Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наваполацкага актывіста падазраюць у здрадзе дзяржаве

абноўлена

Андрэй Гайдукоў, фота smi-belarus.org/
Андрэй Гайдукоў, фота smi-belarus.org/

Намесьнік кіраўніка моладзевага аб’яднаньня «Саюз маладых інтэлектуалаў» Андрэй Гайдукоў быў затрыманы ў Віцебску і 11 лістапада пераведзены ў СІЗА КДБ ў Менску.

Яго вінавацяць паводле артыкулу 356 Крымінальнага Кодэкса — здрада дзяржаве. У ягонай кватэры праведзены ператрус, забраны кампутар ды іншыя носьбіты інфармацыі.

Наўпроставы лінк


Паводле звестак ад наваполацкіх сябраў Гайдукова, КДБ падазрае хлопца ў намеры заключыць пагадненьне пра супрацоўніцтва з замежнымі спэцслужбамі. Сайт smi-belarus.org піша, што КДБ абвінавачвае маладога актывіста ў намеры заключыць пагадненьне з амэрыканскімі спэцслужбамі (ЦРУ).

Сябры кажуць таксама, што КДБ цікавіўся у гэтай сувязі і яшчэ адной асобай — Ільлём Багданавым, наваполацкім прыхільнікам стварэньня партыі БХД.

Але Багданаў не затрыманы, зь яго толькі ўзялі падпіску пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва.


Маці: Андрэя Гайдукова «Я ня веру, каб ён мог здрадзіць Радзіме, ён сапраўдны патрыёт Беларусі»


Маці Андрэя, Вольга Пятроўна, даведалася пра затрыманьне сына, калі дадому прыйшлі рабіць ператрус: «Я ня ведала нават, што ён паехаў у Віцебск. Можа, збіраўся туды-назад зьезьдзіць, таму і не казаў загадзя. Ён дарослы хлопец, у яго апазіцыйныя погляды, я іх не падзяляю. Таму пра гэта мы не размаўляем, у мяне свае погляды, у яго свае! Але я ня веру, каб ён мог здрадзіць Радзіме, ён сапраўдны патрыёт Беларусі. Хто ўжо тады патрыёт, як не ён? Таму мне
Хто ўжо тады патрыёт, як не ён?
Вольга Пятроўна, маці

здаецца, што гэта ці то нейкая падстава, ці ён па непаразуменьні ўлез у нейкую гісторыю... Але ён разумны хлопец, шмат чытаў, сябры ў яго нармальныя... Я ня веру, што ён у такім вінаваты!

Даведалася, што яго затрымалі, калі 8-га вечарам прыйшлі зь ператрусам. Рабілі яго ці не да паловы другой ночы. Забралі два кампутары, ягоны і бацькаў, дыскі забралі. Што там будуць шукаць, я не ведаю таксама.

Ведаю, што ператрус быў у яшчэ аднаго знаёмага, Ільлі Багданава. І што яго нібыта таксама вазілі ў Менск, а потым адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. І ўзялі падпіску пра неразгалошваньне справы.

А Андрэя спачатку яго трымалі ў Віцебску, потым завезьлі ў Менск у СІЗА КДБ. Учора мы вазілі перадачу. Адвакат кажа, што ён трымаецца добра, што сабраны, што не разгубіўся. І яшчэ кажа, што ў СІЗА КДБ вельмі халодна — каб мы перадалі цёплыя рэчы — коўдры, адзеньне, цёплы абутак».


«Не магу сабе ўявіць, чым ён мог быць цікавы нейкім спэцслужбам»


Яўген Канстанцінаў, кіраўнік моладзевага аб’яднаньня «Саюз маладых інтэлектуалаў, — вядомы ў Наваполацку грамадзкі актывіст. Яго неаднаразова затрымлівалі за ўдзел у масавых акцыях, у тым ліку за «акцыі з аплядысмэнтамі», ініцыяваныя ў сацыяльных сетках. Ён сябар затрыманага Андрэя Гайдукова:

«Андрэй — мой намесьнік па арганізацыі, таксама браў удзел у гэтых акцыях, яго прэвэнтыўна затрымлівалі... Але не магу сабе ўявіць, чым ён мог быць цікавы нейкім спэцслужбам! Ён не займаў нейкай сакрэтнай пасады, не працаваў ні ў навуковай лябараторыі, ні ў вайсковай. Ён працуе сьлесарам кантрольна-вымяральных прыбораў у нас на „Нафтане“. Навучаецца ў Полацкім дзяржаўным унівэрсытэце. Цікавіцца дзейнасьцю БХД. А наша грамадзкая арганізацыя займаецца працай з моладзьдзю, мы праводзім навучаньне, ствараем дыскусійныя клюбы.

Пра тое, што ён затрыманы, я даведаўся ад маці Андрэя. Яна мне патэлефанавала і сказала пра гэта 8 лістапада. Учора мы зь ёй вазілі перадачу для Андрэя ў СІЗА КДБ. Яшчэ я ведаю такое: нібыта спачатку яму інкрымінавалі артыкул 356 частку першую Крымінальнага Кодэксу, а потым зьмянілі проста на 356. Гэта нешта лягчэйшае, але я не юрыст, нічога сказаць не магу».

Артыкул 356. Здрада дзяржаве


«Выдача дзяржаўнай таямніцы замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку, альбо шпіянаж, альбо пераход на бок ворага падчас вайны або збройнага канфлікту, альбо аказаньне замежнай дзяржаве дапамогі ў правядзеньні варожай дзейнасьці супраць Рэспублікі Беларусь шляхам зьдзяйсьненьня злачынстваў супраць дзяржавы па заданьні органаў або прадстаўнікоў замежнай дзяржавы, наўмысна зьдзейсьненыя грамадзянінам Рэспублікі Беларусь на шкоду зьнешняй бясьпецы Рэспублiкi Беларусь, яе сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абараназдольнасьці (здрада дзяржаве), — караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад сямі да пятнаццаці гадоў.

Здрада дзяржаве, спалучаная з забойствам, — караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад дзесяці да дваццаці пяці гадоў, або пажыцьцёвым зьняволеньнем, або сьмяротным пакараньнем з канфіскацыяй маёмасьці або без канфіскацыі».

1994. Спэцслужбы Беларусі абвінавацілі ў шпіянажы супрацоўнікаў амбасады Турцыі. Іх выслалі з краіны. Пасьля КДБ абвінаваціў у шпіянажы на карысьць Турцыі журналістаў дзяржаўнага агенцтва Белинформ (цяпер БелТА) і ўрадавай газэты «Рэспубліка».

2002 год. КДБ Беларусі вынес афіцыйнае папярэджаньне лідэру Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку — «у сувязі з магчымай здрадай дзяржаве». Супрацоўнікі КДБ у цывільным затрымалі Лябедзьку каля амбасады ЗША ў Менску і даставілі ў КДБ, дзе азнаёмілі з пратаколам афіцыйнага папярэджаньня. У афіцыйным паведамленьні КДБ тады гаварылася, што гэтая служба мае дадзеныя, якія «сьведчаць пра магчымыя спробы ўцягненьня яго (Лябедзькі. — „Свабода“) у супрацьпраўную дзейнасьць, што ў далейшым можа прывесьці да зьдзяйсьненьня ім злачынства, прадугледжанага арт.356 (здрада дзяржаве) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь».

2007 год. КДБ паведаміў, што абясшкодзіў сетку агентаў польскай выведкі. Крымінальная справа вялася паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Падазраванымі былі пяць чалавек, адзін зь якіх — грамадзянін Расеі. Да суду справа так і не дайшла.

2012 год. КДБ заявіў, што за 2011 год была спынена дзейнасьць 23 агентаў і супрацоўнікаў замежных спэцслужбаў. Таксама КДБ перашкодзіў вярбоўцы 33 грамадзянаў краіны замежнымі шпіёнамі. Падрабязнасьці ў КДБ раскрываць адмовіліся.

2012 год. КДБ паведаміў пра затрыманьне двух грамадзян Беларусі, якія шпіёнілі на карысьць спэцслужбаў Літвы. Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, у затрыманых знайшлі электронныя носьбіты інфармацыі ды іншыя матэрыялы, якія сьведчылі пра шпіёнскую дзейнасьць, накіраваную на атрыманьне сакрэтнай інфармацыі ў ваеннай сфэры, «у тым ліку ў рамках адзінай сыстэмы бясьпекі Саюзнай дзяржавы». Тады паведамлялася, што факты правядзеньня агентурнай групай апэрацый па здабычы інфармацыі з выкарыстаньнем тэхнічных сродкаў з мэтай іх далейшай перапраўкі за мяжу дакумэнтальна пацьверджаныя. Больш за тое, КДБ запэўніў: «Факт супрацоўніцтва зь літоўскімі спэцслужбамі пацьвярджаецца сабранымі ў ходзе сьледзтва доказамі, а таксама прызнавальнымі паказаньнямі саміх абвінавачаных».

2012 год. КДБ затрымаў 28-гадовага жыхара Берасьця «пры спробе збору інфармацыі ў дачыненьні да грамадзян Рэспублікі Беларусь па заданьні замежнай спэцслужбы». Супраць хлопца, імя якога невядома, была заведзеная крымінальная справа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG