Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Згортваньне будаўніцтва дасьць рост коштаў на жытло


Аляксандар Лукашэнка працягвае ўчыняць разнос структурам, якія «завальваюць» адзін дзяржаўны праект за адным.

Напярэдадні ён рэзка скрытыкаваў сфэру жыльлёвага будаўніцтва, якая не спраўляецца з задавальненьнем попыту на нерухомасьць і тармозіць рэалізацыю задумаў пра асваеньне гарадоў-спадарожнікаў. Лукашэнка паабяцаў, што чыноўнікаў, якім давядзецца шукаць новую працу, неўзабаве стане больш.

Лукашэнку не задавальняе, як падначаленыя вырашаюць жыльлёвую праблему найперш у сталіцы. Палітыка ўшчыльненьня ўжо існуючых кварталаў, як правіла, прыводзіць да сацыяльнага незадавальненьня, а значыць, такі шлях памылковы. Прапановы выходзіць за кальцавую дарогу — таксама не варыянт: Менск ня можа бясконца разрастацца, да таго ж — коштам забудовы ўрадлівых земляў. Незадаволены кіраўнік краіны і тым, як рэалізуецца ідэя перадысьлякацыі часткі бескватэрнага насельніцтва ў «спадарожнікі»: з нуля будаваць новы горад на ўскрайку старога, як у выпадку са Смалявічамі, нерацыянальна.

Разам з тым Лукашэнка даў зразумець, што вырашаць за грамадзянаў іх жыльлёвыя пытаньні дзяржава не зьбіраецца — маўляў, і так дастаткова было зроблена памылак, калі пачалі крэдытаваць усіх без разбору:

«У Менску на ўліку тых, хто мае патрэбу ў жыльлі, траціна ад усіх чаргавікоў краіны. Ад таго, наколькі вывераныя і рацыянальныя нашы крокі, залежаць ня толькі тэмпы вырашэньня надзвычай важнага ў жыцьці людзей пытаньня забесьпячэньня даступным і якасным жыльлём, але і стратэгія горадабудаўніцтва. Спадзявацца на тое — гэта грамадзянаў тычыцца — што дзяржава ўсім пабудуе жыльлё, кватэры, дамы, роўна як і спадзявацца на тое, што дзяржава ўсім дасьць ільготныя крэдыты пад 5%, а гэта значыць — ніякія, бо таксама атрымліваецца будаўніцтва жыльля за кошт дзяржавы пры цяперашняй інфляцыі. Вось гэтыя спадзяваньні трэба адкінуць. Дзяржава павінна дапамагчы толькі тым, хто гэтага сапраўды ня можа зрабіць».

Аляксандар Лукашэнка папярэдзіў старшыню Менгарвыканкаму Мікалая Ладуцьку, каб той выкінуў нават думку з галавы, што ў сталіцы будзе весьціся такое ж маштабнае будаўніцтва, як дагэтуль. Па яго словах, немагчыма перацягнуць у Менск усю Беларусь, таму ствараць умовы для жыльля і працы трэба найперш у рэгіёнах. Прэзыдэнту было даложана, што ахвотных зьмяніць менскую прапіску набралася амаль паўтары тысячы. У якасьці альтэрнатыўных пляцовак названыя перадусім Смалявічы, Заслаўе, Рудзенск. Раней у гэтым сьпісе таксама фігуравалі Фаніпаль, Дзяржынск, Жодзіна.

Удзельнікі рынку не хаваюць пэсымізму адносна рэвалюцыйнай ідэі перасяліць менчукоў, якія маюць патрэбу ў жыльлі, на выселкі. Гаворыць старшыня Беларускай асацыяцыі «Нерухомасьць» Мікалай Прасталупаў:

Я ня ведаю нікога сярод сваіх сваякоў ці знаёмых, якія б хацелі самі выехаць альбо сваіх дзяцей і ўнукаў вывезьці ў Смалявічы, Заслаўе, кудысьці ў Дзяржынск

«Я ня ведаю нікога сярод сваіх сваякоў ці знаёмых, якія б хацелі самі выехаць альбо сваіх дзяцей і ўнукаў вывезьці ў Смалявічы, Заслаўе, кудысьці ў Дзяржынск. Амаль перакананы: сярод менчукоў такіх ахвотных няма. Таму спроба выселіць менчукоў у 20-кілямэтровую зону, а то і яшчэ далей, лічу, ня толькі не пэрспэктыўная, але і ня самая разумная. Ня хочацца больш грубыя словы ўжываць. Менчукам трэба будаваць жыльлё ў Менску. Магчымасьцяў шмат: аэрапорт „Мінск-1“ стаіць, ужо 6 гадоў пра яго толькі гавораць. Тое, што ўчора зачапілі паўночны кірунак — Навінкі, птушкафабрыка, вось гэтыя ўсе раёны, — там жа суцэльныя палі стаяць. Ёсьць у Менску дзе і што будаваць. Таму лічу, што ўсё ж больш правільна з гледзішча будаўніцтва жыльля і паляпшэньня жыльлёвых умоваў менчукоў, безумоўна, — гэта будаўніцтва ў Менску. А не ў якіх гарадах-спадарожніках ці дзесьці яшчэ».

На перакананьне суразмоўцы, любое згортваньне прапановы неадкладна адаб’ецца на коштах. Гэта значыць, працэс выраўноўваньня цэнаў і нават патаньненьня нерухомасьці ў Менску, які назіраўся апошнім часам, пасьля агучаных плянаў уладаў можа рэзка стартаваць у адваротным кірунку:

«Калі зыходзіць са звычайных правілаў любога рынку, то зьніжэньне прапановы заўсёды выклікае рост коштаў. Яшчэ раз паўтараю — на любым рынку: хоць нерухомасьці, хоць прадуктаў харчаваньня, хоць адзеньня. Таму, калі ўлады насамрэч будуць весьці палітыку на зьніжэньне аб’ёмаў жыльлёвага будаўніцтва, то, безумоўна, гэта вельмі хутка адаб’ецца на коштах».

Паводле Менгарвыканкаму, у сталіцы чарга на жыльлё перавышае 265 тысяч сем’яў і асобных грамадзянаў. За 10 гадоў яна павялічылася ўдвая, што тлумачыцца міграцыйным прыростам насельніцтва з рэгіёнаў. Цяпер ладзіцца рэвізія на прадмет таго, хто з чаргавікоў ужо мае ва ўласнасьці жыльлё, але зьбіраецца будавацца яшчэ. Са сьпісаў выкрасьлена больш за 13 тысяч прозьвішчаў, а ўсяго, паводле разьлікаў, з чаргі будзе выведзена блізу 30 тысяч чалавек. Усім, хто мае патрэбу, у першую чаргу прапануецца «пэрспэктыўны варыянт» зь пераездам у гарады-спадарожнікі.

Пры гэтым, як кажуць адмыслоўцы, прывабнасьці пераезду не дадае найперш тое, што кватэры ў тых жа Смалявічах будуць не таньнейшыя за менскія. Галоўная прычына — неабходнасьць падводу новых камунікацыяў, якія зьядаюць большую палову выдаткаў на будаўніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG