Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 дзён Шуневіча


Ігар Шуневіч
Ігар Шуневіч

100 дзён мінула з прызначэньня міністрам ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. Ён замяніў на гэтай пасадзе Анатоля Куляшова, уключанага за разгон Плошчы 19 сьнежня 2010 году ў сьпіс неўязных ў краіны Эўразьвязу.

Ці далёка міліцыя прасунулася на шляху рэформаў, абвешчаных падчас прызначэньня новага міністра?

У самім міліцэйскім ведамстве на пытаньне пра дасягненьні ў абвешчаным рэфармаваньні адказалі сьціпла. Гаворыць прэсавы сакратар МУС Канстанцін Шалкевіч:

«Яшчэ пра гэта казаць рана. Пляны, канечне, ёсьць, але да прыняцьця канчатковых рашэньняў казаць нешта пэўна рана».

Каб журналіст атрымаў уяўленьні, што магчыма будуць рэфармаваць, прэсавы сакратар адсылае на сайт міністэрства, да артыкула «Вецер перамен падзьмуў у бок МУС». Адкрываю сайт, заходжу ў пошук. Артыкул напісаны пасьля сустрэчы новага міністра Ігара Шуневіча з былымі міністрамі і вэтэранамі МУС. Удзельнікі сустрэчы казалі пра рэформу сыстэмы падрыхтоўкі і адукацыі міліцыянтаў, паляпшэньне тэхнічнага забесьпячэньня ды пад'ём прэстыжу прафэсіі. У тым ліку, агучвалася ідэя аб стварэньні Грамадзкага савету пры міністры, у які ўвойдуць вядомыя журналісты, дзеячы культуры, вэтэраны.

А як такія пляны ацэньваюць незалежныя назіральнікі?

Старшыня Хэльсынскага камітэту Алег Гулак прызнаецца, што пакуль не адчуў зьменаў у працы беларускай міліцыі да лепшага. Гэта пры новым міністры ўнутраных спраў Алега Гулака міліцыянты ўключылі ў сьпіс невыязных з краіны, але вінаватых ў памылцы гэтак і не пакаралі. Пакуль Алег Гулак скептычна ставіцца да таго, што Грамадзкі савет пры міністры ў тым выглядзе, як ён задуманы, дапаможа рэформе міліцыі:

Алег Гулак
Алег Гулак
«Ініцыятыва пра грамадзкі савет новая. На маю думку, карысная, але з таго, што пакуль бачна, зноў у ім будзе ўхіл на вэтэранаў. Пры тым, што яны таксама прадстаўнікі грамадзтва, хацелася б бачыць у такім савеце больш прадстаўнікоў, якія б маглі выказвацца больш крытычна і незалежна. Каб той жа міністар меў крытычную інфармацыю зь першых рук і мог апэратыўна вырашаць існуючыя праблемы».

У міліцыі кажуць пра неабходнасьць праз выхаваўчую працу павышаць маральны стан тых, хто працуе ў яе шэрагах. Прыводзяць прыклады пакараньня тых міліцыянтаў, якія праштрафіліся ці нават парушылі закон.

Актывістка ўстановы «Плятформа» Алена Красоўская-Каспяровіч не хавае зьдзіўленьня: як выхоўваць прыстойнага міліцыянта, калі на службе яго прымушаюць парушаць закон, прыкладам, даваць ілжывыя сьведчаньні?

Алена згадвае пра шматлікія выпадкі асуджэньня грамадзкіх актывістаў нібыта за нецэнзурную лаянку, пра брутальныя паводзіны людзей ў міліцэйскай форме з простымі грамадзянамі. Гэтая практыка пры новым міністры Шуневічы не зьменшылася, а наадварот — квітнее, заўважае Алена і спасылаецца на асабісты досьвед. У канцы ліпеня актывістку незаконна пратрымалі на Акрэсьціна тры дні, адкуль вывезьлі за горад і кінулі наўпрост у полі. Месцам, дзе найчасьцей сама міліцыя парушае закон, Алена называе ізалятары, калёніі і турмы:

Pьменаў мы не заўважылі. Ні да лепшага, ні да горшага

«Мы ўвесь час спрабуем дамагчыся дазволу на ўваход у месцы зьняволеньня, як гэта робяць, прыкладам, расейскія, ўкраінскія праваабаронцы. Але дагэтуль ані з былым міністрам, ані з новым міністрам нам гэтага не дазваляюць. Хаця ў гэтым зацікаўленыя ня толькі простыя грамадзяне, але і супрацоўнікі МУС — даведацца пра тое, што іх калегі недзе парушылі закон і зьмяніць сытуацыю. Не, зьменаў мы не заўважылі. Ні да лепшага, ні да горшага. Усё засталося на тым жа ўзроўні».

Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў моцна сумняваецца ў тым, што пры дзейснай уладзе міліцыю ўвогуле можна рэфармаваць:

«Немагчыма, каб новы кіраўнік ці наступны раптам ўзяў і зьмяніў да лепшага. Здаецца, у той жа час ён перастане быць кіраўніком. Такое адчуваньне заўсёды прысутнічае».

Мікалай Казлоў звольніўся зь міліцыі пасьля рапартаў аб тым, што на выбарчым участку, які ён ахоўваў падчас мінулых парлямэнцкіх выбараў, прадстаўнікі выбарчай камісіі займаліся фальсыфікацыямі. Парушальнікаў закону гэтак і не пакаралі, затое на Мікалая Казлова, паводле яго словаў, пачалося службовае паляваньне. Летась былога міліцыянта пакаралі адміністрацыйным арыштам пасьля вулічнай акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі, побач зь якой яго затрымалі нібыта за брыдкаслоўе. Скаргі Казлова на незаконнасьць затрыманьня зноў не далі выніку. Мікалай згадвае пра кантакты з былымі калегамі зь міліцыі, якія адбыліся ўжо пасьля прызначэньня новага міністра:

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў
«Падчас кароткіх сустрэч, якія бываюць звычайна выпадкова, усе падымаюць вочы ў столь і размахваюць рукамі, усяляк дэманструючы, што гэта нешта жахлівае, што адбываецца ў МУС. Чым яны незадаволеныя? Відаць, усім. Мяркую, абстаноўкай, гэтымі адносінамі начальнік-падначалены. Нагрузкамі. Заробкамі, якія насамрэч зусім не такія вялікія, як прынята думаць. Таму тыя, каму засталося няшмат да пэнсіі, кажуць, што трэба проста дачакацца і сысьці. А потым хутчэй забыць».

Дарэчы, сярод меркаваных рэформаў МУС называлася і падаўжэньне пэнсійнага тэрміну. Зараз міліцыянты могуць пайсьці на пэнсію ў 45 гадоў, але гучаць галасы аб тым, што бюджэт краіны не вытрымлівае вялікай колькасьці пэнсіянэраў-міліцыянтаў. У МУС пераконваюць, што пытаньне аб пэнсійным узросьце пакуль «замарожанае».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG