Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыяльная тэорыя адноснасьці


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст
Падчас знакамітага красавіцкага страйку 1991 году ў Менск прыехалі два інструктары з польскай «Салідарнасьці» – так бы мовіць, перадаваць беларускім рабочым рэвалюцыйны досьвед. Іх, дарэчы, нават у тыя вегетарыянскія часы потым дэпартавалі. Але да таго я разгаварыўся з адным зь іх, які ў часы ваеннага становішча і ў турме пасядзеў, і ў падпольлі быў. Я як савецкі ўзьнёслы лібэрал кажу яму: «Які ў нас тут «савок». А вось у вас такія выдатныя рэформы Бальцаровіч робіць». Гляджу – на мае словы суразмоўца бялее тварам. І кажа: «Бальцаровіч для Польшчы – як Гітлер. Ён нас абрабаваў!»

Уразіла мяне тады тая гутарка, тым больш, што вызначэньне прагучала з вуснаў ня нейкага адстаўнога «камуха», выкінутага зь цёплага крэсла, а ад чалавека, які жыцьцё паклаў дзеля новай, некамуністычнай Польшчы.

Прыгадалася тая гісторыя ў сувязі з нашай спрэчкай са Сьвятланай Калінкінай (у якой сваё важкае слова сказаў і Андрэй Пачобут) – наконт «мудака» з «Барысаўдрэва».

Калі па шчырасьці, дык я і тады, і зараз – усё ж больш на баку Бальцаровіча, як і расейца Гайдара, і немца Эрхарда, і многіх іншых рэфарматараў. Але не лічыў і не лічу мудаком таго майго суразмоўцу з «Салідарнасьці».

Хаця з пункту гледжаньня Сьвятланы і Андрэя – ён, відаць, такі і ёсьць. Магчыма, і ён, як і ягоны калега з «Барысаўдрэва» 2012 году, працаваў на стратным прадпрыемстве, гэта значыць, паводле лёгікі Андрэя, усім быў вінны і нават пікнуць права ня меў, як утрыманец на шыі грамадзтва. Круціцца ж трэба, як і было сказана. А ён нечым абураўся, скардзіўся вось нават мне-замежніку, нудзіў. Ну і хто ён пасьля гэтага?

Дарэчы, знакамітую гданьскую верф імя Леніна, зь якой і пачалася «Салідарнасьць», рэфарматары проста зачынілі. Камуністы маглі там людзей расстрэльваць, што і было у 70-х, але закрыць – у галаву не прыходзіла. А дэмакраты зачынілі. Нерэнтабэльна. Круціцеся, даражэнькія. Капіталізм.

«Я гавару праўду, горкую, але праўду» – заявіла Сьвятлана ў «Акцэнце». Вось тут варта адкрыць адну таямніцу. Насамрэч, гэта ня праўда. Аднак і не няпраўда. Гэта ідэалёгія, жыцьцёвая філязофія, парадыгма, сутнасьць якой: чалавек сам каваль свайго шчасьця і, што вельмі важна, няшчасьця. Няшчасны – значыць, сам і вінаваты, ня здолеў знайсьці прыкладаньня сваім здольнасьцям, каб грамадзтва цябе годна ўзнагародзіла. Аднак перакананьне ў гэтым падобнае на веру ў Бога – у яго вераць не таму, што атрымалі доказы, неабвержныя, як 2х2=4. На гэта ўжо потым «накручваецца» рацыяналізацыя, падбіраюцца аргумэнты. Але ў аснове – перакананьне: яно так, таму што так яно ёсьць ці павінна быць, таму што так збудаваны ці мусіць быць збудаваны сьвет.

Але ёсьць і іншы погляд, іншая вера: што чалавек, якому не пашчасьціла ў жыцьці – вельмі часта ахвяра абставінаў, што парадак разьмеркаваньня дабротаў, які складваецца спантанна, несправядлівы і мае патрэбу ў паляпшэньні дабрадзейнай рукой дзяржавы ў накірунку большай роўнасьці. І гэта неабавязкова камунізм: стваральнікі прафсаюзаў, Франклін Рузвэльт зь яго «Новым курсам», бацькі «швэдзкага сацыялізму» – усе яны не былі камуністамі, на думку некаторых, яны якраз і прадухілілі прыход камунізму, пайшоўшы насустрач рабацягам са сваіх «Барысаўдрэваў».

У гэтым сэнсе наша спрэчка са Сьвятланай і Андрэем, па-першае, калі ня вечная, то ўжо вельмі старая – ёй прынамсі два стагодзьдзі, калі ня больш, а па-другое – глябальная. Пра што былі апошнія выбары ў Літве, Францыі і ЗША? Менавіта пра гэта. Памятаеце знакаміты сьпіч Ромні наконт 47%? «47% людзей будуць галасаваць за Абаму, нягледзячы ні на што. Ну добра, 47% стаяць за ім, яны залежаць ад ураду, яны лічаць, што яны зьяўляюцца ахвярамі, яны лічаць, што ўрад нясе адказнасьць за апеку над імі, яны лічаць, што яны маюць права на мэдычнае абслугоўваньне, харчаваньне, жытло і ўсё такое. Што гэта іх прывілеі. І што ўрад павінен даць ім усё гэта. І яны будуць галасаваць за гэтага прэзыдэнта, нягледзячы ні на што. Гэта людзі, якія ня плацяць падаткаў ад прыбытку. Мая задача палягае ня ў тым, каб клапаціцца пра гэтых людзей. Я ніколі іх не пераканаю, што яны павінны ўзяць асабістую адказнасьць за клопат пра сваё жыцьце» – казаў кандыдат у прэзыдэнты ЗША.

Ну проста слова ў слова тое, што і Сьвятлана напісала ў сваім Фэйсбуку. Толькі што мудакамі не назваў. Мо слова такога ня ведае. Зразумела, кантэкст падобных дыскусій у розных краінах розны: у Беларусі спрэчка ідзе пра квазісавецкую эканоміку, у ЗША – напрыклад, пра сыстэму мэдычнага страхаваньня, якая ў Эўропе існуе з часоў Бісмарка. Але спрэчка па сутнасьці пра тое самае – як дзяліць нацыянальны пірог: па заслугах ці па справядлівасьці?

Рацыянальна даказаць слушнасьць таго ці іншага погляду немагчыма ў прынцыпе.

Да таго ж выбар у значнай ступені абумоўлены якраз сацыяльнымі пазыцыямі, сацыяльнымі вынікамі. Прамой сувязі тут няма, дай Бог таму рабочаму з «Барысаўдрэва» ніколі не перажываць тое, што перажывала Сьвятлана пры ператрусах і Андрэй – пры шматлікіх арыштах. Але гераічнай філязофіі наконт каваля ўласнага шчасьця і няшчасьця значна часьцей схільныя прытрымлівацца людзі, якія скавалі сабе менавіта шчасьце. І наадварот – тыя, хто ня здолеў выйграць у жыцьцёвай гонцы, часьцей схільныя вінаваціць у гэтым абставіны. А яшчэ дакладней – той ці іншы падыход адстойваюць, як правіла, тыя, хто спадзяецца, што калі іх погляд стане (ці будзе заставацца) нормай жыцьця ўсяго грамадзтва, ім будзе жыць лепш, чым у адваротным выпадку.

Маё адрозьненьне ад шаноўных апанэнтаў – ня ў тым, што я прытрымліваюся цалкам супрацьлеглай парадыгмы, я хутчэй падзяляю іхную, колькі ў тым, што лічу абедзьве парадыгмы раўнапраўнымі.

Як казаў знакаміты фізык Нільс Бор, «ісьціны бываюць ясныя і глыбокія. Яснай ісьціне супрацьстаіць хлусьня. Глыбокай ісьціне супрацьстаіць іншая ісьціна, ня менш глыбокая».

Можна не пагаджацца з гэтым і лічыць, што мае рацыю выключна адзін бок. Але сацыяльнае і палітычнае жыцьцё ня зводзіцца да інтэлектуальнага фэхтаваньня. хаця пры належнай упартасьці можна і не вылазіць з інтэлектуальнага «бункеру», добра пашытай тэорыі ня страшныя ніякія факты.

Вось той жа Бальцаровіч і страціў пасаду неўзабаве пасьля маёй гутаркі з тым «салідарноўцам». І не ў апошнюю, калі ня ў першую, чаргу – якраз з прычыны рэакцыі на ягоныя рэформы падобных «мудакоў». А іншай рэакцыяй стаў прыход да ўлады посткамуністаў. Праўда, і тыя фактычна ня здолелі ці не захацелі паварочваць зробленае Бальцаровічам у адваротны бок. Аднак неяк палітычна салідарызавацца з Бальцаровічам польская палітычная эліта і зараз перасьцерагаецца – палякі, нават цэнячы цяперашні дабрабыт, памятаюць, што ім зрабілі вельмі балюча. І хто зрабіў. Дык тое палякі. А беларусы на кволыя і непасьлядоўныя рэформы пачатку 90-х адказалі натуральным чырвоным рэваншам – аглушальным галасаваньнем у 1994 годзе.

І той, хто забудзе пра ўрок 1994 году, прырэчаны да таго, каб атрымліваць яго зноў і зноў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG