Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: Хай самі глядзяць такі «яшчык»


Чаго бракуе беларускім пісьменьнікам?


Усё часьцей людзі прызнаюцца, што не ўключаюць беларускія каналы. Гідка! Мне гэта добра вядома. Гартаю аднойчы, чым хутчэй, з «Польсату» на «Трэвэл» цераз частакол «тэлебачаньня» і нечакана запыняюся: гутарка аб тым, «чаго не хапае беларускім пісьменьнікам». Чаго ж ім бракуе, цікава? Чаго ў мяне самога недахоп?

Аднак які ж я наіўны! Ніхто з прысутных у студыі, высьвятляецца, ня піша на беларускай мове і не карыстаецца ёю. Не гучыць ніводнага беларускага слова! Не сакрэт: запрошаныя толькі члены саюзу пісьменьнікаў, у якога з начальствам «любоў да гробу».

Гутарку пачынае, як відаць, літаратурны патрыярх, да яго ўсе зьвяртаюцца зь піетэтам. Пачынае з гучнай заявы: «Беларусь – частка «расейскага сьвету», гэта пацьвярджае прысутнасьць РПЦ, таму, кажа, расейскаму пісьменьніку тут вельмі нядрэнна. Другі падкрэсьлівае, што яны «пішуць тут на расейскай мове для расейскага рынку, для расейскамоўнага чытача». Першы важка зазначае, што выдае часопіс, які «займаецца толькі расейскай літаратурай». Я зьніякавеў! Назва перадачы ў іх зусім зь іншай опэры!

Але знаходзіцца сярод удзельнікаў маладзейшы чалавек, зусім не пісьменьнік, які на гэта зьвяртае ўвагу: «Пытаньне беларускай мовы дарэмна не закранаем, беларускія аўтары разумеюць, што яны ня частка расейскага сьвету». Вядучы, каб не згубіць рэй, адказвае рытарычным пытаньнем: «Дык вы згодныя, што айчына пісьменьніка – ягоная мова?» Гэтым ён па сутнасьці перакрэсьлівае сваю перадачу, але яна не спыняецца.

Адзін аўтар гаворыць, што даўно сьвядома друкуецца ў Расеі, другі наракае: «нашы аўтары сышлі ў Расею», бо іх не друкавалі! Бо датацыяў няма. Але чаму беларускі ўрад павінен дбаць пра тое, што ёсьць абавязкам расейскага ўраду? Незразумела. Аднак соль пытаньня ў тым, што начальства не турбуюць лёсы літаратуры на беларускай мове. У суседняй Польшчы толькі што ўзнагароджвалі перакладчыкаў польскай літаратуры. Галоўная прэмія – кітаянцы за паэзію Адама Міцкевіча. Менскае начальства такой лухтой хіба не задурвае сабе галаву. Выразнае ўражаньне: толькі б уздыхнула з палёгкай, каб беларускай мовы ня стала зусім.

Аб праблеме якраз гавораць два маладзейшыя ўдзельнікі. Адзін быў на Ляйпцыгскім кніжным кірмашы: беларуская літаратура застаецца белай плямай, «любая краіна павінна клапаціцца аб літаратарах». Гэты ж удзельнік падкрэсьлівае: кніжкі расейскага выданьня каштуюць сёньня таньней за беларускія, што таксама ўплывае на выбар звычайнага пакупніка, у якога ў кішэні грошай няшмат.

У шуфляду пішыце!


Беларускія пісьменьнікі ўсьведамляюць «камэрцыйную нявыйгрышнасьць», «маргіналізаванасьць мовы», але працягваюць пісаць для сваіх некалькіх соцень чытачоў, зазначае адзін з удзельнікаў, кажучы, што ведае некаторых зь беларускіх аўтараў. Ён дадае, што зьняў бы перад імі капялюш, паколькі яны «не даюць паглынуць больш моцнай культуры сваю беларускую».

Прыхільнік «расейскага сьвету» ў Беларусі яго супакойвае: нічога, Платонаў, Мандэльштам, пісалі калісьці ў шуфляду. Аднак вядучы нечакана яму пярэчыць: я б вам не пажадаў іхняга лёсу…

Лепш ніякага «кіна»


Вядучы, адзначым, слушна падкрэсьлівае, што ў ЗША мноства якасных фільмаў пра пісьменьнікаў, таксама пра маладых. А вось у нас, шаноўныя, гэтага блізка няма і немагчыма такое кіно нават уявіць! Але далей канстатацыі ён, зразумела, ня йдзе. Бо інакш трэба прызнаць, што беларускі менавіта пісьменьнік для начальства пэрсона падазроная, нездарма ў студыю ніводзін не запрошаны. Ён з усіх бакоў вінаваты: «ня любіць уладу», карыстаецца ў гутарцы і ў працы мовай беларусаў, якая для начальства зусім ня мова дзяржавы Беларусь, а – «мова апазыцыі». Ну, як пра такога пісьменьніка кіно здымаць?! Небясьпечна!

Апроч, канечне, выкрываўчых апэратыўназдымачных стужак, вельмі папулярных на «беларускім тэлебачаньні». Некаторыя паэты, прыкладам, могуць конча трапляць у «патрэбны фармат». Што праўда, больш не за паэзію, а «за палітыку». Але палітыку якую? За наіўную спробу ажыцьцявіць канстытуцыйнае права, сваё асабістае і ўсяго народу, на тое, каб мяняць застаялую кроў у арганізьме краіны. Каб, уласна кажучы, у праблемных перадачах пра беларускіх пісьменьнікаў удзельнічалі яны самі.

А мне яшчэ раз падумалася: не памыляўся, што не глядзеў беларускіх каналаў. Нічога зусім ня страціў. На кожным кроку перакручваньне, падмена паняцьцяў. Наўмысная гульня у сапсаваны тэлефон. Хай самі глядзяць такі «яшчык». А мы будзем па-ранейшаму пераключаць каналы з «Польсату» на «Трэвэл», і наадварот.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG