Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельская пракуратура папярэдзіла незалежную журналістку Ларысу Шчыракову


Ларыса Шчыракова
Ларыса Шчыракова

29 траўня Гомельская абласная пракуратура вынесла папярэджаньне Ларысе Шчыраковай «за дзейнасьць на карысьць прадусарскай кампаніі N.E.W.S. Informacja (Польшча)».

Пра папярэджаньне паведаміла служба маніторынгу БАЖ.

У пракуратуры палічылі, што кампанія — гэта замежны сродак масавай інфармацыі, і каб мець зь ёю адносіны, патрабуецца акрэдытацыя ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

У сакавіку 2012 году сябры ініцыятыўнай групы запрасілі Шчыракову на сход у вёску Якімава Слабада Сьветлагорскага раёну. Мясцовыя жыхары выказваліся супраць будоўлі побач зь вёскай заводу беленай цэлюлёзы. Ларыса Шчыракова назвала сябе, сказала, што яна — сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Шукала і тых, хто б выказаўся за будаўніцтва заводу, але такіх не знайшлося.

Відэаматэрыялы незалежная журналістка разьмясьціла на відэапартале Youtube. Пазьней яны мелі распаўсюд і на іншых сайтах.

Тым часам у пракуратуру паступілі заявы Ўладзімера Ахрэмкіна і Зінаіды Хмарун. Першы зь іх пісаў: «Пасьля выхаду відэасюжэту на апазыцыйным сайце тэлеканалу „Белсат“ мне стала вядома, што Шчыракова Л. зьяўляецца карэспандэнтам апазыцыйных сродкаў масавай інфармацыі». Яна «абманным шляхам праводзіла інтэрвію сярод жыхароў вёскі, якія думалі, што яна прадстаўляе афіцыйны орган масавай інфармацыі, жадае асьвяціць праблему будаўніцтва заводу, данесьці яе да Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, а на самой справе скарысталася нашымі праблемамі і зьняла выгадны для апазыцыі сюжэт». Спадар Ахрэмкін прасіў пракуратуру прыцягнуць за гэта Шчыракову да адказнасьці паводле беларускага заканадаўства.

Пра «апазыцыйнасьць» відэасюжэту пісала і Зінаіда Хмарун і чакала ад журналісткі «падрабязных тлумачэньняў ня толькі шкоды, але й карысьці ад новага заводу».

На падставе згаданых лістоў пракуратура і вынесла Ларысе Шчыраковай афіцыйнае папярэджаньне, якое падпісаў намесьнік пракурора вобласьці, старшы дарадца юстыцыі Генадзь Раманюк.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG