Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы прэзыдэнт Акаеў просіць прабачэньня ў кіргізаў


Зрынуты рэвалюцыяй 2005 году экс-прэзыдэнт Кіргізстану Аскар Акаеў папрасіў выбачэньня ў кіргізаў за памылкі, якія ён дапусьціў падчас свайго кіраваньня краінай ў 1990-2005 гг.

У інтэрвію кіргіскай службе радыё Свабода Аскар Акаеў сказаў:

«Паважаныя суайчыньнікі, кіргіскі народ і кіргістанцы! Мы сьвяткуем 21-я ўгодкі незалежнасьці краіны. І я хачу скарыстацца нагодай і зьвярнуцца да вас. 14 гадоў вы даверылі мне быць кіраўніком дзяржавы. Усе свае сілы, веды і мэты я прысьвяціў служэньню дзяржаве. Былі памылкі. Вялікія памылкі. Таму я хачу скарыстацца сёньняшняй магчымасьцю і папрасіць ва ўсяго народу Кіргізстану прабачэньня за ўсе дапушчаныя памылкі, за тыя рашэньні, што пакінулі адмоўны сьлед падчас майго праўленьня і пасьля».

Да адной з найбольшых сваіх памылак Акаеў залічыў прывод да ўлады Курманбека Бакіева:

«Падчас фармаваньня новай дзяржавы непазьбежныя памылкі і хібы. Памылкі былі дапушчаныя ў палітычнай і эканамічнай сфэрах ды ў кадравай палітыцы. Сярод гэтых памылак магу падкрэсьліць адну — гэта прасоўваньне дырэктара маленькага завода Курманбека Бакіева ў губэрнатары двух вобласьцяў, а потым і на пасаду кіраўніка ўраду. Як паказваюць падзеі 2005 і 2010 гадоў, гэта была мая самая вялікая памылка. Ён нанёс вялікую шкоду народу і дзяржаве».

Аскар Акаеў, скінуты з пасады прэзыдэнта Кіргізстану ў выніку крывавых пратэстаў у сакавіку 2005 году, атрымаў прытулак у Расеі.

Курманбек Бакіеў, скінуты з пасады прэзыдэнта Кіргізстану ў выніку крывавых пратэстаў у красавіку 2010 году, атрымаў прытулак у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG