Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія кошты на бэнзін гоняцца за расейскімі


Трэці раз ад пачатку году на аўтазалівачных станцыях падвышаныя кошты на аўтамабільнае паліва. Перад гэтым цэны на паліва — гэтаксама ў сярэднім на 5% — зьмяняліся 11 красавіка. Паказальна, што цэны адкарэктаваныя якраз у гадавіну самай масавай акцыі пратэсту аўтамабілістаў: 7 чэрвеня 2011 году блізу дзьвюх тысяч легкавікоў паралізавалі цэнтар Менску на знак пратэсту супраць 30-працэнтнага росту коштаў на бэнзін і салярку. Гэтым разам пратэстаў не плянуецца.

У сярэднім кошты паліва вырасьлі на 5% — да старых коштаў дадаліся 300–350 рублёў. Цяпер кошт аднаго літра бэнзіну «Нармаль-80» складае 6350 рублёў, АІ-92 — 6650, АІ-95 — 7150. Дызэльнае паліва найдаражэйшае — 7300 рублёў за літар. У канцэрне «Белнафтахім» падаражэньне традыцыйна тлумачаць «збліжэньнем цэнаў на тавары ў краінах Мытнага зьвязу, а таксама падвышэньнем эфэктыўнасьці працы нафтаперапрацоўчых заводаў». Адзін з аргумэнтаў — дзейныя цэны застаюцца ніжэйшыя за ўзровень аналягічных коштаў у Расеі. Праўда, калі раней улады ацэньвалі розьніцу ў 15%, то гэтым разам адставаньне складае ў сярэднім 5%.

Эканаміст Сяргей Балыкін падкрэсьлівае нелягічнасьць дадзенага кроку, бо цэны на нафту на ўсясьветных рынках падаюць, а беларускі рубель дэманструе ўстойлівасьць на тле замежных валютаў:

«Казаць пра эфэктыўнасьць эканомікі, пра нейкія адэкватныя кошты можна толькі ў рынкавых умовах. А калі эканоміка такая плянавая, як у нас, то цалкам магчыма загнаць у цану тавару (у нашым выпадку — паліва) усялякія іншыя выдаткі і з дапамогай росту коштаў гэтыя выдаткі пакрываць. Падаецца, што нехта хоча атрымліваць тыя прыбыткі, якія меў раней, магчыма, нават звышпрыбыткі. Гэта першае. А другое — няма канкурэнцыі, няма той рукі рынку, якая б кіравала рынкам, як казаў Адам Сьміт».

Летась цэны на паліва падвышаліся 11 разоў. Пераломным стаў дзень 7 чэрвеня, калі «Белнафтахім» падняў цэнавую плянку адразу на 30%. На знак пратэсту сотні кіроўцаў у рамках акцыі «Стоп-бэнзін» выехалі ў Менску на цэнтральныя вуліцы, наўмысна спаралізаваўшы рух на некалькі гадзінаў. Празь дзень Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў «адкруціць» неадэкватныя цэны, пакінуўшы «самы дарагі бэнзін» толькі яму. Праўда, цалкам адкруціць цэньнікі не ўдалося — кошты зьнізіліся ў сярэднім на 15%.

Ці ёсьць наўмысны падтэкст у тым, што гэтым разам падвысіць кошты вырашана якраз у гадавіну акцыі пратэсту сталічных аўтааматараў?

Кіраўнік грамадзкай кампаніі «За аўто» Арцём Шаркоў: «Мне падаецца, што ня трэба шукаць таго, чаго няма. Тут сытуацыя такая: на сёньняшні час абясцэньваньне беларускага рубля стала больш заўважным, а сыравіна для паліва набываецца за валюту. Таму вырашылі падняць цэны ў беларускіх рублях, каб неяк нармалізаваць гэтую сытуацыю. Што да тэрмінаў, дык тут таксама ўсё зразумела. Падвышэньне цэнаў на паліва звычайна калі адбываецца? Пераважна па пятніцах, каб людзі ехалі на свае загарадныя сядзібы ўжо па даражэйшых коштах».

Карэспандэнт: «Ці варта чакаць абурэньня аўтааматараў, аналягічнага мінулагодняму?»

«Пакуль што па настроі ў грамадзтве гэтага не назіраецца. І нейкай знакавасьці ў мінулагодняй падзеі асабліва шукаць ня трэба — людзей проста абурыла беспрэцэдэнтнае падвышэньне коштаў. Пасьля гэтага ўлады абралі іншую тактыку».

Сёньняшняе падвышэньне цэнаў на паліва — трэцяе ад пачатку году. Экспэрты перакананыя, што рост коштаў прыпыніцца толькі тады, калі Беларусь цалкам зраўняецца паводле гэтага паказьніка з Расеяй. А розьніца засталася нязначная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG