Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы канфлікт у Курапатах

абноўлена

Месца, дзе стаяў скрадзены памятны знак польскім афіцэрам з катынскага сьпісу
Месца, дзе стаяў скрадзены памятны знак польскім афіцэрам з катынскага сьпісу

Скандальныя дачыненьні паміж гісторыкам Ігарам Кузьняцовым і прадстаўнікамі КХП-БНФ, якія зьвязаныя з Курапатамі, 7 лістапада атрымалі працяг.

Спадар Кузьняцоў расказаў «Свабодзе»: «Я прыехаў сёньня ў Курапаты з групай журналістаў Белсату, якія папрасілі паўдзельнічаць у іх сюжэце. І адразу пабачыў, што спадары Буйвал і Чахольскі з КХП-БНФ разьбілі фундамэнт для памятнага знаку польскім афіцэрам, якіх тут расстралялі.

Мы прыехалі, калі яны ўжо заканчвалі гэтую працу і выносілі рэшткі фундамэнту на сьметнік. А на тым месцы, дзе стаяў наш слупок, яны паставілі свой крыж. Яны назвалі гэта «ўборкай у Курапатах».

Валер Буйвал выклаў сваю вэрсію падзеяў:

«Мы нічога не ламалі. Калі мы з Алесем Чахольскім сюды прыйшлі, тут ужо было сьмецьце. Мы яго сабралі ў мяхі і частку адцягнулі на сьметнік.

Мы прыйшлі сюды, каб аднавіць зламаныя крыжы і ўстанавіць іх нанова. І ўсталявалі крыж непадалёк ад таго месца, дзе нешта раней усталёўваў Кузьняцоў. Пасьля я на крыжы усталяваў польскі сьцяжок бел-чырвоны і беларускую стужку бел-чырвона-белую. І прасьпявалі „Магутны Божа“ і польскі гімн.

Я выступіў з кароткай прамовай, якую зафіксавалі журналісты, якія тут былі. Я казаў, што мы ўсталявалі крыж у памяць нашых супольных ахвяраў — народаў беларускага і польскага. І што мы будзем паважаць гэтыя ахвяры».

Ігар Кузьняцоў выклікаў міліцыю. Міліцыянты з Бараўлянаў прыехалі і правялі апытаньне ўдзельнікаў канфлікту.




Храналёгія канфлікту КХП-БНФ і гісторыка Ігара Кузьняцова

28 кастрычніка старшыня КХП-БНФ Зянон Пазьняк скрытыкаваў намер паставіць у Курапатах памятны знак забітым польскім афіцэрам.

У звароце Пазьняка, які быў зачытаны на мітынгу ў Курапатах, гаворыцца: «Нядаўна адна такая асоба паведаміла, што група расейскага Мэмарыялу ў Беларусі заплянавала паставіць крыж у Курапатах у памяць „афіцэраў польскага войска, расстраляных у Беларусі“.

Як адкрывальнік, дасьледчык і кіраўнік археалягічнага дасьледаваньня Курапатаў у 1988 годзе нагадваю, што на сёньняшні дзень няма абсалютна ніякіх падставаў і абсалютна ніякіх археалягічных фактаў, якія б давалі нагоду меркаваць, што ў Курапатах „расстраляныя афіцэры польскага войска“ (і ўвогуле якія-небудзь вайсковыя асобы чыйго-небудзь войска). Тут знойдзеныя трупы толькі выключна цывільных людзей, і ў асноўным — бедных сялян, абутых у галёшы і клееныя гумовыя бахілы».

Знак усталявалі 29-га кастрычніка. На наступны дзень невядомыя яго скралі.

4 лістапада адзін язь лідэраў КХП-БНФ Валеры Буйвал заявіў: «Мы, патрыёты-фронтаўцы, абаронцы Курапацкай сьвятыні абвяшчаем савецкага палітработніка, падпалкоўніка Кузьняцова пэрсонай нон-грата на тэрыторыі Курапацкай сьвятыні і на тэрыторыі іншых сьвятыняў, дзе ёсьць пакутнікі нашага народа».

А ўжо на наступны дзень Кузьняцоў камэнтаваў на сайце «Свабоды» заяву Буйвала: «Гэты першы выпадак у практыцы, у тым ліку і таталітарных краінаў, калі грамадзкая арганізацыя забараняе чалавеку наведваць нейкую тэрыторыю. Тым больш тут гаворка ідзе пра месца пахаваньня. (...) Гэта ўсё адно, што забараніць чалавеку ісьці на могілкі. Гэта тое самае, што сказаць: «Вашыя погляды нас не цікавяць. Гэтая тэрыторыя нам падведамственна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG