Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяскоўцы засыпалі спрошчаны пераход бульбай


Ад 29 лістапада ў Гомельскай вобласьці на пунктах спрошчанага памежнага пропуску Андрэеўка, Глыбоцкае, Паддабранка, Лоеў мяняецца пералік тавараў, якія можна правозіць празь беларуска-ўкраінскую мяжу.

У Гомельскай памежнай групе ўдакладнілі, што новы парадак тычыцца й іншых памежных пераходаў, у тым ліку й тых, якія з ініцыятывы мясцовых органаў улады Беларусі й Украіны могуць дзейнічаць часова:

«Новыя правілы ўстаноўленыя на падставе інфармацыі Дзяржаўнага мытнага камітэту. Яны тычацца дзейных пунктаў спрошчанага пропуску, якія толькі днём працуюць: Андрэеўка, Паддабранка, Глыбоцкае, Лоеў. Іх тычыцца гэтая інфармацыя. Плюс некалькі пунктаў пропуску, якія адкрываюцца па заяўках раённых адміністрацыяў — яны пэрыядычна адкрываюцца. Напрыклад, на рэлігійныя сьвяты».

Цяпер мясцовыя жыхары, нават едучы на сьвята ў госьці да сваякоў, могуць узяць з сабою толькі тавары асабістага карыстаньня. Гэта ўжыванае адзеньне, абутак без фабрычных пакункаў і ярлыкоў, прадметы асабістай гігіены — па 1 адзінцы, але ня больш за 5 найменьняў. Гэтаксама й ноўтбукі, прымачы, фота- й відэакамэры.

Харчоў у суткі можна правезьці аднаму чалавеку ў сукупнасьці да 5 кіляграмаў — кожнага найменьня вагой ня больш за 1 кіляграм.

Апрача таго, кава й гарбата абмяжоўваюцца 250 грамамі, сьпіртовыя напоі — 750 грамамі, калі гэта адна бутэлька, піва — 2 літрамі ў адной пасудзіне, цыгарэты — 40 штукамі.

Прадукты жывёльнага паходжаньня прапусьцяць празь мяжу толькі ў заводзкім пакунку й толькі пры спрыяльнай эпізаатычнай сытуацыі ў краіне, дзе яны вырабленыя.

У аўтамашыне паліва можна мець толькі ў фабрычным баку, а ў багажніку — адно запасное кола, помпу, канат ды ключы першай неабходнасьці.

Нават на пахаваньне ці памінаньне сваяка мясцовыя жыхары могуць перавезьці празь мяжу толькі па адной рэчы рытуальнага прызначэньня.

Такое ж абмежаваньне й на сельгасынвэнтар — адна рыдлёўка, граблі, вілы, вядро.

Спадарыня Валянціна, жыхарка вёскі Глыбоцкае Гомельскага раёну, якая мае сваякоў у суседняй Украіне й дзе ёсьць спрошчаны пункт пропуску да бліжэйшай украінскай вёскі Ільмаўка, апавядае:

«Яйка ўзяла б — нельга, масла — нельга, мяса — нельга, сала — нельга. Калі я хачу паехаць, магу купіць кіляграм печыва, кіляграм цукерак. Магу купіць кіляграм крупаў, цукру, калі яны таньнейшыя. Але справа ў тым, што мы ня можам езьдзіць туды па пакупкі, бо ня можам набыць грыўні — грошы памяняць мы ня можам».

Вяскоўка кажа, што нельга завезьці сваякам ва Ўкраіну нават бульбы ці гародніны. І адтуль нельга прывезьці: не ўкраінскія мытнікі, а свае, беларускія, не прапускаюць назад з багажом:
Лішняя вага — куды хочаш, туды й дзявай: хочаш — еш, хочаш — вярніся й занясі назад


«У нас мытня стаіць амаль у вёсцы. Людзі вязуць у сумачцы — не мяшок, а, уявіце, у сумачцы — на ровары ад бацькоў, і гэтая мытнейка засыпана бульбай, бо праз мытню не прапускалі гэтую бульбу — была лішняя вага. Яны вагу трымаюць у руках і ўзважваюць. Лішняя вага — куды хочаш, туды й дзявай: хочаш — еш, хочаш — вярніся й занясі назад. Людзі заварочваліся, адыходзілі крыху далей за мытню, каб не было відаць, і высыпалі тую бульбу, і назад вярталіся ўжо ні з чым».

Гомельская пэнсіянэрка Ніна, якая часамі езьдзіць з мужам ва ўкраінскую Дабранку да сына, лічыць, што для сталых жыхароў памежжа павінен быць свой парадак стасункаў, у тым ліку й на перавоз пэўнай колькасьці сельгаспрадуктаў:

«Тыя, хто блізка жыве ля мяжы, яны нешта й туды завязуць, і сабе прывязуць. Дзеля чаго гэтыя абмежаваньні? Я разумею, калі гаворка ідзе пра нейкія фабрычныя пакункі — ладна, гэта дзяржаўнае. А чаму не дазволіць сваім абмяняцца — яблыкамі, бульбай, морквай ці той жа цыбуляй? Не дазволіць перавезьці? Гэта няправільна, вядома. Што ўжо там з гэтых людзей высмоктваць?!»

Камэнтар прэсавага сакратара Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандра Цішчанкі:

«Пункты спрошчанага пропуску паводле міжнародных правілаў называюцца пунктамі перасячэньня мяжы ў беставарным парадку. І гэтай назвай усё тлумачыцца — што там можна пераходзіць мяжу толькі без тавару. Нормы, якія былі абвешчаныя гомельскімі памежнікамі, ня тычацца абмежаваньняў, гэтыя нормы падпадаюць пад катэгорыяю „беставарны“. То бок гэтыя аб’ёмы грузу падпадаюць пад катэгорыю беставарнага перасячэньня мяжы, а гэта ніякія не абмежаваньні.

Другі важны момант. У дадзеных пунктах спрошчанага пропуску няма мытнага кантролю, бо няма перасячэньня мяжы з таварамі. Таму там нясуць службу толькі памежнікі. Зрабіць мытнае афармленьне тавару там проста няма фізычнай магчымасьці. Можна зразумець жаданьне людзей адвезьці сувэнір ці прывезьці сувэнір, але гэтыя тавары там проста няма каму аформіць. Таму, калі ў кагосьці ёсьць неабходнасьць везьці тавары, то давядзецца карыстацца толькі пунктамі міжнароднымі, міждзяржаўнымі. То бок стандартнымі аўтадарожнымі пунктамі пропуску».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG