Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Арышт Бяляцкага як падвышэньне цаны за ўсіх палітвязьняў»


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

Калегі праваабаронцы Алеся Бяляцкага лічаць, што беларускія ўлады спрабуюць распачаць гандаль у справе вызваленьня палітвязьня.

Натальля Пінчук, жонка палітвязьня Алеся Бяляцкага, кажа, што ўжо не спадзяецца на станоўчыя рашэньні наглядных судовых інстанцый Беларусі адносна справы яе мужа:

«Фактычна ўсе ўнутраныя магчымасьці абскарджваньня мы прайшлі, апошняя наглядная скарга таксама адхіленая. Сэнсу далей апэляваць да беларускіх судзьдзяў няма. Таму падалі заяву на разгляд справы ў Камітэце правоў чалавека ААН».

Паводле яе, скаргу Алеся Бяляцкага ў ААН прынялі да разгляду. Таксама вядома, што з Камітэту па правах чалавека ААН зьвярталіся ў беларускі ўрад па тлумачэньне адносна справы Бяляцкага. Тлумачэньняў дагэтуль няма, акрамя заявы, што скарга праваабаронцы прынятая ў ААН нібыта з пэўнымі парушэньнямі.

Аляксандар Лукашэнка адносна Алеся Бяляцкага 12 лістапада заявіў: «Ён асуджаны за нясплату падаткаў паводле нашых законаў. А інфармацыю нам даў Эўрапейскі Зьвяз, празь Літву, дзе ён хаваў гэтыя грошы. Дык у Амэрыцы пажыцьцёвае зьняволеньне можна атрымаць за нясплату падаткаў. Гэта нармальна». Ці сьведчаць апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі, што ўлады не зьбіраюцца вызваляць праваабаронцу датэрмінова?

Праваабаронца зь «Вясны» Ўладзь Лабковіч кажа, што грошы, зь якіх нібыта Бяляцкі не сплаціў падаткі, не былі ягоным прыбыткам, а перадаваліся выключна на праваабарончыя мэты. «Гэта было добра вядома беларускаму суду, і таму прысуд Бяляцкаму нельга лічыць справядлівым», — мяркуе Ўладзь Лабковіч. Паводле спадара Лабковіча, беларускія ўлады працягваюць спробы гандляваць лёсам праваабаронцы:

«Усё, што ўчора казаў Лукашэнка, — гэта элемэнт палітыкі, у тым ліку элемэнт ціску як на Эўропу, гэтак і на самога Алеся Бяляцкага. Сам арышт Алеся Бяляцкага, такога вядомага праваабаронцы, у жніўні 2011 году быў пэўным падвышэньнем цаны за ўсіх палітычных вязьняў».

Старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года зьняволеньня, пакараньне адбывае ў Бабруйскай калёніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG