Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Танкачова: Інстытут Гётэ спрабуе апраўдаць затрыманьне Гуліна

абноўлена

Пэрфоманс на плошчы Калініна. Фота з асабістага архіву Міхаіла Гуліна
Пэрфоманс на плошчы Калініна. Фота з асабістага архіву Міхаіла Гуліна

Так рэагуе праваабаронца на словы прэсавага аташэ цэнтральнага офісу Інстытута Гётэ ў Нямеччыне Крыстофа Мюхера. Ён падазрае, што акцыя Міхаіла Гуліна адбывалася ў недазволеным месцы.

1 лістапада — працяг працэсу над мастаком Міхаілам Гуліным і трыма валянтэрамі, якія ўдзельнічалі ў праекце Going Public. Пачатак працэсу — 14.20 у Цэнтральным судзе Менску.

Мастакоў затрымалі 9 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы падчас мастацкай акцыі. У РУУС Цэнтральнага раёну двух валянтэраў зьбілі, адзін зь іх, цемнаскуры — Уладзіслаў Лук'янчук — атрымаў моцныя цялесныя пашкоджаньні, у тым ліку страсеньне мозгу.

Міхаіл Гулін сьцьвярджае, што да Ўладзіслава Лук’янчука ў РУУС Цэнтральнага раёна ўжывалі расісцкія абразы. «Ён (прапаршчык Уладзімер Находзька — рэд.) казаў на яго: «Эй, Зымбабвэ, зьбірайся, пайшлі». Калі я зрабіў яму заўвагу, дык ён мне сказаў: «Зараз і з табой, дзядзька, разьбярэмся па індывідуальнай праграме». Яшчэ адна ўдзельніца праекту — фатограф і відэаапэратар Тацьцяна Гаўрыльчык распавядае, што ў міліцыі ёй заломвалі рукі і надзявалі кайданкі. Уся інфармацыя зь яе фотаапарата была зьнішчаная супрацоўнікамі міліцыі.


Уладзімер Находзька
Уладзімер Находзька

Судзяць мастакоў у Цэнтральным судзе за непадпарадкаваньне міліцыі (судзьдзя —Тацьцяна Ткачова). Абвінавачаньне было складзенае ў Цэнтральным РУУС Менску на падставе рапарту двух амапаўцаў — Дзяніса Гушчы і Аляксандра Варанковіча. Менавіта яны затрымалі мастакоў удзень 9 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. На апошнім паседжаньні 29 кастрычніка падчас прагляду відэазапісу затрыманьня Аляксандр Варанковіч прызнаў, што мастакі ніякага супраціву не аказвалі.

Праект Going Public адбываўся пры падтрымцы Інстытута Гётэ. Аднак празь некалькі дзён пасьля затрыманьня мастакоў дырэктар менскага Інстытута Гётэ Франк Баўман распаўсюдзіў афіцыйны ліст. У ім пацьвярджаецца, што Міхаіл Гулін быў уключаны ў праект «Going Public», аднак сьцьвярджаецца: «Не адпавядае рэчаіснасьці сьцьверджаньне, што Інстытут імя Гётэ быў інфармаваны пра акцыю Міхаіл Гуліна на Кастрычніцкай плошчы. Інстытут імя Гётэ ня ставіць сваёй задачай падтрымліваць такія акцыі і ня робіць гэтага».

Цяпер Франк Баўман знаходзіцца ў адпачынку ў Нямеччыне і недаступны для камэнтароў.

Радыё Свабода зьвярнулася ў цэнтральны офіс Інстытута Гётэ ў Нямеччыне. Прэсавы аташэ Інстытута Гётэ спадар Крыстаф Мюхер кажа, што яны ведаюць пра праект і праблему з інфармацыі свайго калегі ў Менску.

Крыстаф Мюхер: «Мы перш за ўсё занепакоеныя бясьпекай спадара Гуліна і ягоных партнэраў па праекце. Мы глыбока шкадуем пра тое, што такая праблема мае месца. На цяперашні момант гэта і ёсьць наш асноўны камэнтар. Мы вельмі хочам даведацца больш пра тое, якая сытуацыя цяпер. Я сам чакаю інфармацыю пра гэта».

Што да ліста, які быў распаўсюджаны Франкам Баўманам, спадар Мюхер паведаміў наступнае: «Мы не былі часткай перамоваў. Паводле маёй інфармацыі, Міхаіла Гуліна затрымалі ў месцы, дзе не дазволена рабіць публічныя дзеяньні. Гэта магло быць правакатыўнае дзеяньне, але я не магу гэта камэнтаваць, бо ня ведаю Менск і ўмовы ў ім. На дадзены момант мы ня ведаем, ці была гэтая акцыя мастацкай правакацыяй. Мы спадзяемся, што на працягу наступных тыдняў гэтая сытуацыя высьветліцца».

Радыё Свабода: Вы ведаеце, што цемнаскуры хлопец быў моцна зьбіты ў міліцэйскім участку?

Крыстаф Мюхер: «Так, я чуў пра гэта. Менавіта таму наш асноўны клопат, як я казаў, гэта бясьпека пра тых, хто быў часткай гэтага праекту».

Прэс-аташэ Інстытута Гётэ запэўнівае, што яны рэгулярна атрымліваюць інфармацыю зь Менску. «Мы ведаем, што першыя слуханьні ў судзе былі досыць спрыяльнымі. Мы спадзяемся, што ўсё высьветліцца вельмі хутка». Аднак яны ня маюць камэнтару на пытаньне, ці можа Міхаіл Гулін разьлічваць на падтрымку Гётэ-інстытута? На гэтае пытаньне можа адказаць толькі спадар Фрэнк Баўман, які, па словах прэс-аташэ, «валодае сытуацыяй у Беларусі».

Праваабаронца Алена Танкачова, якая таксама прысутнічае на паседжаньнях суду па справе Міхаіла Гуліна і яго валянтэраў, лічыць, што, каб вырашыць, ці адбывалася акцыя Гуліна у дазволеным месцы, трэба зьвярнуцца да дакумэнтаў праваахоўных органаў.

Алена Танкачова: «Гэта рапарты і дакумэнты пра прыцягненьне да адказнасьці. Ва ўсіх гэтых дакумэнтах беларускія праваахоўныя органы спасылаюцца толькі на тое, што Міхаіл Гулін і валянтэры нібыта аказвалі супраціў пры затрыманьні. На дадзены момант праваахоўныя органы не далі ніякай ацэнкі, што гэтыя фігуры выстаўляліся і фатаграфаваліся ў недазволеных месцах. Далей міліцыянт, які падыходзіў да іх на плошчы Незалежнасьці, атрымаў ад Гуліна тлумачэньні і дазволіў ім рухацца далей. А вось на Кастрычніцкай плошчы, калі іх затрымлівалі, праваахоўныя органы не выкарыстоўвалі як аргумэнт тое, што акцыя адбываецца ў забароненым месцы. Няма гэтага абгрунтаваньня і ў асноўным дакумэнце.

Інстытут Гётэ, на маю думку, больш апантанна чым праваахоўныя органы спрабуе знайсьці прычыны, якія б апраўдвалі затрыманьне Гуліна. Гэта пазыцыя, якая, на мой погляд, выклікае зьдзіўленьне».

Калі працэс, які працягнецца сёньня, ня выявіць абгрунтаваньняў, на якія спасылаецца Інстытут Гётэ (а менавіта, што акцыя адбывалася ў недазволеным месцы), дык, паводле меркаваньня Алены Танкачовай, Інстытуту трэба будзе перагледзець кваліфікацыю юрыстаў, якая дапамагалі яму сфармуляваць пазыцыю ў дачыненьні да справы Гуліна. «І, безумоўна, давядзецца прынесьці свае прабачэньні Міхаілу Гуліну і ўдзельнікам праекту», — кажа Алена Танкачова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG