Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фядута: «У Саакашвілі ёсьць падстава сьцьвярджаць, што і ён — не Лукашэнка»


Міхаіл Саакашвілі галасуе на парлямэнцкіх выбарах
Міхаіл Саакашвілі галасуе на парлямэнцкіх выбарах
Апазыцыйны рух «Грузінская мара» перамагае на парлямэнцкіх выбарах у Грузіі. Прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі ў відэазвароце да грузінскага народу прызнаў перамогу апазыцыйнай кааліцыі «Грузінская мара» і выказаў гатоўнасьць супрацоўнічаць зь ёй. Саакашвілі заявіў, што ягоны Нацыянальны рух пераходзіць у апазыцыю.

Як камэнтуюць у Беларусі вынікі выбараў у Грузіі?

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што можна павіншаваць выбарцаў Грузіі, бо там адбыліся выбары па стандартах АБСЭ, там паважаюць правы меншасьці і ёсьць палітычная канкурэнцыя.

«Там, дзе ёсьць палітычная канкурэнцыя, заўсёды ёсьць перамены і разьвіцьцё. У Грузіі ёсьць палітычная пэрспэктыва. Вядома, працэс ня будзе такі просты, ён будзе даволі хваравіты. Але трэнд там абсалютна здаровы, і ясна, што Грузія — гэта краіна ня толькі зь нядобрым сваім мінулым, але і з пэрспэктыўнай будучыняй.

Саакашвілі моцна паступіўся сваімі амбіцыямі і сваімі паўнамоцтвамі. Гэта вялікі плюс. Калі зараз адбудзецца перадача ўлады ад адной палітычнай сілы да другой і мірнымі сродкамі, то гэта азначае рэспэкт Грузіі, што насамрэч краіна абсалютна здаровая і што пэрспэктывы ў іх зьяўляюцца. Гэтыя пэрспэктывы не зьмяншаюцца з аслабленьнем Саакашвілі, яны толькі ўзмацняюцца.

Што да любові Саакашвілі і Лукашэнкі, якая ў апошні час зьявілася, то тут усё ж Грузія — закладніца сытуацыі са сваімі тэрыторыямі. Спадзяюся, што ня будзе паказной любові новага складу парлямэнту да Лукашэнкі. І не чакаю, што моцна зьменіцца рыторыка ў падтрымку беларускай апазыцыі. Хутчэй за ўсё, будзе больш нэўтралітэту».

Анатоль Рубінаў
Анатоль Рубінаў
Старшыня Савету Рэспублікі Анатоль Рубінаў заявіў карэспандэнту «Свабоды», што грузінскі народ заўсёды быў для беларусаў блізкім і братэрскім, і пажадаў яму добрай будучыні. Ён адзначыў, што ўсе краіны перажываюць няпросты пэрыяд, і ў Грузіі людзі шукаюць свой шлях. «І, як часта бывае, кідаюцца з адной крайнасьці ў другую. Відаць, народ усё ж знаходзіцца ў пошуку», — адзначае Рубінаў.

«Відаць, у многім не задавальняла сёньняшняя палітыка, якая там праводзіцца. Нездарма ўзьнікае такое незадавальненьне. Значыць, недзе сур’ёзныя ўпушчэньні ў гэтай справе. Многія зь іх навідавоку. Празьмернае захапленьне адной краінай і пагарджаньне іншай у міжнародных дачыненьнях — гэта, вядома, да дабра ніколі не прыводзіць. Думаецца, што знайшлі сабе патрона і ён азалоціць. Ня трэба гэтага. Усё трэба ствараць сваёй працай. Таму да гэтага народ паступова прыходзіць. Мы павінны з Грузіяй падтрымліваць добрыя стасункі, разумеючы, што ў іх ёсьць цяжкасьці і яны будуць іх паступова неяк пераадольваць».

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін
Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін лічыць, што гэта вельмі добра, калі ўлада мяняецца, калі людзі выбіраюць сабе ўладу. Гэтым Грузія пацьвердзіла, што яна — дэмакратычная дзяржава.

«Нягледзячы на тое, што там паміж уладай і апазыцыяй вельмі жорсткія адносіны, існуюць усе магчымасьці для вольных і справядлівых выбараў. Калі людзі хочуць зьмяніць уладу, яны маюць для гэтага магчымасьці. І прыклад Грузіі сьведчыць, што там існуюць мэханізмы для зьмены ўлады, існуюць вольныя і справядлівыя выбары».

Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута
Адзін з кіраўнікоў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Аляксандар Фядута так пракамэнтаваў перамогу апазыцыі на выбарах у Грузіі:

«Тое, што хацеў бы зрабіць Саакашвілі з Грузіяй, напэўна, у нейкім пляне супадае з тым, што Лукашэнка зрабіў зь Беларусі. Але Грузія — не Беларусь, і грузіны — не беларусы. Яны гэта яшчэ раз пацьвердзілі, даўшы тым самым падставу і Саакашвілі сьцьвярджаць, што і ён — не Лукашэнка».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG