Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адаму Мальдзісу — 80

абноўлена

Адам Мальдзіс
Адам Мальдзіс

7 жніўня сьвяткуе сваё васьмідзесяцігодзьдзе доктар філялёгіі, прафэсар, стваральнік і шматгадовы дырэктар Нацыянальнага навукова-асьветніцкага цэнтру імя Францішка Скарыны, ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, заслужаны дзеяч польскай культуры Адам Мальдзіс.

«Мальдзіс адзін зрабіў больш за цэлыя інстытуты»

Дзеля пашырэньня ў сьвеце ведаў пра беларускую навуку й культуру доктар Мальдзіс стварыў такія аўтарытэтныя інстытуцыі, як Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар ды Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, якія доўга ўзначальваў. Зрэшты, сам ён зрабіў столькі, як цэлыя інстытуты, кажа старшыня Таварыства беларускай мовы гісторык Алег Трусаў.

Алег Трусаў
Алег Трусаў
«Адам Мальдзіс — гэта ўнікальная постаць беларускай гісторыі, літаратуры, краязнаўства, палітыкі другой паловы дваццатага — пачатку дваццаць першага стагодзьдзяў. Гэта — чалавек-энцыкляпэдыст, чалавек, які адзін зрабіў для Беларусі больш, чым цэлыя навуковыя інстытуты. Дарэчы, і заснавальнік ён цэлых арганізацый — адзін славуты Скарынаўскі цэнтар чаго варты.

З кім яго можна параўнаць? Напрыклад, з Вацлавам Ластоўскім, з Васілём Быкавым, зь Міхасём Ткачовым, зь некаторымі іншымі нашымі энцыкляпэдыстамі. Тым больш, што Бог даў яму доўгае жыцьцё, прытым жыцьцё, якое цалкам прысьвечана Беларусі. Таму мы жадаем яму дажыць як мінімум да ста гадоў, захаваць тую ж няўрымсьлівасьць, тую ж працаздольнасьць і творчае натхненьне».


«Ягоныя ангельскія нататкі былі сэнсацыяй»

Адам Мальдзіс першы зь беларускіх савецкіх дасьледчыкаў трапіў у самую вялікую замежную беларускую бібліятэку імя Францішка Скарыны, якая месьціцца ў Лёндане, і напісаў пра свае ўражаньні і адкрыцьці нататкі. Друкарскі набор іх асобнай кнігай быў рассыпаны на загад цэнзуры, але асобнымі разьдзеламі нататкі ўсё ж зьявіліся на старонках газэты для замежных суродзічаў «Голас Радзімы». Распавядае журналістка, мастацтвазнаўца, грамадзкая дзяячка Валянціна Трыгубовіч.

Валянціна Трыгубовіч
Валянціна Трыгубовіч
«Знаёмыя мы зь сямідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя, і паколькі ў той час я працавала ў газэце „Голас Радзімы“, дзе была такая рэдкая магчымасьць для многіх літаратараў друкаваць тое, што ў іншых газэтах немагчыма было надрукаваць, то прыгадаю, як друкаваўся яго „Ангельскі дзёньнік“. Гэта была сэнсацыя для свайго часу, бо спадар Мальдзіс трапіў у Вялікабрытанію, у Лёндан, у бібліятэку імя Францішка Скарыны. Потым свае ўражаньні, свае занатоўкі, свае нейкія там назіраньні выклаў у форме такіх нататак з-за Ля-Маншу. І яны друкаваліся фрагмэнтамі ў газэце „Голас Радзімы“. Памятаю, што цэнзура кавалкамі выкідала гэтыя тэксты, і таму першыя чытачы не атрымалі поўнага ўражаньня ад ягоных нататак, але тым ня менш — гэта была публікацыя, якую ўсе чакалі, якую ўсе чыталі зь вялікай цікавасьцю.

І Адам Мальдзіс вельмі шмат у якіх пытаньнях быў па тым часе першапраходцам. Надрукаваў кніжку нарысаў пра дзеячоў культуры і ўвогуле ахвярных людзей беларускіх, якія працавалі ў дзевятнаццатым стагодзьдзі. А гэта ў той час, калі дамінавала думка, што Беларусь пачалася з Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ён шмат распавядаў у сваіх публікацыях пра тое, што знаходзіў у архівах. І гэты славуты музычны цыкль, які цяпер называецца „Полацкі сшытак“ — гэта таксама было яго адкрыцьцё. Увогуле — ён першапраходзец і першаадкрывальнік вельмі шмат якіх рэчаў у сучасным беларускім жыцьці».


«Мальдзіс — Калюмб нашай гісторыі культуры»

Адам Мальдзіс стаўся ўзорам дасьледчыка гісторыі культуры, лічыць кіраўнік Беларускага калегіюму Алесь Анціпенка, які працаваў пры ягоным дырэктарстве ў Нацыянальным навукова-асьветным цэнтры імя Францішка Скарыны.

Алесь Анціпенка
Алесь Анціпенка
«Адам Восіпавіч Мальдзіс — гэта, безумоўна, вялікая і знакавая фігура нашай гісторыі культуры. Я зь вялікім задавальненьнем хачу, па-першае, павіншаваць яго са слаўнай датай, а па-другое, выказаць вось тыя пачуцьці, якія за шмат гадоў назапасіліся. Гэта і піетэт да гэтай яркай, выбітнай асобы. Гэта й найвялікшая павага да чалавека. Гэта й пачуцьцё такога стаўленьня, як да калегі, бо я працаваў разам і пад ягоным кіраўніцтвам у Скарынаўскім цэнтры. Гэта для мяне і ўзор дасьледчыка, які сапраўды шмат у чым быў Калюмбам нашай гісторыі культуры».


«Адам Мальдзіс — гэта легенда беларускай гуманістыкі»

Пра адметную асобу прафэсара Адама Мальдзіса, які 7 жніўня сьвяткуе сваё васьмідзесяцігодзьдзе, распавядае паэт і філёзаф Ігар Бабкоў:

Ігар Бабкоў
Ігар Бабкоў
«Упершыню я пабачыў Адама Восіпавіча ў 1987-м. Прыдумаўшы нейкую нязначную нагоду, я нахабна заявіўся да яго ў кабінэт Інстытуту літаратуры (тады гэта быў будынак прэзыдыюму Акадэміі навук). Насамрэч проста хацелася пазнаёміцца з жывой легендай, бо ўжо тады Мальдзіс бачыўся і разумеўся ня проста як доктар навук, гісторык літаратуры, сябра Караткевіча, а як постаць абсалютна прарыўная, чалавек, які разам з Разанавым, Сёмухам, колькімі іншымі асобамі творыць такі кшталт новай беларускай культуры, які ня пройдзе разам з савецкай эпохай, а застанецца і будзе сьвяціць надалей. І гэта сапраўды так і атрымалася.

Цяпер, калі я спрабую ўсьвядоміць, што ж такога цікавага было ў ягоных кнігах і як можна ўсё гэта падсумаваць і неяк растлумачыць, я разумею, што ён хіба першы вывеў беларускую гісторыю літаратуры, беларускае літаратуразнаўства з такога гета саентызму. Ён упершыню намякнуў ці сказаў, што гісторык літаратуры сам мусіць быць крыху літаратарам, каб разумець, прынамсі, тое, чым ён займаецца. Падобная постаць у французскім літаратуразнаўстве — гэта, вядома, Ралян Барт, які абвясьціў супадзеньне крытыкі і літаратуры ў самім акце пісьма.

Адам Восіпавіч — гэта легенда, клясыка беларускай гуманістыкі дваццатага стагодзьдзя, якая, вядома, будзе сьвяціць нам у дваццаць першым».



Адам Мальдзіс нарадзіўся на Астравеччыне. Скончыў аддзяленьне журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту і асьпірантуру пры Інстытуце літаратуры АН БССР. Працаваў непрацяглы час у журналістыцы, а потым цягам амаль паўстагодзьдзя — у акадэмічным Інстытуце літаратуры.

Дасьледуе гісторыю беларускай культуры XVII–XVIII стагоддзяў, беларуска-польскія, беларуска-літоўскія і беларуска-расейскія літаратурныя ўзаемаўплывы, прысутнасьць беларускай культуры ў сьвеце, праблемы беларускай дыяспары.

Адкрыў і ўвёў у навуковы ўжытак шмат імёнаў і твораў беларускага прыгожага пісьменства і іншых помнікаў культурнай спадчыны, у тым ліку зборнік песень першай паловы XVII стагодзьдзя, гэтак званы «Полацкі сшытак».

Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, мае літоўскія і польскія ўзнагароды.

Аўтар больш як двух дзясяткаў манаграфіяў, літаратуразнаўчых і культуралягічных эсэ, біяграфічнага нарысу «Жыцьцё і ўзьнясеньне Ўладзіміра Караткевіча», ініцыятар стварэньня і рэдактар шасьцітамовага біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменьнікі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG