў ён пасьля. — Я на ім гадаваўся. Як купляць кабана альбо калоць, нічога не стрымае. А кайф які! — з запалам даводзіў ён у адказ на спачувальныя сьмяшкі. — Вы, народжаныя на асфальце, ніколі нас не зразумееце”.

Прыкладна тое самае я чуў раней у савецкім войску, калі адбываў пазачарговыя нарады на гаспадарцы ў “зямелі” — беларуса Колі па мянушцы “Міклаш-парсючок”, які ў нашай звышсакрэтнай вайсковай частцы, схаванай ад спадарожнікаў НАТО на некалькі паверхаў у зямлю мад’ярскіх лясоў, камандаваў сьвінарнікам. Гаспадарка ягоная працавала, як гадзіньнік. У час “Х” да плоту засакрэчанага аб’екта, каля шыльды “Небясьпечна. Страляюць без папярэджаньня” ў чэргі выстройваліся прадпрымальныя вугорцы. “Міклаш, парсючок”, — ледзь гучна неслася з-за плоту. Можа гэта адзінае беларускае слова, якое тыя вугорцы пад парасячы віск развучылі за ўсё сваё жыцьцё.

Дамоў “Міклаш-парсючок” паехаў ці ня першым са свайго прызыву, а ў дэмбэльскіх валізах павёз дэфіцытныя на радзіме амэрыканскія джынсы ды японскія магнітафоны.

Я з прыемнасьцю згадваю тых майстроў адвечнае беларускае справы, бо нягледзячы на тое, што нарадзіўся на менскім асфальце, асфальт той быў колеру менскага прадмесьця. Кабаноў на нашай аднапавярховай вуліцы трымалі ледзь ня ў кожнай хаце. Рэдка хто з маіх сяброў дзяцінства ня ведаў дарогі да малочнай кухні, што стаяла на суседняй вуліцы, зь дзівосным савецкім назовам “Асавіяхімаўская”, і не цягнуў стуль вядро сыроваткі для свайго парсюка. Альбо на просьбу нашых бабуль ня рэзаў ім крапівы на пустках, ці на роварах не кіраваў да хлебнае крамы на вуліцу Чкалава. Быў такі час за саветамі, калі сьвіней беларусы кармілі хлебам. Па 14 капеек за бохан. Прынамсі, у сталіцы менскія сьвінкі часта ласаваліся танным савецкім хлебам. Праўда, у абсалютна закансьпіраваных умовах жыцьця.

Памятаю, як законапаслухмяныя грамадзяне, што роўнымі шыхтамі хадзілі галасаваць за палітбюро, раптам выяўлялі цуды вынаходлівасьці, каб схаваць сваіх сьвінак-кабанчыкаў ад выканкамаўскіх праверак, якія за трыманьне свойскай жывёлы душылі дурнымі савецкімі падаткамі. Калі на скрайнюю хату абрыналася праверка, жывёла імкліва мігравала ў суседзкі гарод. І так па гародах, ад суседа да суседа, вандравала да сканчэньня праверачнага набегу.

За асаблівае стаўленьне беларусаў да гадоўлі кабанчыкаў цярпелі ня толькі суседзкія гароды, але і ўся беларуская прырода. Будаўніцтва буйных комплексаў сьвінагадоўлі за Машэравым вялося з размахам, і спаскудзіла не адзін родны краявід.

Неяк вяртаючыся са сваякамі на машыне з грыбоў, завярнулі мы зь сябрамі на бераг маленькай рэчкі, каб, як кажуць, сесьці-пад’есьці. Але задума нашая засталася марнаю, бо па рацэ той цугам плылі зусім ня ручнікі, а нешта агіднае, распаўсюджваючы такі згусьцелы “водар”, нібыта з пашчы цмока. А на пагорку быў відаць і сам цмок. Шэрая вялізная спаруда, праз расчыненыя праёмы вокнаў якой раўла і енчыла цемра галодных сьвіных рылаў.

Цяпер у нашых калгасах такога амаль не пабачыш. Сьвінкі там неяк самі сабой зьвяліся, а фэрмы раскідаліся. Але сьвежына на Каляды нікуды не зьнікала.

“Ну што ты мне таўчэш пра фэрмэрства, — даводзіў мне мажны дзядзька Адам. — Паглядзі на нашу вёску, тут жа ў кожнай хаце фэрмэр. Толькі дробны. І так заўжды было за маёй памяцьцю. Там трох кабаноў трымаюць, я таксама трох. А вунь у той хаце бабулі сто гадоў хутка, а яна, месяц таму кабана закалоўшы, зноў парасё завяла, а яшчэ ж карову трымае. Фэрмэр… Дай з калгасамі дарэшты разабрацца… Ну якой халеры мне траціць грошы й сілы, калі я спакойна дамоўлюся з брыгадзірам і вазьму ў калгасе столькі кармоў, колькі трэба. І яшчэ таго-сяго вазьму. А калі не дамоўлюся, усё роўна вазьму. Сыны, яснае дзела, калі што — прыедуць з гораду, дапамогуць. Мінулага разу прыяжджалі, хлеў чысьцілі. Тры хвіліны і — гатова. Бязь іх, вядома, цяжэй было б”.

Потым весялей дадаў: “Нейкія вітаміны замежныя сыны для кабаноў прывезьлі. Кажуць, надта ж карысныя. Дык я аднаго кабана зь вітамінамі кармлю, а астатніх, як раней. Паглядзім, што смачнейшае будзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG