Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька аштрафаваны за пазыку ў сваіх бацькоў


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька аштрафаваны інспэкцыяй Міністэрства па падатках і зборах па Цэнтральным раёне Менску на 500 тысяч рублёў.

Як паведаміў палітык БелаПАНу, яго і яго сваякоў зараз правярае падатковая інспэкцыя. «Спачатку праверылі мае даходы за 18 гадоў. Ужо тады мяне спрабавалі аштрафаваць. Аднак тады рашэньне аб накладзеным на мяне штрафе я абскардзіў у падатковай інспэкцыі горада, і штраф зьнялі, а адміністрацыйную справу накіравалі на дапрацоўку. Зараз праводзяць праверку за тры гады. 4 чэрвеня мяне азнаёмілі з пастановай аб адміністрацыйнай справе і ужо вечарам вынесьлі рашэньне аб штрафе», — сказаў ён.

Прычынай для штрафу стала тое, што Лябедзька для куплі аўтамабіля пазычыў грошы ў бацькі, але не аформіў гэта юрыдычна як пазыку і не ўказаў пра гэта ў дэклярацыі. Яму таксама паставілі ў віну тое, што ён указаў непраўдзівую суму прыватызацыі ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Ён напісаў 2 тысячы рублёў, а трэба было 1,5 тысячы.

Анатоль Лябедзька заявіў карэспандэнту «Свабоды», што зьбіраецца аспрэчыць рашэньне падатковай:

«Вы ведаеце хоць адзін прыклад, калі б падатковая інспэкцыя нават не за 18 ці за 3 гады, а хаця б за адзін год праверыла сябра кабінэту міністраў? Я такіх прыкладаў ня ведаю, і іх няма. Гэта сьведчыць толькі пра адно: што гэта ёсьць палітычная замова. Бо, у адрозьненьне ад беларускага ўраду і чыноўнікаў Лукашэнкавай вэртыкалі, я не разьмяркоўваю зямельныя надзелы і ня маю мажлівасьці камусьці даваць ці не даваць ласыя кавалкі ўласнасьці, не раздаю іншыя ільготы і прывілеі. Гэта ўсё робяць беларускія чыноўнікі, і калі ўжо каго кантраляваць, то трэба кантраляваць іх. А ў нас замест гэтага ўлада выкарыстоўвае сілавыя структуры, у тым ліку і падатковыя, як псыхалягічны прэс у адносінах да сваіх апанэнтаў і нават чальцоў іх сямей. Вось што ляжыць на паверхні. Бо гэтая праверка доўжыцца са сьнежня мінулага году, і яна яшчэ не завершаная. Правяраюць ня толькі мяне, але і маю сям’ю. Прычым там ляпаў столькі, што альбо сьмяяцца, альбо паціскаць плячыма. Я гэта абскарджу, каб мяне не папракалі, што я ня выкарыстаў усе мажлівасьці. Такім чынам я проста фіксую сваю невінаватасьць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG