Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Тарас: Ніякай «айчыннай вайны 1812 году» для беларусаў не было


Помнік вайне 1812 году, Полацк
Помнік вайне 1812 году, Полацк

Нядаўні візыт у Беларусь прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна быў багата аздоблены прапагандысцкімі заявамі пра ідэнтычнасьць двух народаў і агульнасьць нашай гісторыі. А ў якасьці галоўнага яднальнага арыентыру на бліжэйшы час была дэкляраваная перамога ў Вялікай Айчыннай вайне 1812 году. Між тым знаўцы кажуць: 200 гадоў таму беларусы апынуліся ў ролі закладнікаў непамерных амбіцыяў дзьвюх імпэрый, а іх шматпакутная Айчына двойчы за паўгода была спустошаная варагуючымі арміямі.

Разважаючы наконт прыезду Ўладзімера Пуціна ў Беларусь, ідэалягічныя службы сярод іншага акцэнтавалі: сустрэча прэзыдэнтаў дадасьць новы імпульс гуманітарнаму ўзаемадзеяньню з улікам памятных датаў агульнай гісторыі, якія адзначаюцца сёлета: 200-годзьдзя перамогі ў Айчыннай вайне 1812 году і 1150-годзьдзя запачаткаваньня расейскай дзяржаўнасьці.

Аднак незалежных экспэртаў звальваньне ў адзін кацёл гістарычных падзеяў, якія па-рознаму трактуюцца ў кожнай канкрэтнай сытуацыі, абурае. Днямі з друку выйдзе кніга дасьледчыка гісторыі, навуковага сакратара зарэгістраванага ў Латвіі Інстытуту беларускай гісторыі і культуры Анатоля Тараса «1812 год. Трагедыя Беларусі». Аўтар перакананы, што ў дадзеным выпадку прыклейваць старыя штампы зусім не да месца:

«Прынята гаварыць: Вялікая Айчынная вайна расейскага народу. З аднаго боку — так. Але нават гэта не зусім праўда, таму што сама назва „Айчынная вайна“ зьявілася толькі праз паўстагодзьдзя пасьля вайны 1812 году. А напярэдадні вайны, за 6 гадоў да яе, расейскі цар Аляксандар І выдаў маніфэст, у якім заклікаў да Айчыннай вайны расейскага народу супраць францускіх бязбожнікаў — а гэта не зусім тое самае, бо яшчэ ніякай вайны не было... Калі я пачынаў кнігу пісаць, я думаў, што проста раскажу пра разбурэньні і ахвяры, якіх насамрэч было вельмі шмат. Але справа аказалася нашмат цікавейшая».

Анатоль Тарас падкрэсьлівае, што беларусам у вайне 1812 году адпачатку адводзіўся незайздросны лёс «гарматнага мяса». Беларускія землі падлягалі руйнаваньню, каб нічога не дасталося францускім акупантам, а мужчынскае насельніцтва масава мабілізавалася на службу расейскаму імпэратару:

«Паколькі цар і ўрад ні кроплі не сумняваліся, што Напалеон іх паб’е — ён жа перамог усю Эўропу, разьбіў рускіх і пры Фрыдляндзе, і пры Аўстэрліцы — яны рыхтаваліся, што заходнія губэрні давядзецца Напалеону аддаць. У зьвязку з гэтым быў прыняты адмысловы плян — гэтыя губэрні спустошыць. Гэта быў цынічны, падступны, тыпова каляніяльны плян: выграбці ўсе людзкія рэсурсы, няхай яны ваююць за цара і за Расею. Так урэшце і адбылося. Расейская палявая армія налічвала 541 тысячу чалавек, сярод іх беларусаў было больш за 200 тысяч. Вось хто ваяваў — прызваныя адсюль рэкруты. Далей: выцягнуць усе матэрыяльныя рэсурсы, і, адступаючы пад ударамі напалеонаўскіх войскаў (а што адступаць будуць, таксама ніхто не сумняваўся, толькі меркавалі, што адыдуць да рубяжу заходняй Дзьвіны і Дняпра, а давялося аж да Масквы), усё гэта спаліць, разбурыць, ператварыць у пустэчу. Гэта быў плян. Нашы патрыёты, якія сьпяваюць з маскоўскай дудкі, няхай пра гэта падумаюць. І гэты плян пасьпяхова ажыцьцяўляўся».

Гісторык Анатоль Сідарэвіч таксама схільны лічыць, што сьвяткаваць 200-гадовы юбілей перамогі ў «Айчыннай» вайне 1812 году беларусам ніяк не выпадае. На яго думку, калі нешта і адзначаць, то толькі хаўтурнымі мерапрыемствамі:

«Ну якая яна „Айчынная“ для Беларусі? Адны людзі, як Дамінік Радзівіл і іншыя, пайшлі да імпэратара французаў. Другія людзі служылі імпэратару ўсерасейскаму. Па сутнасьці, гэтая вайна раскалола наша грамадзтва. І што тут адзначаць? Якую вялікую падзею? Вялікі рэзрух, вялікую бяду? Дарэчы, тыя, хто былі на баку французаў, пасьля рабункаў, якія ўчынілі французы па дарозе на Маскву, перасталі, мякка казаўшы, паважаць іх. Але ж ня менш „далікатна“ паводзіла сябе, ідучы на захад, і расейская армія. Таму, як заўсёды, найбольш ад гэтай вайны пацярпеў народ. І калі ўжо нешта адзначаць, то трэба было б адзначаць проста нейкімі хаўтурнымі мерапрыемствамі. Беларусь стала чарговы раз ахвярай: француская армія таптала яе, ідучы на Маскву, а назад ідучы — ужо армія расейская. Вядома, цяперашняя расейская рэакцыя можа гэтую дату сьвяткаваць, але нам чаго сьвяткаваць? Адзначаць трэба год беларускай бяды, 200-годзьдзе вялікай беларускай бяды. А то пачынаюць пра вялікія перамогі ды ўсё іншае».

Тым часам беларускія ўлады юбілей падзеяў 1812 году зьбіраюцца адзначыць з размахам. На пачатку траўня ў Барысаве адбылася адмысловая нарада пад кіраўніцтвам віцэ-прэм’ера Анатоля Тозіка, на якой былі разгледжаныя пытаньні падрыхтоўкі памятных мерапрыемстваў да 200-годзьдзя Айчыннай вайны 1812 году. Вырашана, што на базе Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту пройдзе міжнародная навуковая канфэрэнцыя «Вайна 1812 году і Беларусь», а ў праграму працы цэнтральных музэяў, бібліятэк, Нацыянальнай акадэміі навук будуць уключаныя тэматычныя экспазыцыі, прысьвечаныя падзеям таго часу. Кульмінацыяй памятных мерапрыемстваў стане мітынг-рэквіем на месцы змаганьня дзьвюх армій на рацэ Беразіне і тэатралізаваная рэканструкцыя бітвы. Паказальна, што лякальныя імпрэзы да круглай гадавіны падрыхтуюць нават у тых рэгіёнах Беларусі, дзе 200 гадоў таму пра нейкія баталіі нават не падазравалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG