Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве прэзэнтавалі статут Вялікага Княства Літоўскага


9 чэрвеня ў Магілёве у гарадзкой ратушы адбылася прэзэнтацыя выкупленага ў Расеі экзэмпляра статута Вялікага Княства Літоўскага, выдадзенага ў 1588 годзе Львом Сапегам.

Ініцыятарам выкупу беларускай рэліквіі стаў музэй гісторыі Магілёва. За кошт прыватных ахвяраваньняў было сабрана $15 тыс. Асноўную суму — $30 тыс. — прапанавала музэю група кампаній «Альпары», якая адгукнулася на просьбу Нацыянальнага банку Беларусі дапамагчы ў набыцьці кнігі.

У залю пасяджэньняў ратушы паглядзець на беларускую рэліквію прыйшлі больш за паўсотні магілёўцаў. Дырэктар музэю гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў, зьвяртаючыся да грамады, адзначыў:

​«Магчымасьць выкупіць статут зьявілася дзякуючы таму, што была вялікая грамадзкая падтрымка. Вяртаньне статута ня трэба ўспрымаць як нейкую завершаную акцыю, маўляў, захацелі выкупіць — выкупілі і забыліся. Гэта адно са зьвёнаў вялікага ланцуга па вяртаньні гістарычна-культурных каштоўнасьцяў у Беларусь. Гэта клопат практычна агульнанацыянальны».

Дырэктар музэю гісторыі Магілёва апавядае пра ўнікальнасьць асобніка статута
Дырэктар музэю гісторыі Магілёва апавядае пра ўнікальнасьць асобніка статута


Удзячнасьць грамадзкасьці за дапамогу ў выкупе статута выказваў на прэзэнтацыі і гісторык Зьміцер Яцкевіч. Ён езьдзіў у Маскву, каб спраўдзіць, ці сапраўдны экзэмпляр статута. Паводле гісторыка, у Расеі выкуплены асобнік статута апынуўся падчас вайны ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя. Ім валодалі князь Крапоткін-Смаленскі, потым архіяпіскап Пераслаўска-Разанскі. У 1839 годзе яго перадалі ў Разанскую духоўную сэмінарыю.

«Менавіта тады быў зроблены пераплёт гэтага выданьня, таму ён такі няўдалы. Менавіта тады быў зроблены надпіс, што ён на беларускай мове. Далейшы яго лёс складаны й цікавы. Калекцыянэр не сказаў нам, адкуль ён у яго. Але галоўнае, што ён ёсьць, што ён з намі. Так, як ён быў тут і раней — у гэтай ратушы. І раней магілёўцы карысталіся ім для вырашэньня сваіх спраў», — рапавядаў грамадзе Зьміцер Яцкевіч.

На прэзэнтацыі статута Вялікага Княства Літоўскага прысутнічаў аўтар музыкі да гарадзкога гімну Магілёва Мікола Яцкоў. Яго ўражаньні ад падзеі:

«Я знаходжуся сёньня ў гэтым сьвятым месцы, магілёўскай ратушы, ад муроў якой ідзе сіла магілёўцаў. Пра які ў тыя далёкія часы казалі, што гэта сталіца бунту на Літве. Сёньня часьцінка той гісторыі, статут Вялікага Княства Літоўскага, вярнуўся праз столькі гадоў на сваю радзіму. Я вельмі рады, што дажыў да гэтага дня».



Пра веліч сёньняшняй падзеі казалі й шараговыя ўдзельнікі прэзэнтацыі.

Удзельнік імпрэзы: «Гэта перадусім сымбаль нашай сярэднявечнай дзяржавы, і тое, што мы вярнулі статут з Расеі у Магілёў, Беларусь — гэта сьведчыць пра тое, што традыцыі захоўваюцца. І тым мы захоўваем сваю нацыянальную ідэнтычнасьць. Значыць, у нас ёсьць будучыня».

Удзельніца імпрэзы: «Гэта рэч наша, беларуская. І яна вярнулася ў Беларусь. Такія рэчы каштоўныя, гістарычныя павінны вяртацца».

На прэзэнтацыі было агучана, што неўзабаве экспазыцыя музэю гісторыі Магілёва можа папоўніцца яшчэ трыма беларускімі старадрукамі. Іх назвы пакуль што не агучваюцца. Што да выкупленага статута Вялікага Княства Літоўскага, то ён застанецца ў музэі гісторыі Магілёва, які месьціцца ў ратушы.

Мінулае і сучаснае вернутай на радзіму рэліквіі
Мінулае і сучаснае вернутай на радзіму рэліквіі


Інфармацыю пра продаж статута з адкрытага аўкцыёну адшукаў беларускі студэнт Андрэй Радкоў. Расейскі калекцыянэр першапачаткова прасіў за статут 52 тысячы даляраў. Спадару Радкову ўдалося зьменшыць цану да 45 тысяч.

Раней з ініцыятывы Андрэя Радкова музэй гісторыі Магілёва пры дапамозе прыватных ахвяраваньняў прыдбаў старадрук канца XVIII стагодзьдзя — «Часоўнік» — у Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG