Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віленская археалёгія


Аўтар Сяргей Дубавец

Пра кавовы пах праспэкту Гедыміна сёньня згадваюць хіба толькі сталага веку менчукі, якія некалі наведваліся сюды плоймамі на выходныя дні. Цяпер наведацца ня так і проста -- віза патрэбная і мяжа затрымае іншы раз на некалькі гадзін. Ды й кавовага паху на праспэкце не чуваць. Ідзе, як я ўжо сказаў, рэканструкцыя.

А ў кожнай такой будоўлі ёсьць свой зусім намацвальны кантэкст, культурны слой старажытнага места. Таму экскаватары раптоўна заціхаюць і ў шырокія яміны спускаюцца археолягі.

Літоўскія археолягі капаюць Вільню. Тую самую, што і беларускай сталіцай была на працягу пяціста гадоў. Тую, адкуль Скарынава кніга, адкуль змагар Каліноўскі, "Наша Ніва" ды ці мала чаго яшчэ. Сэнсацыйных знаходак -- не зьлічыць. Мне зусім па-фільмоваму ўявілася, як з-за памежных слупоў на працу калегаў пазіраюць беларускія гісторыкі і археолягі, якім доступу ані да Вільні, ані да раскопаў няма. І я вырашыў прысьвяціць гэтаму ўсяму "Вострую Браму". А дапамагчы мне згадзілася віленская гісторык і журналістка Тацяна Поклад.

(Поклад: ) "Віленскі пэрыяд гісторыі ВКЛ беларускія і літоўскія гісторыкі апісваюць па-рознаму, хаця абапіраюцца на тыя самыя факты. Афіцыйная літоўская гістарычныя канцэпцыя вялікіх князёў лічыць літоўцамі, акцэнтуе ўвагу на іх каталіцкасьці і каталіцкасьці самой Вільні, мову Вялікага Княства называе "канцылярскай мовай славянскага паходжаньня", ні ў якім выпадку не "беларускай" альбо "старабеларускай". Між тым, матэрыяльныя доказы беларускай і праваслаўнай прысутнасьці сустракаюцца ў віленскай зямлі часта. Таму археалягічныя дасьледаваньні літоўцы ахватней робяць па-за Віленшчынай, там, дзе менш верагоднасьці раскапаць нешта "ня тое".

Шырокае будаўніцтва, якое сёлета пачалося ў старой Вільні, змусіла да працы літоўскіх археолягаў, якія зусім не зьбіраліся рабіць раскопкі менавіта ў гэтых месцах. Гаворка ідзе пра дзьве досыць вялікія пляцоўкі: так званая тэрыторыя Ніжняга замку пад Замкавой гарой -- той самай, на якой стаіць вежа Гедыміна, сымбаль сучаснай Літвы, -- і на праспэкце Гедыміна, каля будынку Цэнтральнай пошты.

Пад Замкавай гарой цяпер -- навабуд. Тут "з нуля" ўзводзяць аграмадны Палац Вялікіх Князёў. На праспэкце Гедыміна -- агульная рэканструкцыя і будаўніцтва падземных аўтастаянак. Гэтым летам будаўнічыя працы давялося прыпыніць, бо трапілася столькі археалягічных знаходак, што іх немагчыма было ігнараваць. У разварочаныя ямы прыйшлі археолягі са скальпелямі і мэталашукальнікамі".

(Дубавец: ) “Беларуская і літоўская гісторыі адзінай супольнай дзяржавы -- Вялікага Княства -- гэта нібы гісторыі розных краін. Галоўным чынам таму, што калі беларусы яшчэ ўлічваюць нейкім чынам удзел літоўскае нацыі ў гэтым сярэднявечным гаспадарстве, дык літоўцы ўсяляк пазьбягаюць згадак пра беларусаў, прадстаўляючы ВКЛ як аднаканфэсійную, аднанацыянальную, аднамоўную краіну. Што ж, калі ў 1939 годзе літоўцам дасталася Вільня, тады яшчэ зусім не літоўская, гэта быў галоўны козыр, які дазволіў маленькай нацыі абвесьціць сябе адзінай спадкаеміцай Вялікай Літвы. І пакуль такая літоўская канцэпцыя мацавалася, беларусы пад саветамі праходзілі кароткі курс ВКПБ, паводле якога да рэвалюцыі яны ніякай нацыяй не былі і, каб не рэвалюцыя, так ніколі б нацыяй і ня сталі.

Але спыню свой экскурс, каб вярнуцца ў раскапаную старую Вільню і перадаць слова Тацяне Поклад:

(Поклад: ) "Доктар гісторыі Гінтаўтас Рацкявічус зь Літоўскага цэнтру дасьледаваньня замкаў кіруе сёлетнімі няплянавымі археалягічнымі працамі пад Замкавай гарой".

(Рацкявічус: ) "Асаблівасьць цяперашніх раскопак - тое, што яны не плянавыя, не паводле навуковых распрацовак. Археолягі працуюць разам з будаўнікамі".

(Поклад: ) "Тое, што беларускія спэцыялісты-гісторыкі ня маюць доступу да археалягічных скарбаў колішняй супольнай сталіцы Вільні, зусім ня значыць, што яны не назіраюць за падзеямі. Напрыклад, Алег Трусаў, які перакананы, што без дасьледаваньня Вільні зразумець гісторыю Беларусі і беларускага народу немагчыма, ацэньвае сытуацыю так".

(Трусаў: ) "... Вільню мала толкам хто капаў... Беларусам капаць не выпадала, таму што хто нас туды пусьціць. А літоўцы не капалі і не капаюць. Літоўцы асабліва Вільню стараюцца і не капаць, бо -- знойдзеш "ня тое". Яны ня вельмі імкнуцца раньнія слаі вывучаць, бо натыкаюцца на славянаў, і ўсе іхныя міты валяцца. Таму яны і Вільню капаюць "скрозь зубы" -- там, дзе будаўнічыя працы... Яны не аматары капаць гарады, бо ў гарадах што яны літоўскага могуць знайсьці...

Гэта культурны слой унікальны, там жа колькі знаходак можна знайсьці. Я калі быў у Коўна на раскопках -- там усё нямецкае, там немцы цэнтар засялілі, там рэчы такія ж, як і ў Клайпедзе -- фактычна, гэта быў Ганзейскі горад... А Вільня -- іншая, тут будзе больш беларускіх, славянскіх рэчаў... І скарб гэтых манэтаў яшчэ раз гаворыць пра тое, што шыла ў мяшку не схаваеш".

(Поклад: ) "Алег Трусаў згадаў найбольш сэнсацыйную сёлетнюю знаходку ў Вільні -- скарб. Пад Замкавай гарой, на тэрыторыі Ніжняга Замку, акурат там, дзе адбудоўваецца Палац Вялікіх Князёў, на глыбіні ўсяго двух мэтраў знойдзена столькі манэтаў, што знаходку ідэнтыфікуюць як скарб. Літоўскі гісторык Рацкявічус тлумачыць, чаму гэта сэнсацыя. Маўляў, такая канцэнтрацыя такіх старых манэт для віленскай археалёгіі -- выключная падзея. Тым часам беларускі археоляг Трусаў ня бачыць у гэтым нічога дзіўнага".

(Трусаў: ) "Што тут такога дзіўнага, у Вільні павінны быць такія манэты, проста Вільню кепска капалі археолягі... Нічога дзіўнага няма, што ў Вільні знайшлі скарб, дзе ж яго яшчэ шукаць... Раз тут нашая сталіца, тут павінна ўсяго быць болей і лепей, чым ў нашых іншых гарадах Беларусі... Ну, знайшлі такія манэты ў Вільні – дык у Вільні быў манэтны двор. Ну, напісана па-беларуску, -- дык мова дзяржаўная была беларуская, не па-літоўску ж іх падпісаваць. Вось каб па-літоўску было падпісана – вось дзіва было б".

(Поклад: ) "Беларускія гісторыкі не сумняюцца, што адзін з манэтных двароў ВКЛ быў у Вільні. Літоўскія дасьледчыкі перакананыя, што ў Вільні не было свайго манэтнага двара – таму, маўляў, і надпісы на манэтах не па-літоўску, не лацінскімі літарамі, а кірыліцай".

(Рацкявічус: ) "Усе гэтыя манэты – канца 14 ст., часоў панаваньня Ягайлы. Першы тып манэтаў мае надпіс на славянскай мове – "пячаць" і выяву дзіды на другім баку. Гэта канцылярская мова ВКЛ. Я не наважаны дыскутаваць пра мовы, бо трэба браць асобныя кавалкі часу. Калі браць канцылярыю Вітаўта, дык гэта -- канцылярская мова ВКЛ. Нас цікавяць надпісы, а ня мова, мы чытаем, а не чуем".

(Поклад: ) "Беларускія гісторыкі лічаць гэтую мову старабеларускай, гэта тая ж мова, на якой напісаныя Літоўскія Мэтрыкі. У Літве гэтую мову часам называюць "рускай", беручы слова ў двукосьсі".

(Трусаў: ) "Пісар абавязаны літарамі рускімі пісаці, а не якімі іншымі". Адсюль ідзе гэта – рускія. Ня мовай рускай, а літарамі рускімі. Гэта кірыліца маецца на ўвазе. Рускімі называлі праваслаўных жыхароў ВКЛ. Украінцаў, беларусаў. А ў Маскве былі маскалі, з Масковіі".

(Поклад: ) "Усяго знойдзена 62 манэты 14 ст. Яны былі рассыпаныя на плошчы каля 4 м. Знойдзеныя манэты 4-х тыпаў, але ўсе аднаго наміналу. Гэта першыя манэты Вялікага Княства, так званыя грошы Ягайлы. Сам Ягайла і выяўлены на іх".

(Дубавец: ) "Канцылярская мова ў якасьці дзяржаўнай мовы ВКЛ можа насьмяшыць любога, хто знаёмы зь Літоўскай Мэтрыкай ці Статутам Вялікага Княства Літоўскага. Насьмяшыць, бо хто б гэта мог быць носьбітам такой мовы, які народ -- канцыляры ці канцылярыты? Тым ня менш, у літоўскай гісторыі напісана менавіта так. Гэта, натуральна, міт. Але не чапаюць яго нават самыя прафэсійныя літоўскія гісторыкі. Гэта як умоўнасьць такая, як прынятасьць, як вера ў Дзеда Мароза.

Увогуле кожная разьвітая краіна мае свой гістарычны міт. З гледзішча найбольш зацятых прыхільнікаў гістарычных фактаў міт -- гэта хлусьня. Але паўсюль паспаліты чалавек ня фактамі натхняецца да жыцьця і ня фактамі вывярае сваю прыналежнасьць да ўласнага народу, а менавіта казкамі, мітамі, эпасам. Дакладнасьць фактаў часта разбурае вобраз. Мы, беларусы, зразумеем гэта, калі складзем сваю казку, свой эпас. Вось чаму і літоўскія казкі ня могуць выклікаць пярэчаньня. Урэшце ствараюцца яны для ўнутранага ўжытку, а не для нас. Іншая рэч, калі наша зь літоўцамі супольная спадчына робіцца недаступнаю беларусам.

(Поклад: ) "Сёлетнія віленскія знаходкі пакуль не дазваляюць фатаграфаваць і паказваць грамадзкасьці. Гісторык Рацкявічус тлумачыць, што гэта -- звыклая навуковая практыка".

(Рацкявічус: ) "Іх можна будзе і паказваць, і фатаграфаваць, але ўсяму -- свой час, цяпер яны рэстаўруюцца, зараз трэба парупіцца пра іх фізычны стан".

(Поклад: ) "Беларускі гісторык Алег Трусаў з гэтым катэгарычна ня згодны".

(Трусаў: ) "Гэта зусім не нармальная практыка, антынавуковая практыка. Таму што нармальная краіна даўно дала б усе гэтыя здымкі ва ўсе газэты, каб ўсе людзі бачылі. Таму гэта не нармальная практыка, не навуковая, і зусім ня робіць гонару літоўскім дасьледчыкам".

(Поклад: ) "Месца, на якім цяпер ў Літве вырашылі адбудоўваць палац Вялікіх Князёў, незвычайнае. Тут археалягічны культурны слой дасягае васьмі мэтраў. Ва ўсіх іншых месцах Вільні -- ня больш за чатыры мэтры. Сам Гінтаўтас Рацкявічус скептычна ставіцца да будаўніцтва Палацу".

(Рацкявічус: ) "З усімі гэтымі канструкцыямі, што вызначаныя, -- хаця б пасьпець да зімовых маразоў накрыць паўднёвы корпус, каб падтрымліваць адну тэмпэратуру і вільготнасьць. Бо інакш гэтыя досьледы ня маюць сэнсу -- выцягнуць матэрыял з-пад зямлі і глядзець, як усё гэта зьнікае".

(Поклад: ) "Некалі на гэтым месцы былі два палацы -- першы, стары, быў разбураны ў часы Вітаўта Вялікага, як мяркуюць, на мяжы 14 і 15 ст. Парэшткі другога палацу, які быў збудаваны на гэтым месцы пазьней, і знаходзілі звычайна археолягі. А вось сёлета адкапалі той, самы першы. Муры 13 ст., кантрафорсы... Літоўскія гісторыкі кажуць, што гэта -- найстарэйшыя рэшткі пабудоваў на тэрыторыі Літвы, а можа і на тэрыторыі ўсяго ВКЛ. Беларусь, землі якой складалі ядро Княства, ва ўлік зноў не бярэцца. Насамрэч існуюць і больш старажытныя рэшткі будоваў, напрыклад, у нашым Крэўскім замку. Але калі запытаць літоўскіх гісторыкаў пра Крэва, яны кажуць -- ну, там усё сталінскія бульдозэры зьнішчылі, і няма там ўжо ніякіх сур'ёзных рэчаў.

Палац Вялікіх Князёў плянуюць адбудоўваць "у аўтэнтычным выглядзе". Для цяперашняй Літвы гэтая будоўля ня толькі самая дарагая, але й ідэалягічная. Палац адбудоўваецца на жалезабэтонных палях, а ўсё, што засталося ад аўтэнтычнага фундамэнту, абяцаюць захаваць для экспазыцыі.

Другія маштабныя раскопкі ў Вільні адбываюцца цяпер на праспэкце Гедыміна, там, дзе вядзецца рэканструкцыя самога праспэкту і будаўніцтва падземных аўтастаянак. Археалягічныя знаходкі ў гэтым месцы камэнтуе беларускі гісторык Алег Трусаў".

(Трусаў: ) "Зараз напароліся на тое, што знайшлі Галубовічы ў 1939-40-м годзе. Польскія археолягі, якія працавалі ў Віленскім унівэрсытэце, муж і жонка Галубовічы якраз у гэты пэрыяд, калі Вільня ужо стала савецкай, знайшлі г.зв. Крывіч-горад, то бок тое месца, дзе было першае паселішча -- можа ў 12 ст. -- заснаванае палачанамі. Гэтыя матэрыялы яны надрукавалі ў рускім часопісе "Краткіе сообщенія Інстітута історіі матеріальной культуры", гэта публікацыя 40-га году. Гэтую публікацыю літоўцы забаранілі, не спасылаюцца ніколі на яе. А там яны знайшлі рэчы 12-13 ст., гэта было тыповае паселішча накшталт Полацаку, там балцкіх рэчаў не было".

(Поклад: ) "Сёлетнія самыя старыя знаходкі літоўцы датуюць 15 альбо 16 ст. -- гэта рэшткі печаў і яма для прамысловых адкідаў, поўная жалезнага, меднага і бронзавага ліцьця, керамічных аскялёпкаў, і побач рэшткі драўлянай і мураванай кладкі ад вялікага будынку, які згарэў ў 1655 г. -- пад час вайны з Масковіяй, як мяркуюць.

Побач, насупраць былога кінатэатра "Віленскі" знойдзеныя пахаваньні -- 8 трунаў; у адным са скелетаў -- куля. Археоляг Квізікявічус выказаў меркаваньне, што ва ўсіх трунах -- забітыя паўстанцы Касьцюшкі. Невядома толькі, ці былі на гэтым месцы могілкі, -- царквы альбо касьцёлу там няма.

Спаміж пазьнейшых знаходак -- драўляныя ходнікі каля Катэдральнага пляца. Яны нямала зьбянтэжылі літоўскіх археолягаў, бо ня ўпісваюцца ў літоўскую канцэпцыю гісторыі Вільні. Тут, паводле цяперашніх уяўленьняў, было глухое бязьлюдзьдзе. І раптам -- ходнікі, як у цэнтры гораду. Вось жа ў вызначэньні старажытнага цэнтру літоўскі і беларускі погляды зноў разышліся".

(Трусаў: ) "... хутчэй за ўсё, Вільня мела некалькі цэнтраў. І мы ня ведаем -- калі Вільня дакладна ўзьнікла, ня ведаем, дзе быў першы цэнтар. Таму што сталіцай яна стала толькі на мяжы 13 -14 ст., пасьля Трокаў, хутчэй за ўсё ў 14 ст. І дзе той быў цэнтар, ніхто ня ведае, ніхто яго ніколі не шукаў, бо ня выгадна літоўцам яго шукаць. А калі прыйшоў Вялікі князь Літоўскі, пачаў новае будаўніцтва, заснаваў новы цэнтар і гэта зусім ня значыць, што ён новы цэнтар паставіў на месца старога. Хутчэй за ўсё, ён памяняў месца. Цэнтар жа Полацку зусім не на Верхнім замку, а на Палаце. І Менск: старажытны Менск ў 10-ці км ад сёньняшняга, на Менцы. Перанос цэнтру -- гэта нармальная зьява, калі горад становіцца сталіцай. Так што гэтыя знаходкі пацьвярджваюць, што старажытны горад мог існаваць і ня там, дзе замак, а дзесьці трошку ў іншым месцы. Таму што быў жа ён Крывіч-горад, так называўся, потым ўжо Вільня стаў".

(Поклад: ) "Аднак літоўскія гісторыкі не наважаныя адмаўляцца ад ідэі пра тое, што ў Вільні быў адзін, прычым літоўскі цэнтар. А ўжо вакол яго былі перадмесьці, дзе жылі паводле свайго звычаёвага права розныя "славяне" ды іншыя канфэсіі. Маўляў, палітычны цэнтар -- гэта нешта адрознае ад цэнтру эканамічнага, гандлёвага. Доктар Гедымінас Вайткявічус, які кіруе гэтымі раскопкамі, прызнае, што апошнія знаходкі абвяргаюць гіпотэзу пра разьвіцьцё Вільні ад замку і зьмяняюць уяўленьні літоўскіх гісторыкаў пра цэнтар старой сталіцы. Але пры гэтым спадар Вайткявічус стаіць на сваім".

(Вайткявічус: ) "Цэнтар у Вільні, вядома, толькі адзін. Некалькі цэнтраў – ня вельмі часта гэта бывае. Цэнтар – гэта дзе рэзыдэнцыя ўлады. Яго атачаюць перадмесьці. Напрыклад, праваслаўная Рутэніка, што згадваецца ў пісьмовых крыніцах, -- гэта нам відавочна зараз. І было каталіцкае места, там дзе Пранцішканскі касьцёл, касьцёл Сьв.Мікалая, -- арыентаванае на шлях на Трокі, на Лівонію, гэта нам таксама зараз відавочна. А далей у першай палове 15 ст. пасьля Прывілеяў Жыгімонта адбылося аб'яднаньне каталіцкага і праваслаўнага цэнтраў і была заселеная ўжо тэрыторыя цяперашняга Ратушовага пляцу, які стаўся цэнтрам прыцягнененьня для ўсяе Вільні. Але каб сказаць што палітычны цэнтар міграваў – няма зьвестак. Палітычны, кіраўнічы цэнтар у Вільні быў толькі адзін".

(Дубавец: ) Праблема цэнтру ці цэнтраў Вільні -- прафэсійная праблема гісторыкаў. Няхай бы ў літоўцаў быў адзін цэнтар, а ў нашых -- шмат. Кожны ўрэшце стварае доказы для сябе самога. Асабіста мне зноў думаецца пра няўдзел беларусаў у дасьледаваньнях Вільні, пра магчымасьць для нас толькі літоўскага пункту гледжаньня, а ўрэшце -- пра недаступнасьць нават такой трактоўкі.

Што гэта значыць? Што археолягі-прафэсіяналы заўсёды едуць у абозе дзяржаўнае ўлады? І гэта зусім ня тая прафэсія, якая служыць навуцы, культуры, прыгажосьці. Альбо -- што ў кожнага караля -- свае паэты, і якая ўлада -- такая і літаратура? І не існуе ніякіх свабодных музаў?..

(Поклад: ) "Літоўцы сёньня імкнуцца давесьці нават ня столькі літоўскасьць Вільні (альбо гэта ўжо ўспрымаецца, як справа зробленая), колькі "эўрапейскасьць", і тут, мусіць, усё, што беларускае -- замінае. Напэўна, яшчэ больш замінаў бы ўдзел беларускіх гісторыкаў у навуковай працы. Таму прыярытэт аддаецца кантактам з заходнімі гісторыкамі, у якіх свайго інтарэсу ў віленскай мінуўшчыне няма. Вось і пра знаходкі пад Замкавай гарой Г.Рацкявічус паедзе дакладваць гэтай восеньню ў Люблін. Я спыталася ў Гедымінаса Вайткявічуса, ці паведамляюць яны пра свае знаходкі беларускім калегам?"

(Вайткявічус: ) "Увосені, у кастрычніку пачнецца навуковая апрацоўка знаходак. Навуковае супрацоўніцтва можна толькі вітаць, але пакуль трэба знайсьці што б нас магло лучыць, якія пытаньні. А цяпер пакуль рана пра гэта, ідуць чыста палявыя працы. Магчымасьць сустрэчы зусім не адкідаем, але канкрэтызаваць гэта пакуль немагчыма".

(Дубавец: ) Каторы раз задумаесься пра абсурд такой сытуацыі, калі Вільня і Менск разьдзеленыя менш чым дзьвюма сотнямі кілямэтраў, а насамрэч, нібыта знаходзяцца на розных кантынэнтах. Літоўскія гісторыкі ня ведаюць, што б іх магло лучыць зь беларускімі калегамі. Як кажуць, дружба дружбай... А паспрабуй яшчэ, беларускі гісторык, пераскоч спачатку візавы бар'ер дзяржаўнае мяжы, пасьля бар'ер фінансавы, бюракратычны -- растлумач, нашто табе ў сталіцу суседняе краіны спатрэбілася, а нават калі ўсё гэта папераскокваеш, тут табе і апошні бар'ер -- ад калегаў-гісторыкаў. Не пакажуць, што яны там знайшлі.

Практыка хаваньня беларускага паходжаньня віленскае спадчыны ідзе з савецкіх часоў. Самы, бадай, яскравы прыклад -- слуцкія паясы ў віленскіх музэях, выстаўленыя як "вырабы з цэнтральнай Эўропы". Мы іх пазнаем, а дня іншых яны -- нічые.

Зь іншага боку, калі й сапраўды археолягі капаюць толькі зямлю свае пашпартнае прыпіскі, а сэрца, душа і навуковая мэтазгоднасьць тут ні пры чым, калі гісторыкі езьдзяць толькі ў абозе сваёй дзяржавы, значыць і справа іхнага ўдзелу ў дасьледаваньні сваёй жа, але колішняй сталіцы -- справа дзяржаўная, палітычная і дыпляматычная. І ўся праблема толькі ў тым, калі гэта стане зразумела цяперашняй буларускай дзяржаве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG