Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не ўзялі на працу, бо.. калектыў быў супраць


Аляксей Паўлоўскі
Аляксей Паўлоўскі

28 лістапада Ленінскі суд Магілёва пакінуў без задавальненьня пазоў сябра прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці і іншых галін гаспадаркі Аляксея Паўлоўскага супраць мясцовага домабудаўнічага камбінату.

Актывіст намагаўся праз суд уладкавацца туды мулярам, а яму адмаўлялі на той падставе, што супраць гэтага нібыта выступае працоўны калектыў. Паводле Паўлоўскага, такая пазыцыя адміністрацыі для яго дыскрымінацыйная і палітычна матываваная. Таму ён зьвярнуўся ў суд.

На працаўладкаваньне ў домабудаўнічы камбінат Аляксея Паўлоўскага, як вынікае з матэрыялаў разгляду справы, двойчы накіроўвала гарадзкая служба занятасьці. Як толькі ён там зьяўляўся, адміністрацыя касавала заяўку на пошук муляра пятага разраду, які ёсьць у Паўлоўскага, і выстаўляла новую вакансію для муляра ўжо з шостым разрадам. Суду прадставілі пратакол сумеснага паседжаньня адміністрацыі прадпрыемства і прафсаюзнага камітэту, дзе заяўлялася, што Паўлоўскі можа дэстабілізаваць абстаноўку ў працоўным калектыве, таму работнікі выступаюць супраць таго, каб актывіст быў сярод іх:

«Чым я мог дэстабілізаваць сытуацыю, адказчыкі так і не патлумачылі. Гэта чыста палітычная адмова. Яна ніякага дачыненьня ня мае да прафэсіі і кваліфікацыі работніка. Гэта дыскрымінацыйная форма адмовы ў працаўладкаваньні. На мне пастаўлены крыж. У любой арганізацыі цяпер дастаткова будзе ўказаць, што нязгодны калектыў, і ўсё», — камэнтуе вырак Аляксей Паўлоўскі.

Прадстаўнікі домабудаўнічага камбінату на судзе пазоў актывіста палічылі неабгрунтаваным. Прасілі суд не задавальняць яго. Прэтэнзіі Паўлоўскага, што адмова прымаць яго на працу мае дыскрымінацыйны характар, яны не прызналі. У выраку судзьдзі Юліі Трапынінай пазыцыя адміністрацыі домабудаўнічага камбінату гучыць наступным чынам:

«Адбылося паседжаньне адміністрацыі і прафсаюзнага камітэту камбінату. Выслухаўшы меркаваньні ў тым ліку і прадстаўнікоў працоўнага калектыву, было пастаноўлена адмовіць Паўлоўскаму ў працаўладкаваньні ў сувязі зь нязгодай калектыву».

Паводле праваабаронцы Барыса Бухеля, якога судзьдзя не дапусьціла да працэсу ў якасьці прадстаўніка інтарэсаў пазоўніка, выслухаць довады некага з працоўнага калектыву не ўдалося. Адпаведнае хадайніцтва Трапыніна не задаволіла.

Барыс Бухель
Барыс Бухель
«Суд Паўлоўскага — гэта першы такі суд, у якім выкарысталі такую прычыну для адмовы ў прыёме на працу, як нязгода калектыву. Гэта стварае юрыдычны прэцэдэнт. Чалавеку, які цяпер не падабаецца адміністрацыі, самы просты спосаб адмовіць у працы — спаслацца на нязгоду калектыву. Калектыву, у якім той жа Паўлоўскі ніколі не працаваў і яго папросту ня ведае калектыў. Гэта дужа небясьпечны прэцэдэнт», — заяўляе Барыс Бухель.

Паўлоўскі працягне дамагацца працаўладкаваньня на домабудаўнічым камбінаце праз абласны суд, куды ён падасьць апэляцыю на вырак судзьдзі Трапынінай. У абласным судзе пазоўнік будзе патрабаваць, каб там выслухалі довады прадстаўнікоў працоўнага калектыву, а таксама каб далі яму азнаёміцца з арыгіналамі дакумэнтаў, паводле якіх яму адмовілі ў працы. Як кажа Барыс Бухель, у раённым судзе да разгляду прымаліся копіі.

Аляксея Паўлоўскага сёлета ўзімку звольнілі з акцыянэрнага таварыства «Прамжылбуд». Супраць звальненьня выступіла брыгада муляраў. Пасьля гутарак пратэстоўцаў сам-насам з прадстаўнікамі адміністрацыі работнікі зьмянілі сваю пазыцыю. Паўлоўскі лічыць, што рэха той падзеі цяпер адгукаецца ў тым, што яго ніхто ня хоча браць на працу. Актывіст заяўляе, што цярпіць з-за адстойваньня інтарэсаў працоўных.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG