Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым цяжарная Беларусь?


Віктар Марціновіч
Віктар Марціновіч

Былы пасол Украіны ў Беларусі Раман Бясьсьмертны заявіў «Пятаму каналу», што Беларусь, Украіна і Расія цяжарныя рэвалюцыяй.

«Дастаткова элемэнтарнага канфлікту ў грамадзкім транспарце паміж міліцыянтам ды грамадзянінам і гэта можа скончыцца вялікім сацыяльным забурэньнем, рэвалюцыяй. Таму што дзеля таго, каб адбыліся такія значныя падзеі, павінны быць прычыны. Ці ёсьць гэтыя прычыны ў Расіі, Украіне і Беларусі? Прычыны ёсьць. Ці ўзьнікла нагода, якая б спарадзіла рэвалюцыю? Вось зараз усе тры краіны цяжарныя гэтай нагодай», — адзначыў Раман Бясьсьмертны.

Я б не пагадзіўся з шаноўным амбасадарам. Здаецца, калі Расея і была цяжарная рэвалюцыяй, дык у сьнежні летась. Аднак час гэтай цяжарнасьці прайшоў, дзіця так і не зьявілася. Зараз Расія цяжарная не рэвалюцыяй, а надыходзячай абыякавасьцю. І хай даволі шматлюдныя акцыі пратэсту нікога не ўводзяць у зман: расчараваньне ды пытаньне «навошта?» ужо лунае ў паветры. Рэвалюцыі ў Маскве не будзе, яе заменіць контррэвалюцыя, якая, дарэчы, ужо пачалася.

Украіна — зноўку па адчуваньні — таксама цяжарная не рэвалюцыяй. А Беларусьсю. Поўная Беларусь тут пачалася пасьля арышту Юліі Цімашэнкі. Ці можа нават раней — зь вялікай зачысткі мэдыйнага рынку.

Як праявіць сябе гэтае назапашваньне стомы ад савецкай дурасьці?
Як праявіць сябе гэтае назапашваньне стомы ад савецкай дурасьці?


Што да Беларусі, дык апісаная Бясьсьмертным нагода — канфлікт грамадзянаў з міліцыяй у грамадзкім транспарце — ўжо здаралася тут. Узгадаем відэа YouTube з вуліцы Няміга, дзе менчукі абураліся занадта жорсткім абыходам міліцыі з «зайцам». Гэтая гісторыя, якая — паводле Бязсьсьмертнага — магла спарадзіць сацыяльны выбух, вычарпалася так жа хутка, як і маўклівыя пратэсты.

Можа скласьціся ўражаньне, што Беларусь не цяжарная наогул нічым. Бо ўвесь час эфэктыўна «засьцерагаецца» кантрацэптывам страху. Аднак можна вызначыць тры асноўныя тэндэнцыі, якія ляжаць вельмі глыбока, але маюць шанец у бліжэйшым часе выскачыць на паверхню гэтак жа нечакана, як навіна пра цяжарнасьць — у жыцьці маладой дурніцы.

Любая з гэтых трох «палосак тэсту на цяжарнасьць» мае вялікі патэнцыял для будучых пераменаў. Прычым не абавязкова для пераменаў у лепшы бок. У той жа час, як можна заўважыць, ніводная з гэтых тэндэнцыяў ня тычыцца наўпрост палітыкі: гэта зьявы, што месьцяцца хутчэй ў плашчыні масавай сьвядомасьці ці сьвету ідэяў.

1.Антысавецкасьць як канец ідэалёгіі. Увесь вялікі ды некалі такі стройны праект беларускай ідэалёгіі сябе вычарпаў. Сучасная Беларусь, як ідэя, базуецца на некалькіх мітах, кожны зь якіх зьяўляецца да глыбіні сваёй савецкім. «Рэспубліка-партызанка», «заводы і фабрыкі», «бясплатная мэдыцына», «лепшая ў сьвеце адукацыя», «гарантаванае права на працу» — усё гэта рассыпаецца і ўжо зразумела, што аб кожнай з гэтых зьяў будуць казаць праз два-тры гады.

Мінулагодні скок крызысу пакінуў адчуваньне, што стамілася ня банкаўская сыстэма, стамілася сыстэма як такая. Аб беларускай вытворчасьці загаварылі як аб нечым безвыходна састарэлым, савецкім, мінулавечным. «Бясплатная адукацыя» зрабілася анэкдотам, яе нават у Балёнскі працэс не ўзялі. Аб «праве на працу» (абавязковым разьмеркаваньні) нават на «Беларусьфільме» здымаюць даволі шчырыя фільмы, у фінале якіх галоўная гераіня бяжыць ад гэтага «права» працаваць ў гіпэрмаркет (карціна «На ростанях», 2011). Аб мэдыцыне і матэрыяльным забесьпячэньні шпіталяў кожны з беларусаў мог бы распавесьці сваю жахлівую ці сьмешную гісторыю. Скажу толькі, што ў паліклінікі апошнім часам прыходзіць проста страшна. У сытуацыі, калі нават Лукашэнка прызнае, што ў прыватным сэктары заробкі большыя, можна казаць аб вычэрпваньні патэнцыялу беларускага патрыманіяльнага цуду: дзяржава болей не галоўнае, прыватны гаспадар народам успрымаецца як болей руплівы.

Як праявіць сабе гэтае назапашваньне стомы ад савецкай дурасьці? Ці будзе наогул нейкі гучны прарыў? Ці Беларусь зробіцца буржуазным «грамадзтвам спажываньня», так і не заўважыўшы гэтага?

2.Пагроза разьбеларушваньня. Вы заўважылі, што хіба што не самым эфэктным ньюзмейкерамі на Беларусі робіцца расейскі амбасадар, якому дазволена казаць праўду пра нашу гаротную эканоміку? Амбасадар, а зь ім — нейкія перамовы ў Пецярбургу, а раней — барскі заезд Пуціна — такі ў нас зараз інфармацыйны ляндшафт. Як у нейкім Краснадарскім краі мы пачынаем залежыць ад таго, што скажуць вялікія дзядзькі ў Маскве. Калі пэрыядычна ўся краіна замірае ў нямым пытаньні: дадуць крэдыт, ці не дадуць, гэта не можа не ўплываць на нацыянальны характар.



Самым эфэктным ньюзмейкерам у Беларусі робіцца расейскі амбасадар
Самым эфэктным ньюзмейкерам у Беларусі робіцца расейскі амбасадар


Аднак, зноўку: палітыка тут не пры чым.

Апошнім часам мы ўжо трохі прызвычаіліся жыць дрэнна. Мы ўжо прызвычаіліся да таго, што тачка з рускімі нумарамі на паркоўцы ля любімай кавярні азначае, што там сядзяць не толькі людзі шумныя і вясёлыя (так мы ўспрымалі рускіх раней), аднак — яшчэ і багатыя (у параўнаньні з тым, чым мы сталіся). Дык хіба дрэнна самімі начапіць тыя рускія нумары? І георгіеўскую стужку, што, дарэчы, ужо робіцца падчас патрыятычных сьвятаў?

Для інтэлігенцыі, для беларускамоўных ды сьвядомых, адбудзецца катастрофа, для абыякавай большасьці — зьяднаньне братэрскіх грашовых сыстэм з пэрспэктывай падвышэньня ўзроўню жыцьця.

Кажаце, народ супраць? А што загаворыць той народ падчас «другой хвалі крызысу», калі сама ўлада зразумее, што прасьцей паддацца ціску Масквы, чым перажываць палітычныя наступствы? Некалькі добра вылічаных крокаў Масквы і ўсе дасягненьні пачатку 1990-х стануць пылам. Разумееце, як блізка мы падышлі?
Аднак размова не пра «рускую пагрозу», гэта было б занадта прымітыўна. Размова — пра зьнікненьне нас як такіх, бо пагроз такіх безьліч. Па факту мы імкліва губляем кантроль над уласнай зямлёй, пад супакаеньні аб тым, што тая «труба ўсё роўна была іржавая», а «МАЗ» ды «Беларускалій» аддадзім толькі за вялікі кошт. Калі аддадзім (рускім, кітайцам, Індыі), дык не будзем гаспадарамі болей, ці не так? Былі пад панамі 200 год, рыхтавацца зноўку?

Праявіць сябе гэтая «цяжарнасьць» можа двума шляхамі. Па-першае, людзі раптоўна могуць самі захацець у Расею. Раптам. А Масква (ці Кітай, ці нехта трэці) — выкарыстаць гэтае хаценьне дзеля трыюмфу ўласных інтарэсаў. Па-другое, людзі могуць узяцца за вілы. І растлумачыць, што як саджалі гуркі на градах, так і будуць саджаць. І што калі ўлада жадае іх перасунуць, дык навошта ім такая ўлада?

3.Унутраная міграцыя ды ўрбанізм. У 1970-е насельніцтва Мінска не дасягала нават 1 мільёна. Аднак імклівая савецкая ўрбанізацыя Беларусі — нішто ў параўнаньні з сёньняшнім днём.

Вёска, што яшчэ жыла ў часы Караткевіча — памірае ці нават ужо памерла. Хвалёныя «сацыяльныя стандарты» насамрэч не запаволілі выцісканьня насельніцтва зь яе і ніякае абавязковае разьмеркаваньне ды «аграгарадкі» не дапамаглі. У 2020 годзе Беларусь мае ўсе шанцы нагадваць Расею, апісаную Андрэем Рубанавым у рамане «Хлярафілія»: усё жывое уцякло ў Маскву, якая забудавана шматпавярховымі вежамі, як «Каменная горка» ў Мінску.

З гэтай зьявай сёньня працуюць так, як быццам бы яна тычыцца выключна міграцыйных ведамстваў. Аднак у селяніна і гараджаніна — прынцыпова розныя інтарэсы, пажаданьні, погляды на жыцьцё. У пэўным сэнсе, дзякуючы сталеньню другой генэрацыі гараджан, зараз Менск робіцца болей горадам, чым ён быў у пачатку 1990-х. Росквіт кавярняў, рэстаранаў, імклівае зьяўленьне ўсё новых арт-пляцовак ды галерэй, паступовае адраджэньне цікавасьці да нацыянальнай беларускай літаратуры — прыкметы гэтага працэсу. Ці выклікае гэтае палітычныя — не, ня зьмены, аднак — патрэбы? Вялікае пытаньне! Філёзаф Ф. Брадэль казаў, што Вялікая француская рэвалюцыя пачалася не са знакамітага неўраджаю 1787 года, а з таго, што парыжане пачалі карыстацца фіранкамі, каб агарадзіць уласную прыватную прастору.



Вялікая француская рэвалюцыя пачалася не са знакамітага неўраджаю 1787 года, а з таго, што парыжане пачалі карыстацца фіранкамі, каб агарадзіць уласную прыватную прастору
Вялікая француская рэвалюцыя пачалася не са знакамітага неўраджаю 1787 года, а з таго, што парыжане пачалі карыстацца фіранкамі, каб агарадзіць уласную прыватную прастору


Мы бачым, як Менск набывае ўсе рысы вялікага ды мудрага горада, які засяляюць менавіта гараджане, а ня ўчорашнія калгасьнікі ды вяскоўцы. Чаго яны запатрабуюць для сябе, калі задаволяць смагу ў кавярнях ды культурна насыцяцца на выставах?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG