Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страх крытыкі


1.

Беларускай літаратурнай крытыкі няма. Ды што я кажу – літаратурнай крытыкі? Няма нават нечага такога, як літаратурная рэцэнзія. Няма дзядзькоў і цётак, якія, прачытаўшы новае беларускае выданьне, селі і напісалі б, што пра гэтае выданьне думаюць ЯНЫ. Праўда, здараюцца яшчэ дзядзькі і цёткі, якія, прачытаўшы новую беларускую кніжку, сядаюць і пішуць, што пра яе трэба думаць НАМ. Але пагадзіцеся, што гэта дзьве вялікія розьніцы, ня толькі ў Адэсе...

2.

Ды наогул дзядзькі і цёткі, якія маглі б напісаць нешта талковае пра новавыдадзеную кніжку, ня пішуць, а хутчэй ходзяць на прэзэнтацыі сваіх знаёмых і сяброў. На прэзэнтацыях аўтар, выдавец або сябры аўтара і выдаўца распавядаюць, пра што кніжка і што нам, чытачам, пра яе трэба думаць. Тыя з нас, якія на прэзэнтацыі не патрапляюць, прачытаюць потым журналісцкія справаздачы, у якіх інтэлектуальным ядром будзе выдавецкая анатацыя да кніжкі або цытата з уводзінаў ці пасьлямовы, калі такія ў наяўнасьці. І непрысутным на прэзэнтацыі ўжо нават не парупіць, каб пацікавіцца, а што насамрэч напісаў аўтар. Бо ім ужо сказалі тое, што можна паўтарыць знаёмым, выдаючы сябе за начытанага чалавека. А на самое чытаньне няма часу, бо літаратурны працэс не чакае. Праз тыдзень або два – наступная прэзэнтацыя, наступныя фоты ў ФБ і ЖЖ, наступныя анатацыі і цытаты нашых сяброў…

3.

У сытуацыі перасыці на выдавецкім рынку – якраз такой, як сёньня – крытык і рэцэнзэнт павінны адыгрываць ролю галоўных дарадцаў чытача, падбіваючы яго зрабіць нешта большае, чым толькі адкрыць фэйсбук і паглядзець карцінкі з прэзэнтацыі. Па сутнасьці, рэцэнзія або крытычны агляд літаратурнага твору павінны быць ядром рэклямы і прасоўваньня гэтага твору сярод чытачоў. Пагатоў, беларускамоўнага твору, які на вольным літаратурным рынку пачувае сябе дужа няўтульна. Беларускую кніжку цяжка прадаць, нават калі яе запакаваць у яшчэ даражэйшы цэляфан, чым той, у які пакуюць свае кніжкі расейцы або палякі. Ды на даражэйшы цэляфан няма ў нас грошай. А таму беларусам за свайго чытача трэба змагацца не кашальком ды прэзэнтацыямі з цэляфанам, шампанскім і дранікамі, а мазгамі перш за ўсё...

4.

Але мазгамі мы не змагаемся. Мы змагаемся, так сказаць, сэрцам. То бок, прасоўваем беларускую літаратуру паводле прынцыпу, што трэба хваліць усё сваё пад корань, нават калі яно ня надта пахучае ці нават падтухлае. Бо інакш будзе не патрыятычна. На нашых жа гарбах дзьвесьце гадоў русыфікацыі і, як мінімум, столькі гадоў палянізацыі. Дык чаго ўжо нам чапляцца да сваіх. Беларускі пісьменьнік малайчына ўжо таму, што напісаў па-беларуску, а не па-руску. Ну і ў выніку маем тое, што маем. «Вялікую малую літаратуру», якой ніхто ня ведае, ні малы, ні вялікі. Але пра якую пакуль яшчэ гавораць на прэзэнтацыях...

5.

...і на якую пакуль яшчэ даюць грошы, нават калі наклады выданьняў не перавышаюць паўтысячы асобнікаў. Часам, наглядаючы за тым, як ідзе беларускі літаратурны працэс, я лаўлю сабе на думцы, што беларуская літаратура будзе існаваць так доўга, як доўга Беларусь будзе заставацца «апошняй дыктатурай Эўропы». Калі, крый Божа, у Беларусі ўсталюецца нейкі дэмакратычны ці хоць напалову дэмакратычны рэжым, што будзе сыгналам для дзядзькоў з Эўропы адлучыць беларускі літаратурны рух ад літфондавых цыцачак (тыя эўрапейскія цыцачкі знойдуць сабе іншых смактуноў у нейкай Бірме або Самалі), то ўсё наша прыгожае і ня вельмі прыгожае пісьменства так і сагнецца ў дугу. Таму што дэмакратыю, як ні дзіўна, можа ўявіць без дзяржаўных датацый для літаратуры. Я маю перад вачыма як мінімум два дэмакратычныя прыклады такога павароту літаратурнага працэсу – чэскі і польскі. Дэмакратычныя сыстэмы, чамусьці, могуць існаваць з аднымі жаночымі раманамі, каб яны спруціліся! То бок, жаночыя раманы каб спруціліся, а не дэмакратычныя сыстэмы...

6.

«Мову бароняць ня меч і ня шчыт, а шэдэўры». Так напісаў у вершы «Родная мова» (Język ojczysty) польскі паэт ХІХ стагодзьдзя, Цыпрыян Каміль Норвід. Кожны паляк у школе засвойвае гэты, так бы мовіць, максымалісцкі дэвіз. А што засвойвае ў школе беларус? «Кожны край мае тых, што апяваюць, / Чым ёсьць для народа ўпадак і хвала, / А беларусы нікога ж ня маюць, / Няхай жа хоць будзе Янка Купала.» Вось вам беларускі мінімалізм у пігулцы. Але калі ў Купалавым вершы «Я не паэта» гэты мінімалізм адначасова ставіцца ў саркастычны кантэкст, то ў сучасным белліце яго разумеюць цалкам даслоўна. У тым ліку і беларускія літаратурныя крытыкі або тыя, якіх так называюць. Ну і што з таго, маўляў, што пераважная большасьць белліту – гэта нецікавыя стылістычныя практыкаваньні або наогул чортведама што. Няхай жа будзе хоць так. Лепш так, чым па-руску. Ніхто, блін, не папракне ні аднаго графамана, калі толькі той настрачыў нешта па-беларуску. Бо нібыта ён таксама падтрымлівае мову...

7.

Дзе беларускі адпаведнік нечага такога, як Times Literary Supplement, New York Review of Books або рубрыка «Bücher» у Frankfurter Allgemeine Zeitung? Дзе некаму, зацікаўленаму тым, што адбываецца ў сучаснай беларускай літаратуры, шукаць аўтарытэтнай падказкі, парады, арыенціраў? Няма такога аўтарытэтнага месца, а ёсьць прынагодныя занатоўкі, якія пішуцца сябрамі і знаёмымі нашых сяброў і знаёмых у розных нішавых (некаторыя дадаюць: тусовачных) выданьнях. Калі б пра літаратуру пісаў прафэсійны крытык-рэцэнзэнт, ён, я лічу, пасаромеўся б пісаць толькі віншавальныя банальнасьці і паспрабаваў бы напісаць нешта больш-менш арыентаванае на літаратурны тэкст і на патэнцыяльнага чытача, а не на асобу аўтара...

8.

Беларускую літаратуру, пры вострым і хранічным дэфіцыце чытачоў, маглі б істотна падтрымаць крытыкі, калі б схацелі дапамагчы ўсім тым, каго не задавальняе разгляданьне карцінак у фэйсбуку, разабрацца бяз хохмаў, пра што і дзеля каго пішуць беларускія пісьменьнікі. Так сказаць, дапамагчы аддзяліць зерне ад мякіны. Або паспрабаваць зрабіць беларускаму чытачу прышчэпку ад графаманіі. Але яны гэтага ня робяць. Таму і прыходзяць мне ў галаву розныя трывожныя пытаньні, накшталт таго, што я ўжо згадаў: За кошт чаго будзе выжываць беларуская літаратура, калі Беларусь, чаго добрага, стане дэмакратычнай, і ў беларускіх чытачоў ды эўрапейскіх спонсараў зьнікне маральны імпэратыў падтрымліваць літаратараў, якіх прыгнятае дыктатар?

9.

А хто, дарэчы, прыгнятае літаратурных крытыкаў? І за што?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG