Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельшчына: пяць ахвяраў «ціхага паляваньня»


З пачатку верасьня на Гомельшчыне атруціліся грыбамі 23 чалавекі, зь якіх пяцёра памерлі. Чаму людзі труцяцца грыбамі ў рэгіёне, дзе пасьля Чарнобылю экалягічная сытуацыя не спрыяе збору й спажываньню так званых дароў лесу?

Спэцыялістка абласной санітарнай службы з аддзелу гігіены грамадзкага харчаваньня спадарыня Людміла кажа, што людзі неабачліва зьбіраюць грыбы, і найперш падобныя на сыраежкі. І гэтак жа бясьпечна спажываюць іх у ежу. Гэта й прыводзіць да трагічных выпадкаў:

«Людзі зьбіраюць грыбы там, дзе ім хочацца. У асноўным, канечне, бліжэй да сваіх лецішчаў. У Жлобінскім раёне адзін сьмяротны выпадак, пэнсіянэрка. У Мазыры таксама. У Рэчыцы два пэнсіянэры пайшлі назьбіралі сыраежак і памерлі. Сыраежкі й паганкі, канечне, падобныя, іх жа адрозьніць нельга. І ў горадзе Гомелі адзін. У горадзе зьбіралі грыбы ў парку Фэстывальны».

У таксікалягічным аддзяленьні шпіталю хуткай мэдычнай дапамогі лечыцца зараз ад атручваньня састарэлая маці памерлага гамельчука, які зьбіраў грыбы у парку Фэстывальным. Яна ў цяжкім стане і яшчэ ня ведае, што сына няма ў жывых.

Іншага хворага, 25-гадовага гамельчука Сяргея, лекары ўратавалі ад пагібелі. Ён ўжо тыдзень на шпітальным ложку:

«Таксама атруціўся грыбамі. Я не зьбіраў — зьбірала маці ў Гомелі, сасоньнік там на Сонечнай. Звычайныя грыбы. Можа, патрапілася парачка кепскіх. Я паеў у панядзелак у абед, у той панядзелак. Місачку, з бульбай. Потым у дзевяць гадзінаў вечара мяне скруціла, жывот моцна забалеў, ваніты пачаліся, слабасьць, ганячка».

Сяргей кажа, што мэнчыўся так чатыры гадзіны: «Потым зразумеў, што сам не змагу ачысьціць арганізм і вырашыў патэлефанаваць у хуткую дапамогу. Прыехала хуткая й забрала сюды. Маці таксама тут і таксама з атручваньнем».

На пытаньне, што вымусіла сям’ю спажываць невядомыя грыбы, Сяргей адказвае: «Гэта ж смачна. Ня ўсе ж грыбы заражаныя, ня ўсе ядавітыя. Ёсьць жа й добрыя грыбы, карысныя».

53-гадовы жыхар абласнога цэнтру патрапіў у шпіталь пасьля таго, як паспытаў замарынаваных грыбоў. Па расповяду жонкі й дачкі, гэта былі зялёнкі:

«Я проста ўбачыў іх ў слоіку. Кажу: «Алена, што за грыбы ты замарынавала, закансэрвавала? Чаму яны белыя ўсё? Дзьве лыжкі зьеў. Пад вечар галавакружэньне пайшло, ваніты, ногі з-за сутаргі пачалі адказваць».

Па словах суразмоўцы, асабіста яму захацелася паспытаць грыбоў, бо не спажываў іх гадоў дванаццаць. Бываць і іншыя прычыны:

«Не разумеюць. Магчыма, і таму, што падаражала ўсё. Сабіраюць грыбы, на рынку прадаюць, усюды — на кожным кутку. Недасьведчаныя купляюць, ня ведаючы, што ў шпіталях творыцца, колькі тут тых, хто атруціўся. Грыбы заражаныя зь зямлі, вялікая таксічнасьць. Хваля гэтая, Чарнобыль прайшоў — усё заражана: і мяса, і рыба, і грыбы. Усё трэба аддаваць на праверку».

Санітарная служба, аднак, правярае тыя ж грыбы толькі на наяўнасьць радыяцыі. У большай палове правераных грыбоў утрыманьне радыёцэзію перавышае дапушчальны ўзровень, у 46 адсотках — іх нельга спажываць з-за стронцыю. На ўтрыманьне ж таксычных рэчываў грыбы не правярае ніхто.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG