Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаных у Лібіі беларусаў можна выкупіць?


Беларускія ўлады будуць працягваць спробы вызваліць зь лібійскай турмы трох грамадзянаў Беларусі, асуджаных на 10 гадоў зьняволеньня за супрацоўніцтва з рэжымам Муамара Кадафі. Адмыслоўцы, знаёмыя з афрыканскімі рэаліямі, перакананыя, што вярнуць зьняволеных на радзіму можна толькі адным спосабам — праз выкуп.

Пасьля 9 месяцаў судовых разбораў Фёдар Трусанаў, Валеры Гардзіенка і Ігар Ядзімічаў у кампаніі яшчэ двух дзясяткаў грамадзянаў Расеі і Ўкраіны былі абвінавачаныя ў абслугоўваньні ваеннай тэхнікі, якая выкарыстоўвалася арміяй Кадафі супраць уласнага народу і авіяцыі войскаў НАТО. Прысуд — 10 гадоў зьняволеньня з прымусовымі працамі. Яшчэ адзін беларус, Вячаслаў Качура, чакае вырашэньня свайго лёсу.

У дыпляматычным прадстаўніцтве Беларусі ў Трыпалі ня маюць пэўнасьці наконт пэрспэктываў асуджаных беларускіх грамадзянаў. Але амбасадар Анатоль Сьцепусь кажа, што цяпер высілкі дыпляматаў скіраваныя на разьвязаньне спрэчнай сытуацыі:

«Вядома, захады будуць рабіцца і амбасадай, і Міністэрствам замежных спраў. Натуральна, што зараз у гэтым напрамку ідзе збор інфармацыі, якая можа паспрыяць прыняцьцю адпаведных мераў. Несумненна, усе неабходныя палітычныя і прававыя захады будуць рабіцца. Будзем глядзець па сытуацыі».

Прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Савіных запэўнівае, што беларусы сам-насам са сваёй бядой не застануцца:

Андрэй Савіных
Андрэй Савіных
«Мы гранічна заклапочаныя вынесеным прысудам і працягваем настойваць на невінаватасьці беларускіх грамадзянаў. Будуць выкарыстаныя палітычныя і прававыя магчымасьці для перагляду гэтага судовага рашэньня. Міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў зьвярнуўся з просьбай аб дапамозе да кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства Лібіі. Мы будзем каардынаваць усе свае намаганьні ў шчыльным узаемадзеяньні з расейскімі і ўкраінскімі калегамі».

Інтарэсы грамадзянаў Беларусі абараняе ўкраінскі праваабаронца Станіслаў Селіванаў. Ён абмежаваўся толькі рэплікай, што ўсе прысуды будуць абскарджаныя. Асабліва адвакаты зьбіраюцца ціснуць на стан здароўя асуджаных — практычна ўсе яны пэнсіянэры, якія спакусіліся высокім заробкам. Пры гэтым самі зьняволеныя запэўніваюць, што былі рэкрутаваныя на нафтавыя радовішчы і ніякага дачыненьня да службы на карысьць зрынутай улады ня маюць.

Вайсковы інструктар Іван Крылоў не адзін год правёў у Афрыцы. Ён лічыць, што ўскосна затрыманыя ўсё ж маглі працаваць на Кадафі. З пачаткам збройнага канфлікту дзейнасьць нафтавай галіны спынілася, і хто не пасьпеў тэрмінова зьехаць з краіны, быў вымушаны выконваць тое, што загадвалі — прыкладам, рамантаваць пашкоджаную натаўскай авіяцыяй бронетэхніку. Пры гэтым суразмоўца сумняецца, што беларусаў паслалі ў Лібію абслугоўваць узбраеньне, якое нібыта пастаўлялася зь Беларусі ў дапамогу рэжыму Кадафі:

«Я дакладна ня ведаю, ці мае беларуская дзяржава дачыненьне да паставак ваеннай тэхнікі ў Лібію, ці ня мае. Магчыма, што і мае, але, каб замесьці сьляды, яны могуць дамовіцца пра прыкрыцьцё з кім заўгодна. Бо, зразумела, ня ў іх інтарэсах фігураваць на такім узроўні. Хоць, прыкладам, калі згадаць Судан, то пастаўкі туды ажыцьцяўляліся афіцыйна, там быў дзяржаўны кантракт. Праўда, гэта было ўжо дастаткова даўно, калі Беларусь яшчэ ня так часта фігуравала ў розных чорных сьпісах».

Станіслаў Гусак тры гады адпрацаваў на нафтавых радовішчах у Нігерыі, быў сьведкам розных экстрэмальных сытуацый, якія канчаліся то судом, то самасудам. На яго перакананьне, у арабска-афрыканскім рэгіёне рэальную сілу мае толькі адзін аргумэнт — грошы:

Станіслаў Гусак
Станіслаў Гусак
«Гэта вельмі проста робіцца. Мы ведаем, што нават выцягнулі двух расейскіх выведнікаў, якія ўчынілі ў Катары расправу над адным з чачэнскіх лідэраў, узарвалі машыну разам зь ім. Пры тым, што ўжо былі абвешчаныя турэмныя тэрміны, усе абвінавачаньні былі скасаваныя і вярнуліся расейцы дадому. Мне здаецца, што грошы ў арабаў могуць зрабіць усё. І гэта трэба мець на ўвазе. Калі беларускія ўлады раскашэляцца і дадуць там каму трэба, то іх адтуль вывезуць. А калі не — то будуць трымаць і надалей».

На думку аналітыкаў, лібійскі бок мог бы адрэагаваць на жэст добрай волі, зроблены Менскам: летась у беларускай сталіцы доўгі час лекаваліся параненыя лібійскія апазыцыянэры, пацярпелыя ад рэжыму Кадафі. Аднак, на думку спадара Гусака, падобнае наўрад ці магчыма:

«Магчыма, недзе ёсьць месца і гуманістычным памкненьням, але ж яшчэ раз кажу: там грошы — перадусім. Таму нічога не застаецца, як зьбіраць выкуп. І я мяркую, што ў Беларусі ўжо нават ведаюць, што за выкуп трэба даць. Я сам працаваў у Нігерыі тры гады і дакладна ведаю, як там падобныя пытаньні вырашаюцца».

Апроч трох беларусаў, за супрацоўніцтва з ранейшымі ўладамі Лібіі 10-гадовыя тэрміны зьняволеньня атрымалі 19 грамадзянаў Украіны і двое расейскіх грамадзянаў. Кіраўнік групы «наймітаў», расеец Аляксандар Шадроў асуджаны пажыцьцёва. Шадроў адзіны прызнаў, што да 2008 году працаваў у вайсковым сэктары Лібіі, аднак апошнія гады наладжваў абсталяваньне для прадпрыемстваў нафтавай галіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG