Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Стахаевіч прайграў у абласным судзе Берасьця


Звальненьне Стахаевіча з «Граніту» прызнанае законным
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:09 0:00

Калегія Берасьцейскага абласнога суду прызнала законным ранейшае рашэньне Лунінецкага суду ў справе аб звальненьні кіраўніка суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Алега Стахаевіча.

Аднак Стахаевіч мяркуе і надалей абскарджваць сваё звальненьне.

Старшыня калегіі па грамадзянскіх справах Берасьцейскага абласнога суду Алена Хацько агучыла рашэньне, паводле якога касацыйную скаргу Алега Стахаевіча і Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў вырашана адхіліць. Аргумэнты юрыста БКДП Алены Яськовай пра парушэньні пры звальненьні Стахаевіча з працы не былі ўзятыя пад увагу. Затое слушнымі суду здаліся аргумэнты адказчыка, якога прадстаўляў вядучы юрысконсульт «Граніту» Сяргей Лахаў.

Такім чынам, рашэньне Лунінецкага суду пра законнасьць звальненьня Алега Стахаевіча з «Граніту» засталося правамоцным.

Спадар Стахаевіч кажа, што такое рашэньне Берасьцейскага суду было для яго прадказальным:

«Розумам я адчуваў, што рашэньне будзе стопрацэнтова на баку адказчыка. І як паглядзеў я на гэты абласны суд, то ў нас у Лунінцы гэта нашмат усё больш прафэсійна. Хоць той жа адказчык паказаў яшчэ большую сваю бязграматнасьць».

Алег Стахаевіч кажа, што тым ня меней ён будзе абскарджваць вырак Лунінецкага суду і ў вышэйшыя інстанцыі.
Алег Стахаевіч (трэці справа) і група падтрымкі каля будынку абласнога суду.
Алег Стахаевіч (трэці справа) і група падтрымкі каля будынку абласнога суду.

Намесьнік кіраўніка Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч, камэнтуючы «Свабодзе» вынікі суду, адзначыў, што справа Стахаевіча — гэта яшчэ адзін факт парушэньня правоў прафсаюзаў у Беларусі:

«Справа з парушэньнямі правоў прафсаюзаў цягнецца ўжо больш за дзесяць гадоў. І толькі дадаюцца новыя і новыя факты кожны год. І вельмі прыкра, што ўрад, Міністэрства працы і ўсе тыя пляцоўкі дыскусійныя, якія былі створаныя нібыта для вырашэньня гэтых праблемаў, яны фактычна застаюцца пустым месцам».

Спадар Антусевіч кажа, што шмат падобных да Стахаевічавай спраў дэмакратычныя прафсаюзы часта выйграюць. Але тут, ён тлумачыць, іншыя чыньнікі:

«Зразумела, што ў справе Стахаевіча — гэта справа больш палітычная, чым чыста прафсаюзная, і мае вялікі грамадзкі рэзананс».

Алега Стахаевіча звольнілі з «Граніту», пазбавіўшы перад гэтым правоў кіроўцы. Ён працаваў кіроўцам «БелАЗу». Лунінецкі суд 11 красавіка прызнаў яго звальненьне законным.

Напрыканцы 2011 году некалькі соцень працаўнікоў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць) напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Рабочыя абвясьцілі, што ствараюць на прадпрыемстве суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу. Адразу ж сябры незалежнага прафсаюзу адчулі ціск з боку адміністрацыі.

З прадпрыемства, акрамя Алега Стахаевіча, звольненыя актывісты БНП Мікалай Карышаў, Генадзь Паўлоўскі і Людміла Літвінка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG