Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтара «мусарка» Амельчанку асудзілі яшчэ на 10 сутак

абноўлена

Менчука Івана Амельчанку, аўтара пляката «Мусарок» , Маскоўскі суд Менску асудзіў яшчэ на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Раней да адміністрацыйных арыштаў былі асуджаныя актывісты нацыянал-бальшавіцкага руху. Правабаронцы кажуць пра незаконнасьць гэтак званых «прэвэнтыўных» арыштаў, якія беларускія ўлады ўжываюць усё часьцей.

10 сутак Івану Амельчанку прысудзіла судзьдзя Маскоўскага раённага суду Тацяна Матыль.

Актывістка Марыя Крот гэтак і не змагла трапіць на гэты працэс: «Не ўдалося зайсьці нікому ў той кабінэт. Іван зьбіраўся выклікаць нас сьведкамі, дык і сьведкамі нас не паклікалі. 10 сутак далі. Артыкул 17, частка 1. Нібыта недзе брыдкасловіў».

Паводле Марыі Крот, калі Івана Амельчанку выводзілі зь міліцэйскага аўтамабіля, яго пабачылі сябры і сваякі і перакінуліся некалькімі словамі. Выглядаў Іван схуднелым, але трымаўся бадзёра. Пасьпеў сказаць, што на Акрэсьціна абыходзіліся зь ім нармальна. А мінулую ноч ён адбыў у Маскоўскім РАУС.

Маці вязьня Ганна Амельчанка здолела толькі перадаць сыну перадачу — ежу і ваду. Пагутарыць з сынам ёй так і не дазволілі, як і прысутнічаць на працэсе:
Я думала, у нас моцная дзяржава... Няўжо насамрэч яна такая слабая, што гэтак баіцца ўсяго?


«Мне вельмі цяжка казаць пра гэта... Я думала, у нас моцная дзяржава... Няўжо насамрэч яна такая слабая, што гэтак баіцца ўсяго? У тое, што ён там некага абражаў ды брыдкасловіў, я ня веру. Я хацела пісаць скаргу ў пракуратуру на гэтыя дзеяньні, але зараз бачу, што са скаргай трэба пачакаць, бо можна горш зрабіць сыну».

Першы раз Іван Амельчанка быў пакараны на 15 сутак пасьля таго, як падчас Чарнобыльскага шляху ў канцы красавіка трымаў у руках плякат «Мусарок», дзе стрэлка паказвала ў бок міліцыянта, які здымаў шэсьце на відэа. За актывістам некалькі дзён палявалі міліцыянты, але так і не знайшлі. Іван Амельчанка прыйшоў у міліцыю сам.

30 траўня паводле абвінавачаньняў у хуліганстве былі арыштаваныя на 5 сутак таксама актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі і актывіст нацыянал-бальшавіцкага руху Яўген Контуш. На Акрэсьціна таксама знаходзяцца маладафронтаўцы Мікалай Дземідзенка, Уладзя Яроменак, Зьміцер Крамянецкі і Раман Васільеў, якіх пакаралі на розныя тэрміны ў дадатак да тых, якія ўжо былі адбытыя.

Праваабаронца зь «Вясны» Наста Лойка мяркуе, што такія дзеяньні ўладаў былі не зусім адэкватныя:

«Ажно каля 10 чалавек апынуліся на Акрэсьціна перад прыездам у Менск Уладзімера Пуціна, хоць відавочна, што ніхто асабліва і не зьбіраўся ладзіць нейкія акцыі. Затое такімі арыштамі ўлады толькі прыцягнулі ўвагу да таго факту, што актывістаў нэўтралізуюць празь незаконную пасадку».

Наста Лойка кажа, што ўсе справы грунтуюцца на пратаколах, якія можна лічыць сфальшаванымі. На думку праваабаронцы, на прыкладзе Івана Амельчанкі, які мусіць адбыць за кратамі амаль месяц, гаворка ідзе пра грубае і шматразовае парушэньне правоў грамадзянаў на свабоду і справядлівы суд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG