Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраільскія СМІ: Стан экс-кіраўніка Масаду пагоршыўся


 Мэір Даган
Мэір Даган

Стан здароўя экс-кіраўніка ізраільскага Масаду Мэіра Дагана, якому зрабілі апэрацыю ў Беларусі, рэзка пагоршыўся.

Пра гэта паведамляе ізраільскае інтэрнэт-выданьне newsru.co.il са спасылкай на публікацыі ў шэрагу ізраільскіх СМІ.

Газэта «Гаарэц» адзначае, што апэрацыя перасадкі печані была праведзена каля пяці дзён таму і прызнана пасьпяховай. Але пазьней у Дагана пачаліся пасьляапэрацыйныя ўскладненьні. Цяпер Даган знаходзіцца ў ізаляванай палаце ў адной зь беларускіх лякарняў, яго стан лекары ацэньваюць як цяжкі, але стабільны. Па словах крыніц у ягоным асяродзьдзі, пакуль яшчэ рана казаць, ці прыжылася печань.

Газэта «Ісраэль а-Ём» паведамляе, што ў апошнія тыдні ўся палітычная эліта Ізраілю была заклапочаная лячэньнем Дагана, у якога пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем.

Партал ynet таксама апублікаваў заяву асобаў, набліжаных да экс-кіраўніка Масаду, якія аспрэчваюць заяву Аляксандра Лукашэнкі, што ў ЗША і Швэцыі апэраваць Дагана адмовіліся. Яны адзначылі, што да швэдзкіх лекараў наагул ніякіх зваротаў не было, а ў ЗША палічылі, што выпадак Дагана не адпавядае крытэрам для перасадкі печані.

Пра тое, што былому кіраўніку Масаду зрабілі ў Беларусі апэрацыю трансплянтацыі печані, якую адмовіліся рабіць у іншых краінах, паведаміў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 16 кастрычніка на прэс-канфэрэнцыі для расейскіх СМІ. Распавядаючы пра дасягненьні Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру трансплянтацыі органаў і тканак, ён заявіў: «Не хачу апошні прыклад называць, але, напэўна, ён будзе вядомы. Кіраўніка ўчорашняга Масаду не ўзяліся нідзе апэраваць — патрэбна перасадка печані. Дзесяць дзён мінула пасьля апэрацыі. Толькі ў Беларусі ўзяліся апэраваць. Амэрыка адмовілася, Германія адмовілася, Швэцыя адмовілася. Але ўсе рэкамэндавалі Алега Румо».

У РНПЦ трансплянтацыі органаў і тканак БелаПАН пацьвердзілі, што апэрацыя перасадкі печані грамадзяніну Ізраілю была праведзена, але па падрабязнасьці рэкамэндавалі зьвяртацца ў Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Аднак зьвязацца з прэс-службай Міністэрства аховы здароўя не ўдаецца ўжо другі дзень.

Масад — палітычная выведка Ізраілю, лічыцца адной з самых эфэктыўных і прафэсійных спэцслужбаў у сьвеце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG