Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плюшавы дэсант-2


Швэдзкая праваабарончая арганізацыя Östgruppen плянуе правесьці 10 лістапада акцыю «Плюшавы дэсант-2».

Мішкі з патрабаваньнем захоўваць правы чалавека зноў накіруюцца ў Беларусь. Яны «ўляцяць» у Беларусь легальна — у бандэролях для дзяржчыноўнікаў і палітыкаў з «чорнага сьпісу» Эўразьвязу.

«Калі 800 швэдзкіх мішак летам „заляцелі“ у Беларусь, Лукашэнка быў разьюшаны і папракаў у тым, што яны незаконна перасеклі мяжу дзяржавы. Іх затрымлівалі і вазілі ў аддзяленьні міліцыі. Таму мы зьбіраемся даслаць мішак ў бандэролях Лукашэнку і яго сябрам. Але зноў з патрабаваньнямі датрыманьня правоў чалавека, асабліва свабоды сходаў і асацыяцый. У Швэцыі летняя акцыя выклікала даволі шмат крытыкі, а ў Беларусі яна была сустрэтая пазытыўна многімі актывістамі. Мы сваёй акцыяй хочам выказаць сваю падтрымку беларусам, якія працуюць на дэмакратызацыю сваёй краіны», — сказаў праваабарончаму цэнтру «Вясна» старшыня Östgruppen Марцін Угла.

Акцыя пройдзе ў цэнтры Стакгольму. Яе ўдзельнікі прывязуць з сабой мішак, а арганізатары дадуць ім адрасы атрымальнікаў зь Беларусі.

* * *
Аднаматорны самалёт з швэдзкім экіпажам з плюшавымі мішкамі на борце перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны каля паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Менску больш за 800 цацак з надпісамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

З самага пачатку вайскоўцы і памежнікі катэгарычна зьняпраўджвалі факт незаконнага перасячэньня мяжы.

Гісторыя з «плюшавым дэсантам» атрымала шырокі грамадзкі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў боегатовасьці ня толькі беларускіх, але і саюзных сродкаў СПА. Была створаная камісія прэзыдэнта, якая занялася праверкай усіх злучэньняў і вайсковых часьцей Вайскова-паветраных сілаў і Войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі.

31 ліпеня Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад пасадаў старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Вайскова-паветранымі сіламі і Войскамі супрацьпаветранай абароны Ўзброеных сілаў генэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна. Падставай для звальненьня стала «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па гарантаваньні нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», паведамляла прэс-служба прэзыдэнта.

Аб няпоўнай службовай адпаведнасьці былі папярэджаныя міністар абароны Юры Жадобін і начальнік Генштабу Ўзброеных сілаў — першы намесьнік міністра абароны генэрал-маёр Пётар Ціханоўскі. Вымовы вынесьлі дзяржсакратару Савету бясьпекі Леаніду Мальцаву і старшыню КДБ Вадзіму Зайцаву.

Па справе аб «плюшавым бамбаваньні» былі затрыманыя і правялі больш за месяц у сьледчым ізалятары 20-гадовы студэнт Інстытуту журналістыкі БДУ Антон Сурапін, які першым выклаў на сваім сайце фатаграфіі скінутых швэдамі цацачных мядзьведзяў, і Сяргей Башарымаў, які займаецца здачай кватэраў на кароткі тэрмін і ў якога швэды-ўдзельнікі акцыі плянавалі здымаць жытло.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG