Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах Уладзімеру Арлову падаравалі стралу


Віктар Сырыца (зьлева) падараваў Уладзімеру Арлову “стралу гістарычнай праўды”
Віктар Сырыца (зьлева) падараваў Уладзімеру Арлову “стралу гістарычнай праўды”

12 ліпеня пісьменьнік Уладзімер Арлоў прэзэнтаваў у Баранавічах свае кнігі «Пакуль ляціць страла» і «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае».

Кіраўнік Баранавіцкай арганізацыі ТБМ Віктар Сырыца распавёў «Свабодзе», што перад імпрэзай пісьменьнік наведаў гістарычныя мясьціны:

«Наведалі Палонкаўскае поле, дзе мы два гады таму ўсталявалі на мармуровым камяні шыльду ў гонар пераможцаў Палонкаўскай бітвы Паўла Сапегі і Стэфана Чарнецкага. Наведалі вёску Новая Мыш, дзе ўсталяваны помнік Яну Чачоту — пачынальніку новай беларускай літаратуры. І наведалі вёску Сталавічы, дзе Агінскі біўся з Суворавым у 1771 годзе.»

Уладзімер Арлоў наведаў помнік у вёсцы Сталавічы
Уладзімер Арлоў наведаў помнік у вёсцы Сталавічы


Пасьля вандроўкі ў прыватным садзе Арлоў сустрэўся з чытачамі. На пачатку імпрэзы яму падаравалі сымбалічную каваную жалезную стралу, якую зрабіў баранавіцкі каваль Зьміцер Шышкоў. Распавядае Віктар Сырыца:

«На вастрыі мы напісалі „Уладзімер Арлоў“, а на стрыжні — „страла гістарычнай праўды“. Мы падаравалі гэтую стралу, каб ён сваімі кнігамі пасылаў гэтыя стрэлы, і каб яны праціналі несапраўдныя міты беларускай гісторыі, каб квітнела сапраўдная гісторыя Беларусі».

Уладзімер Арлоў правёў віктарыну па сваіх творах, потым адказаў на пытаньні. На імпрэзе можна было набыць новую кнігу «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае». Усе прывезеныя экзэмпляры былі адразу раскупленыя. Арлоў сказаў «Свабодзе», што ўражаньні ад імпрэзы ў Баранавічах самыя ўзьнёслыя:

«Нягледзячы на тое, што падчас сустрэчы, якая праходзіла ў садзе пры грэка-каталіцкай царкве, пачалася залева і прыйшлося тэрмінова перабазоўвацца ў сьцены дома, дзе жыве сьвятар, але той настрой, які быў створаны напачатку сустрэчы, ён у мяне яшчэ і сёньня жыве ў душы. „Страла гістарычнай праўды“ цяпер упрыгожвае мой кабінэт. Спадабалася, што на сустрэчы было вельмі шмат людзей розных узростаў, розных галін дзейнасьці. Кніжкі, разьляталіся, як часам кажуць, як гарачыя піражкі. І вельмі прыемна, што на сустрэчы было вельмі шмат моладзі. Такія сустрэчы даюць зваротную сувязь з чытачом, даюць моцны імпульс энэргіі і, урэшце, нараджаюць новыя сюжэты. Пасьля сустрэчы прывёз і стосік новых пытаньняў ад чытачоў.»

Імпрэзу не спыніў нават дождж
Імпрэзу не спыніў нават дождж
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG