Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск прывязуць нямецкі экзэмпляр «Бібліі» Скарыны


Упершыню ў Менску і ў Нясьвіжы выставяць «Біблію» Францішка Скарыны — адзіны экзэмпляр гэтай кнігі, які ёсьць у Нямеччыне. «Біблію» з Гёрліцу пакажуць у рамках «Тыдняў Нямеччыны», якія пачынаюцца ў Беларусі 26 верасьня.

«Сёлета нам упершыню ўдалося прывезьці Скарынаву „Біблію“, хоць такія намеры былі і раней. Менскай публіцы яна будзе прадстаўлена 4 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы цягам 14 дзён. А потым да 24 кастрычніка яна будзе экспанавацца ў Нясьвіскім замку. Гэта тое, што аб’ядноўвае беларусаў і немцаў. Мы адзіныя ў разуменьні культурна-гістарычнай значнасьці Францыска Скарыны. Таму гэта адно з найважнейшых мерапрыемстваў нашых тыдняў», — сказаў сёньня журналістам дарадчык-пасланьнік амбасады Нямеччыны ў Беларусі Пэтэр Дэтмар.

Ён таксама адзначыў, што нямецкі бок атрымаў гарантыі бесьперашкоднага ўвозу і вывазу гэтай кнігі. Цікавасьць да яе вялікая, таму час паказу ў Беларусі абмежаваны.

Праскае выданьне «Бібліі» цягам стагодзьдзяў лічыцца ўласнасьцю нямецкага гораду Гёрліц. Гэтае каштоўнае выданьне знайшоў нямецкі славіст Норбэрт Рандаў у 2003 годзе ў багатых фондах Верхнялужыцкай навуковай бібліятэкі ў Гёрліцы.

Гёрліцкая «Біблія» Скарыны — гэта восем асобных праскіх выданьняў, пераплеценых у 1615 годзе пад адной вокладкай. Аклады кардонныя, абцягнутыя пэргамінам. Памер кнігі 16,4 на 21,8 сантымэтра. Аб’ём — 1316 старонак.

Гэтая «Біблія» была падараваная ў Брэславе (цяпер польскі горад Уроцлаў) нейкаму Андрэасу Панку ў 1520 годзе, які перадарыў яе празь некалькі гадоў рэлігійнаму дзеячу Ёганэсу Гесу.

Паводле прафэсара Адама Мальдзіса, гэта вельмі важная падзея для Беларусі, але, баючыся сурочыць, ён лічыць за лепшае дачакацца яе. Бо ўжо чатыры разы зрываўся прывоз гэтай кнігі, гэтага ўнікальнага канвалюта, хаця ўсё было дамоўлена — бо неабходна было плаціць мыта, патрэбны пэўны ўзровень бясьпекі.

У сьвеце цяпер 266 асобнікаў «Біблій» Скарыны, зь іх у Беларусі толькі дзесяць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG