Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мова: спадзявацца толькі на бацькоў


Немагчыма без душэўнага надрыву чытаць матэрыял і глядзець відэа пра Ялінку Салаўёву — адзіную дзяўчынку ў Магілёве, якая вучыцца ў беларускамоўнай клясе.

Чаму такое адбываецца ў горадзе, у якім жыве больш за 360 тысяч чалавек? Паводле перапісу 2009 году, 87% зь іх — беларусы. І ўсяго толькі адна сям’я хоча адукаваць сваё дзіця ў нацыянальнай мове?

Можна было б неяк зразумець, калі б такое адбывалася, прыкладам, у Беластоку.

У Беластоку — каля 290 тысяч жыхароў. Паводле перапісу 2002 году, у горадзе жыве ўсяго 7,5 тысячы беларусаў (2,56% ад агульнай колькасьці жыхароў). Але, паводле дадзеных мясцовага аддзелу асьветы, у Беластоку ў школьным годзе 2011/2012 беларускай мове вучылі 249 дзяцей (99 у садку; 116 у пачатковай школе; 21 у гімназіі; 13 у ліцэі). У чым тут фішка?

Безумоўна, параўнаньне гэтых дзьвюх сытуацый ня цалкам адэкватнае ў фармальным сэнсе, бо ў выпадку Магілёва мы гаворым пра беларускамоўную адукацыю, а ў выпадку Беластоку — пра вывучэньне беларускай мовы як прадмету. Але гэтая неадэкватнасьць сьціраецца фактам, што Магілёў знаходзіцца ў краіне з назвай Рэспубліка Беларусь, а Беласток — у Рэспубліцы Польшча. З псыхалягічнага гледзішча запісаць дзіця ў беларускамоўную клясу ў Магілёве і ў беларускамоўны аддзел у садку ў Беластоку ці на ўрокі беларускай мовы ў польскай школе — аднолькавыя акты грамадзянскай сьмеласьці, у якіх бацькі рызыкуюць траўмаваць сваё дзіця рэакцыяй асяродзьдзя на яго беларускасьць, то бок, «белаваронасьць»...

Я добра помню той час, калі дзеячы беларускага руху, якім хацелася адкрыць навучаньне беларускай мовы ў Беластоку, думалі і дзейнічалі больш-менш так, як бацькі Ялінкі Салаўёвай у Магілёве і тамтэйшыя актывісты Таварыства беларускай мовы — пісалі заклікі, выступалі на радыё, хадзілі па дапамогу да чыноўнікаў, праводзілі гутаркі з дырэктарамі школаў. І ўсё марна, таму што, як аказалася, пачынаць трэба было не з таго канца.

Трэба было пачынаць ад самых сябе, гэта значыць, ад сваіх дзяцей. Калі б Беларускае грамадзка-культурнае таварыства ў Беластоку сярод сваіх дзеячоў назьбірала ўсяго дзясятак дзяцей-аднагодкаў, бацькі якіх пагадзіліся б запісаць іх на беларускую мову, дык навучаньне беларускай мовы можна было б адкрыць у Беластоку і ў камуністычную эпоху. Адно што ніхто зь беларускіх актывістаў тады ня думаў, што беларускасьць — гэта справа, якая датычыць ня толькі «народу», але і яго «эліты». Ну, разумееце, пра што я... Беларускія пісьменьнікі ў Менску пісалі кніжкі па-беларуску, каб падтрымаць мову, а навучыць гаварыць па-беларуску сваіх дзяцей не парупіліся... Гэта я так наогул, бо былі ж, зразумела, і выняткі.

Беларускасьць як сваю асабістую справу — сямейную і прыватную, а не «ўсенародную» і «трыбунную» — адчула насамрэч толькі пакаленьне беларускіх студэнтаў у Польшчы 1980-х гадоў, якое пачало нараджаць дзяцей у 1990-х. І вось для даслоўна сваіх дзяцей гэтыя «вэтэраны» Беларускага аб’яднаньня студэнтаў у Польшчы і адкрылі ў другой палове 1990-х беларускамоўны аддзел у садку ў Беластоку, потым беларускамоўную клясу ў пачатковай школе, а потым, як дзеці падрасталі, беларускамоўную клясу ў гімназіі і, урэшце, у ліцэі.

Усё гэта каштавала і каштуе вялікіх высілкаў беластоцкім бацькам. Таму што, каб штогод набіраць дзяцей у гэтыя клясы, трэба даказваць на справе, што беларуская адукацыя ня толькі не саступае польскай, але насамрэч яе ў нечым перавышае. Калі каму цікава, колькі высілку трэба ўкласьці ў арганізацыю навучаньня беларускай мовы ў Польшчы, можна заглянуць на сайт Аб’яднаньня АБ-БА — арганізацыі бацькоў-беларусаў, якія засноўвалі навучаньне беларускай мовы ў Беластоку, а цяпер яго падтрымліваюць і пашыраюць. На гэтым сайце пададзены даволі паказальныя прыклады культурных і арганізацыйных захадаў, якія робяцца бацькамі-беларусамі, каб іхныя дзеці адчувалі сябе на ўроку беларускай мовы ў польскай школе ня толькі бяз комплексу непаўнавартасьці, але насамрэч у нечым былі лепшымі і духоўна багацейшымі за сваіх польскіх аднагодкаў. Іначай кажучы, каб польскія калегі зь беларускіх аднагодкаў не насьміхаліся, а хутчэй ім зайздросьцілі...

Калі няма ахвоты і перакананьня з боку бацькоў, каб выслаць сваё дзіця ў беларускамоўную клясу, дык ніякая зьмена ўлады гэтаму радыкальна не дапаможа. У мяне такое ўражаньне, што ўлада ў Беларусі ў 1994 годзе якраз таму і зьмянілася, каб бацькі-беларусы маглі не пасылаць дзяцей у беларускамоўныя клясы.

Тым ня менш, якая б ні была цяперашняя ўлада, забараніць беларускамоўныя клясы ў Беларусі яна яшчэ не дадумалася. У кожным беларускім горадзе і ў кожным пасёлку грамадзяне маюць права стварыць такую клясу. Была б там толькі ахвота і свая АБ-БА, гэта значыць, нейкая талковая суполка ТБМ, якая перастала б пісаць заклікі да ўлады і імітаваць мовавыратавальную дзейнасьць, а знайшла б і пераканала хоць бы тры сям’і, каб яны запісалі сваіх дзяцей у такую беларускамоўную клясу. Каб Ялінцы Салаўёвай не было так сумна і самотна... Гэта можна рабіць і трэба рабіць. Бо гэта і ёсьць адзіна магчымая беларусізацыя ў Беларусі. Ня зьверху, а зьнізу. Раз ужо пакаштавалі беларусізацыі зьверху. Пасьля салодкага галавакружэньня ад посьпехаў, прыйшло горкае пахмельле — ніводнай сапраўднай беларускамоўнай клясы ў Магілёве, у Віцебску, у Гародні, і далей па індэксе ўсіх гарадоў і прыгарадаў сінявокай...

Ніякага толку зь беларускіх апазыцыянэраў у справе беларусізацыі школы як не было, так і ня будзе. А таму няхай яны ўжо езьдзяць на свае форумы ў прагах і варшавах, калі не навучыліся езьдзіць у Магілёў. Але спадару Алегу Трусаву і ягоным калегам з ТБМ я зусім сур’ёзна раю зьезьдзіць у Беласток і пагаварыць зь людзьмі з Аб’яднаньня АБ-БА, каб дазнацца, як сабраць хоць траіх дзяцей у адну беларускамоўную клясу...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG