пятніца, 25 красавіка 2014, Менск 04:12

Праграмы / Экспэртыза Свабоды

«Вялікі брат» хоча быць «Вконтакте» з вамі

У чым прычына атакі спэцслужбаў на беларускі апазыцыйныя суполкі ў сацыяльных сетках? Наколькі гэтыя суполкі ўплывовыя, ці здольныя атакі спыніць іх працу? Над гэтымі пытаньнямі разважаюць медыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі і блогер Віктар Малішэўскі.

x
ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Прычына паляваньня на інтэрнэт-актывістаў

Дракахруст: Першы тыдзень перадвыбарчай агітацыі прынёс шэраг навацыяў. Адна зь іх — скаардынаваная атака органаў правапарадку на апазыцыйныя супольнасьці ў сацыяльных сетках: ў чацьвер быў зьнішчаны кантэнт некаторых зь іх, затрыманыя іх адміністратары. На ваш погляд, улады лічаць іх асабліва небясьпечнымі цяпер, падчас выбарчай кампаніі? Паўлюк

Паўлюк БыкоўскіПаўлюк Быкоўскі
x
Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі
Быкоўскі: На маю думку, тут можна казаць ня столькі пра сытуацыю з выбарчай кампаніяй, колькі пра хвалю пасьля «плюшавага дэсанту». У нейкі момант ва ўлады была разгубленасьць, але потым сілавікі вырашылі выкарыстаць сытуацыю на сваю карысьць. Калі краіна — у стане асаджанай крэпасьці, то сілавікі робяцца больш патрэбнымі. Пасьля «плюшавага дэсанту» адбыліся значныя кадравыя перастаноўкі, беспадстаўна былі затрыманыя журналіст і рыэлтар.
Я мяркую, што калі аблава на мадэратараў суполак у сацыяльных сетках і зьвязаная з выбарчай кампаніяй, то толькі таму, што ў цяперашнім становішчы сілавікам ужо ня трэба хаваць сваё жаданьне закручваць гайкі.

Дракахруст: Віктар, вы згодны, што гэта — такое далёкае рэха «плюшавага дэсанту»? Мне здаецца, што як раз падчас выбараў заўсёды бывалі такія хапуны, праўда, не інтэрнэтных людзей, а палітычных актывістаў. Ваш адказ на пытаньне пра прычыны атакі.

Віктар МалішэўскіВіктар Малішэўскі
x
Віктар Малішэўскі
Віктар Малішэўскі
Малішэўскі: Раней падчас выбарчых кампаніяй адбывалася пэўная адліга, хаця б частковая. Цяпер гэтага не назіраецца, так што гэтая аблава — у рэчышчы існага клімату, а не з прычыны таго, што яго хацелі памяняць. Гэта звычайнае жорсткае супадзеньне. Такое ж супадзеньне мела месца ў справе швэдзкага пасла і «мядзьвежага дэсанту». Я веру ў тое, што гэта было супадзеньне. Што да аблавы, то магчыма ў нашых спэцслужбаў аказаліся паролі ці сьпіс усіх мадэратараў гэтых суполак. Таму яны правялі апэрацыю, звычайную для беларускіх сілавікоў. Так, гэта супала з выбарамі. Але калі б выбараў не было, было б тое самае.

Ці адрастаюць у інтэрнэце адрубленыя галовы?

Юры ДракахрустЮры Дракахруст
x
Юры Дракахруст
Юры Дракахруст
Дракахруст: Наколькі такія акцыі здольныя паралізаваць працу гэтых суполак у сацыяльных сетках? Ці яны заўтра ж зьявяцца на іншых пляцоўках?
Таварышы чэкісты адрапартуюць, што вораг зьнішчаны, а што новае зьявілася — ну будзем змагацца і з новым.

Малішэўскі: Я мяркую, што гэта ўплывае на ўзроўні фобіяў карыстальнікаў сацыяльнмі сеткамі. Пасьля таго, як прайшла інфармацыя пра гэтую атаку, многія памянялі паролі, многія зрабілі паўзу, на пэўны час яны ня будуць хадзіць на пэўныя суполкі. Іншых наступстваў я ня бачу, але і гэтыя — дастаткова сур’ёзныя. Сеяць фобіі — гэта добра для нашых спэцслужбаў і яны гэтым прафэсійна займаюцца.

Дракахруст: Паўлюк, толькі ў адной з гэтых суполак было некалькі дзесяткаў тысяч наведнікаў. Як хутка і ў якой колькасьці гэтыя суполкі могуць аднавіцца?

Быкоўскі: На маю думку няма падставаў лічыць, што такім чынам можна заблякаваць актывістаў у інтэрнэце. Пэўныя людзі могуць быць затрыманыя, іх могуць арыштаваць. Але сёньня шмат людзей жывуць ці вучацца за межамі Беларусі, сярод мадэратараў гэтых суполак ёсьць тыя, хто знаходзіцца за межамі Беларусі. Ёсьць досьвед аналягічных атак супраць супольнасьці «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі», які паказаў, што гэта ненадоўга спыняе актыўнасьць. Іншае пытаньне — наколькі модным, наколькі патрэбным для карыстальнікаў інтэрнэту зьяўляюцца гэтыя суполкі. Калі так, то пад тым ці іншым назовам, можа побач са зьнішчанай суполкай, яна адновіцца. Магчыма, гаспадары сеткі, у прыватнасьці, «Вконтакте» не пагодзяцца аднавіць зьнішчаны кантэнт, хаця раней былі прыклады, калі яны пагаджаліся гэта рабіць.

Прынамсі ў Расеі казаць, што «нам устыў Лукашэнка», не зьяўляецца злачынствам, таму сацыяльная сетка ня мае падставаў прымаць адміністрацыйныя рашэньні адносна гэтай суполкі. Таму я мяркую, што атака ня будзе эфэктыўнай.

Так што калі вы пытаецеся, ці змогуць нейкія службоўцы паставіць сабе птушку за ўдала праведзеную апэрацыю — так, змогуць. А памяняць нешта ў сьвядомасьці людзей і ў карыстаньні людзьмі сацыяльнымі сеткамі — наўрад ці ў іх гэта атрымаецца.

«Вконтакте» з беларускім КДБ?

Дракахруст: Гледзячы па ўсім, адміністрацыя сацыяльнай сеткі «Вконтакте» па меншай меры не перашкаджала зьнішчэньню суполак, калі не дапамагала ім.
Адзін з адміністратараў атакаваных супольнасьцяў распавядаў, што калі зьнішчаўся кантэнт суполкі, ён спрабаваў зьвязацца з тэхнічнай камандай «Вконтакте», але гэта ў яго не атрымалася. Дарэчы, сымбалічнае супадзеньне — гэтымі днямі выйшаў з турмы ў Кітаі блогер, які трапіў за краты за крытыку ўладаў і якога здала yahoo. Ці ёсьць у беларускіх уладаў магчымасьць праз адміністрацыю, напрыклад, «Вконтакте» сур’ёзна «дастаць» сеткавых іншадумцаў?

Быкоўскі: Гэта не такое простае пытаньне. Калі казаць пра кантэнт, які забаронены і ў Беларусі, і ў Расеі, то там адміністрацыя сеткі мусіць пагадзіцца і ў такім выпадку зварот беларускіх спэцслужбаў будзе разглядацца ўсур’ёз. Але мы гаворым не пра дзіцячае порна, не пра тэрарызм, не пра выбуховыя рэчывы, а пра палітычныя дэбаты. І тут на зварот можа быць як станоўчы, гэтак і адмоўны адказ. І, наколькі я ведаю, ўсе сацыяльныя сеткі вельмі ня хочуць, каб іх абвінавачвалі ў палітычнай цэнзуры. Таму верагоднасьць таго, што сетка лёгка прыме такое рашэньне, вельмі нізкая.

Дракахруст: Паўлюк засяродзіў увагу больш на юрыдычным баку. Але былі выпадкі, калі Yahoo і Google шла насустрач ўладам аўтарытарных краінаў, не маючы юрыдычных абавязкаў гэта рабіць.

Малішэўскі: Я мяркую, што беларускія спэцслужбы перасьцерагуцца тролінгу з боку кіраўнікоў гэтых сацыяльных сетак, ёсьць рызыка, што аўтары падобнага запыту будуць высьмеяныя ў інтэрнэце. Неразумна зьвяртацца да кіраўнікоў сеткі, каб даведацца кантакты супольнасьці «Нам надоел Лукашенко». Над імі будзе сьмяяцца ўвесь інтэрнэт і яны будуць адчуваць сябе вельмі няёмка.
Ёсьць больш простыя спосабы: вылічыць кагосьці, выбіць нейкія паролі.
А вяртаючыся да фобіяў, як павінен сказаць, што калі дапытваюць мадэратара суполкі, то кожны чалавек, які ў ёй нешта абмяркоўваў, будзе сябе вельмі няўтульна адчуваць і будзе думаць, што яго кантакты патрапяць да спэцслужбаў.
Гэта вельмі непрыемнае адчуваньне і яно робіць уплыў.

Як далёка офлайн ад онлайну?

Дракахруст: Наколькі на ваш погляд гэтыя супольнасьці здольныя спарадзіць эфэкт «сьнежнага камяка» — рэзка павялічыць сваю колькасьць, паўплываць на нешта ў офлайне, сапраўды зьдзейсьніць рэвалюцыю праз сацыяльныя сеткі? Ці гэта такое своеасаблівае гета, некалькі дзесяткаў ці нават соцень тысяч чалавек, але яны там будуць пасьвіцца ў сябе ў інтэрнэце, і дарма чэкісты так пераймаюцца?

Малішэўскі: Калі б не было леташніх «маўклівых пратэстаў», я б дакладна сказаў, што гэта лухта. Але тыя акцыі пратэсты моцна папсавалі нэрвы нашым спэцслужбам. Я шмат бываю на канфэрэнцыях з удзелам арабскіх — эгіпэцкіх, туніскіх ці сірыйскіх — блогераў. І я заўсёды пытаюся іх, прычым прашу адказаць публічна, каб усе чулі — калі не было Twitter’a ці Faсebook’a, на якія яны моляцца, ці былі б у іх рэвалюцыі. І ўсе яны згаджаюцца, што гэта толькі інструмэнт, што гэта эфэктыўна, калі працэс ужо пачаўся незалежна ад сетак. А каб з сетак нарадзіўся пратэст — такога ў іх не было. І я таксама так мяркую.

Ну можа гэта і не гета. А можа і гета. Але ў нас ўся краіна разьбітая на гета па інтарэсах.

Быкоўскі: Большасьць даследчыкаў прыходзяць да высновы, што інтэрнэт — гэта толькі адзін зь інструмэнтаў. Калі пра казаць пра ролю сацыяльных сетак у сацыяльных пераменах, то варта зазначыць розны характар іх аўдыторыі. «Вконтакте» — гэта пераважна моладзь да 35 гадоў, у Faсebook — старэйшая ў сярэднім аўдыторыя, у Twitter’a ў Беларусі зусім маленькая аўдыторыя, хаця і дастаткова актыўная.

Людзі па-рознаму праяўляюць сваю актыўнасьць: вельмі лёгка лайкнуць, выказаць падтрымку ці асуджэньне таго ці іншага выказваньня, вельмі складана перайсьці ад гэтага лайку да нейкіх дзеяньняў ува офлайне. Гэта вялікая дыстанцыя. Ёсьць дасьледаваньні пра вопыт збору ахвяраваньняў у розных сацыяльных сетках, наколькі вялікія сумы людзі гатовыя ахвяраваць. Дык вось выснова, што невялікія. І гэта так ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах.

Таму нельга разглядаць суполкі ў сацыяльных сетках, як сход нейкага партактыву, які будзе гатовы пад пэўнымі лёзунгамі хутка кудысьці пайсьці. Але гэта цікавы інструмэнт, гэта пляцоўка, дзе могуць сабрацца аднадумцы і разам нешта прыдумаць. Гэта ў прынцыпе можа ператварацца ў актыўнасьць у тым ліку і па-за межамі інтэрнэту. Гэтага апошняга баяцца спэцслужбы, аднак гэта немагчыма спыніць. Не будзе гэта абмяркоўвацца «Вконтакте», будзе абмяркоўвацца ў іншай сетцы, гэта не праблема сёньня.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Бенедзікт
01.09.2012 11:31

Дракахруст - "... былі выпадкі, калі Yahoo і Google шла насустрач ўладам аўтарытарных краінаў, не маючы юрыдычных абавязкаў гэта рабіць."
-----------------------------------
Такія выпадкі зь Yahoo і Google сапраўды былі...

А вось адносна "Вконтакте" перакананы, што тут варта казаць не пра выпадкі, а пра сістэму.
І маўчаньне тэхнічнай службы "Вконтакте" пайсьці насутрач сп. Чарняўскаму ўспрыймаецца, як заканамернасьць.

Адказаць

Імя:: Навак Горад:: Віцебск
01.09.2012 19:25
У снежаньскім інтэрв'ю ў 2011 годзе стваральнік "Вконтакте" Павал Дураў прызнаў, што ФСБ сапраўды аказвае ціск на "Вконтакте", патрабуючы зачыняць апазіцыйныя групы ў сацыяльнай сетцы. Але заявіў: "Мы прынцыпова гэтага не робім. Не ведаю, чым гэта можа скончыцца для нас, але мы стаім". Ён таксама дадаў, што яго кампанія "на сто адсоткаў апалітычная» і не падтрымлівае "ні ўладу, ні апазіцыю, ні адну з партый".
Адказаць

Імя:: Гой Гоич Абрамович Горад:: издалека
02.09.2012 11:22
Руководителям соц. сетей тоже есть чего бояться.Ведь ещё неделю назад "Вконтакте" обвиняли в разврате.Может это одна акция с задержанием белорусских блогеров.
Відэа