Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: чужая каўбаса


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў
1.

У дзьвярах аўтобуса літоўскі памежнік: Пагоня на фуражцы, на грудзях і на рукаве —шэўрон. Для іх штодзённасьць. Як падмуркі ў душы: у часы Войшалкаў-Міндоўгаў быў рыцар на кані і цяпер ёсьць, куды ж безь яго? А якія падмуркі гарантуе беларусам вянок? Першабытнаабшчынныя? Каласы пад крамнёвым сярпом і вянок на дажынках? «Хлеб усяму галава»?

Памежніку гадоў за пяцьдзясят, з савецкіх часоў чалавек. Зьвяртаецца толькі па-літоўску. Навошта яму інакш? На мяжы таксама толькі літоўскія надпісы і пару слоў па-ангельску. Чаму літоўца павінна турбаваць, што суседка засталася ў савецкім мінулым? Што ня толькі замежныя мовы ня вучыць, але сваю трымае ў чорным целе?

Дваццаць гадоў сапраўдная мяжа дзяржаўная, а зь беларускага боку дагэтуль бардак, ніяк не пабудуюць. У прыбіральню не схадзіць нармальна. Побач разьежджанай каляіны – дзьве шпакоўні пад плотам, калі гразь, апырскваюць машыны коламі.

2.

Цэлую вечнасьць ня быў у суседніх Друскеніках, якія гарадзенцы раней лічылі сваім амаль спадарожнікам. Альбо горадам-каўбаснай крамай. Дарогай па каўбасу называлі маршрут у Друскенікі. Якія ў вітрынах прысмакі чакалі! Адтуль прывозілі таксама першыя Пагоні, значкі і сёе-тое, нават сьвечка недзе была з гербам. Шкада было запальваць.

Калісьці езьдзілі выпіць кавы, бо ў Горадні не было дзе, мінэральнай вады рудаватай шклянку напоўніць, пашпацыраваць берагам рэчкі, што ўпадае ў Нёман. Кава цяпер у Горадні ёсьць, і даліна ўздоўж Гараднічанкі, прытока Нёмана, абуладкаваная. Але Друскенікі – гэта сантымэнт аб часах, калі мы былі маладзейшымі і калі адчулася сьвежае паветра, надзея на свабоду і незалежнасьць.
Вулічная копія карціны Чурлёніса
Вулічная копія карціны Чурлёніса

Былая чароўнасьць захавалася. Але пакідае горад таксама прысмак забытасьці. Хай улетку бывае людзей паболей. Ды яўна не хапае тут жыхароў гораду, які застаўся ў іншай палітычнай эпосе. 340 тысяч гарадзенцаў – не абы-што.

Пабудавалі сёе-тое ў Друскеніках за апошні час. Але ў найлепшым месцы, перад касьцёлам вялікі пляц абгароджаны плотам: шкілет будучага санаторыя, на малюнку іх цэлы шэраг. Праўда, першы закончыць здолелі, перад ім нават польскі аўтобус, з Аструды. Якая зручная рэч: можна карыстацца свабодна польскай мовай, і табе будуць адказваць заўсёды. Некалі з гэтым у Друскеніках былі праблемы.

3.

Пачынаеш абуджаць у памяці літоўскія словы і нават гаварыць. Недавучаныя ў шаўляйскай школе і забытыя. У кнігарні: сотні і сотні кніг. Толькі на роднай мове. Больш, чым у нас беларускіх, разоў у дваццаць. Здаецца ж, краіна невялікая. Шыльдачка «гяра кайна», «добрая цана»: выдатна выдадзеныя перакладныя раманы зь нямецкай, італьянскай, нарвэскай, нядорага. Нечаканая думка: мог бы і я сёньня пісаць па-літоўску. Каб паступіў ва ўнівэрсытэт у Вільні, ня ў Менску. І за ёй другая: ці спакусіўся б тады ў 91-м, калі Пагоня стала беларускай, перабрацца сюды? Каб потым шкадаваць?..

У «Старым Нямунасе» з нацыянальнай кухняй пакідаю на сподку манэту з Пагоняй, яшчэ архаічнага ўзору. Такая на помніку Міндоўгу насупраць мэрыі: накрэсьлены відарыс рыцара з мячом. У кожнага свая Пагоня. У іх яна шыльда, у нас – забаронены плод, ужо ў руках трыманы, але выхаплены спрытным антырыцарам. Спачатку была горыч. Прысмак рэўнасьці быў да літоўцаў. Але з часам ён прайшоў. Там чалавек бяз рыцара ў душы ня мог стаць на чале дзяржавы. У нас з рыцарам у душы – ня меў шанцаў.
Помнік Міндоўгу
Помнік Міндоўгу

Але я хоць магу пераехаць мяжу, паглядзець на Пагоню. Блізка. Тым больш я таксама, можна сказаць, крышку літовец у душы. Адчуваю сябе чалавекам памежжа, жыхаром нашага памежнага трохкутніка. Люблю беларускую мову, люблю польскую, адчуваю сымпатыю да літоўскай. Мне даспадобы гэтая памежнасьць. Чаму? Надае творчай сілы, і ня так сумна жыць.

4.

Нельга сказаць, што суседка – край рыцараў, а мы – апантаных аматараў дажынак. Хаця большасьці з нас проста хочацца іхнай каўбасы, як калісьці. Зусім ня рыцары ў галаве. Маё вулічнае апытаньне «Чаму ўлады не спрашчаюць жыхарам памежжа паездкі ў Літву і Польшчу?» прачыталі за суткі зь лішкам 7144 інтэрнаўты. Чаму? Таму што – адказ: «вывезуць паў-Літвы і паў-Польшчы» і ня будуць «купляць беларускае».
Каля крыжа пасьляваенным партызанам над Нёмнам
Каля крыжа пасьляваенным партызанам над Нёмнам

А каля шлягбаўму ў Літву вялізны вусень шыпамі дагары з папярэджаньнем па-расейску: ледзь што, пад коламі будзе. Калі на газ націсьнеш, каб у Літву прарвацца… Глядзіш на вялізныя цьвікі і думаеш: а зь літоўскага боку такіх не відаць. Хочацца зноў жыхарам гарадзенскім у Друскенікі без абмежаваньняў, але хто ў іх пытаецца?! Здавалася б, у саміх поўныя прылаўкі, але каўбаса з рыцарскай краіны ўсё роўна вабіць, як некалі. І каштуе прыямней, што таксама не абы-што.

Адзіны помнік 600-годзьдзю Грунвальдзкай бітвы ў нашых межах паставілі ў Ваўкавыску. Стэла зь мячамі. І цяпер чытаеш пастаянна, як мячы тыя ламаюць хуліганы. Ня хочацца ім рыцарства, «мячы – на арала», маўляў. Чорт зь імі. У мяне яшчэ бляшанка літоўскага піва «1410». Выкарыстана рэпрадукцыя Матэйкі: пераможны Вітаўт на грунвальдзкім полі. У бляшанцы пінта – для аматараў на брытанскіх выспах, крыху больш за паўлітра. Што праўда, наўрад ці прачытаюць Джоны Сьміты, як літоўцы перамаглі крыжакоў. Перакладу на ангельскую няма. Адзіная сатысфакцыя для нас, беларусаў. Хаця мы-то тут пры чым? Нам бы каўбасы літоўскай. А Пагоню хай сабе пакінуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG