Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі адказалі грамадзкасьці, ці зьбіраюцца яны беларусізаваць Бабруйск


Бабруйскі гарвыканкам адпісаў прадстаўнікам мясцовай грамадзкасьці, якія зьвярталі ўвагу чыноўнікаў на неабходнасьць больш шырокага выкарыстаньня беларускай мовы ў публічным гарадзкім жыцьці. Тыя з рупліўцаў роднай мовы, якія атрымалі адказы, імі незадаволеныя.

Адной зь першых чыноўніцкі водгук на зварот атрымала журналістка Алеся Скапінцава. Ёй адказ падпісаў намесьнікам старшыні гарвыканкаму Аляксандар Маркачоў.

«У адказе пералічваецца тое, што было зроблена ў мінулым. Напрыклад, што ў аўтобусах і тралейбусах абвесткі агучваюцца па-беларуску, што ёсьць некалькі беларускамоўных назваў гатункаў хлеба, што ёсьць беларускамоўныя назвы крамаў. Карацей усё такое дробязнае. Дарэчы, што да назваў крам, то ў нас ёсьць крама «Красавік». Дык там назва напісаная праз расейскую «и», зазначае Алеся Скапінцава і працягвае:

«У адказе ні слова не сказана пра пэрспэктывы пашырэньня беларуская мовы ў публічным жыцьці. Не відаць, каб у чыноўнікаў было палкае памкненьне працаваць у гэтым кірунку. Спасылаюцца, што ў іх няма грошай, каб шыльды з назвамі вуліц перакласьці на беларускую мову. Было б жаданьні й грошы знайшлі, а калі яго няма, то й нічога няма. Мы сваімі зваротамі хацелі зьвярнуць увагу на тое, што нягледзячы на афіцыйнае дзьвюхмоўе ў Бабруйску яно ігнаруецца. Я нават ня ведаю, колькі беларускай мовы ў Бабруйску ў адсотках, мо пяць якіх і ёсьць».

Ініцыятарамі напісаньня зваротаў да чыноўнікаў выступілі актывісты Таварыства беларускай мовы. Паводле лідэра мясцовых ТБМцаў Віктара Маліноўскага, зваротамі яны намагаюцца прыцягнуць увагу ўлады да моўнай праблемы ў Бабруйску.

Два месяцы таму бабруйскія актывісты ТБМ ужо дамагліся, каб у тралейбусах аднавілася агучваньне абвестак на беларускай мове. Кіраўніцтва тралейбуснага дэпо тлумачыла зьнікненьне мовы тэхнічнымі праблемамі. Пасьля патрабаваньняў грамадзкасьці абвесткі зноў загучалі па-беларуску.

У 2008 годзе напярэдадні двухсотгодзьдзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча бабруйскія сябры Таварыства беларускай мовы пісьмова выклалі мясцовай уладзе свае прапановы, як адзначыць юбілей драматурга. Прапаноўвалася ўсталяваць яму помнік, перайменаваць частку вуліцы Карла Лібкхнехта ў вуліцу Дуніна-Марцінкевіча, а таксама на працягу ўсяго году выкарыстоўваць юбілейную тэматыку ў аздабленьні вуліц гораду. Помнік усталявалі, адну з вуліц назвалі імем Дуніна Марцінкевіча. Пакуль адзначаўся юбілей аздабленьне вуліц было беларускамоўным.

Лядовы палац «Бабруйск-арэна» пасьля прапановы суполкаўцаў таксама аформілі па-беларуску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG