Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВНУ прымуць усіх ахвотных, а потым будуць адлічваць


Сёлета для абітурыентаў вызначаны ніжэйшы парог балаў: тыя, хто на цэнтралізаваным тэставаньні атрымае менш за 7 балаў са 100, ня змогуць паступаць у ВНУ.

Паводле міністра адукацыі Сяргея Маскевіча, «такое рашэньне прынята, каб не дапусьціць у ВНУ людзей са слабой падрыхтоўкай. Чакаецца, што новаўвядзеньне дазволіць адсеяць каля 10 тысяч чалавек — прыкладна 10–12% усіх абітурыентаў».

Яшчэ ў 2008 годзе існавала ніжэйшая плянка ў 20 балаў. Але пасьля таго як па некаторых прадметах амаль 70% выпускнікоў атрымалі менш за 20 балаў, гэтую плянку апусьцілі да 1 бала. Цяпер, каб стаць студэнтам, у некаторыя ВНУ хопіць і 7 балаў па адным прадмеце з магчымых 100.

Былы выкладчык ВНУ, а цяпер рэпэтытар па матэматыцы Міхась Булавацкі кажа, што адна з прычын — дэмаграфічны фактар. Цяпер школу заканчваюць дзеці, якія нарадзіліся ў сярэдзіне 1990-х, калі быў дэмаграфічны спад:

«У многія вышэйшыя навучальныя ўстановы будзе недабор. А яны губляюць грошы. І каб не было недабору, яны гатовыя вучыць самых слабых, абы тыя прыносілі ім грошы».
Каб не было недабору, яны гатовыя вучыць самых слабых, абы тыя прыносілі ім грошы.

Летась у некаторыя ВНУ наагул не было конкурсу. У Беларускі тэхналягічны ўнівэрсытэт на спэцыяльнасьць «Канструяваньне і вытворчасьць вырабаў з кампазыцыйных матэрыялаў» дастаткова было набраць 91 бал з 400. На матэматычны факультэт Пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Танка прымалі са 122 баламі, на расейскую мову — са 134 баламі.

Дацэнт Алег Трусаў выкладае гісторыю ва Ўнівэрсытэце культуры і сьцьвярджае, што па гуманітарнай спэцыяльнасьці можна навучыць чалавека, які мае слабую школьную падрыхтоўку:

«Я такіх вучу рэгулярна. Можна навучыць. Але толькі пры іх жаданьні: калі яны захочуць, каб іх навучылі. Мы ж не вывучаем матэматыку ці фізыку. У нас асобны блёк гуманітарных дысцыплін, і мы студэнтаў фактычна вучым з нуля. Калі ў школе па гісторыі Беларусі ці ўсясьветнай гісторыі ён мае 9 балаў, то ва ўнівэрсытэце ён будзе мець у мяне 4–5. Астатнія двойкі будуць мець. А да 3-га курсу яны могуць стаць выдатнікамі. Калі хочуць вучыцца».

Ці можна навучыць маладога чалавека, які мае нізкія балы, фізыцы, матэматыцы? Намесьнік дэкана фізычнага факультэту БДУ кажа, што прыкладна палова абітурыентаў прыходзяць вельмі добра падрыхтаваныя:

«Ну, а палова — слабейшыя, зь імі ўжо больш складана. Сярэдні адсеў на першых курсах вышэйшы — дзесьці 10%. Школьная падрыхтоўка значна слабейшая стала. Але гэта паўсюль так. У Расеі ўводзяць на малодшых курсах падрыхтоўчыя, уводныя курсы. У нас больш практыкуем факультатыўныя курсы, дадатковыя заняткі для слабых».

Такім чынам, у ВНУ, калі прымаюцца слабыя студэнты, ёсьць два варыянты: альбо вучыць іх наноў, альбо адлічваць. Паводле Міністэрства адукацыі, летась з ВНУ было адлічана больш за 15 тысяч студэнтаў. Пераважная большасьць іх — першакурсьнікі, і «вылецелі» яны менавіта з прычыны акадэмічнай непасьпяховасьці. Чвэрць студэнтаў матэматычнага факультэту, куды конкурсу не было, а бралі ўсіх ахвотных, таксама адлічылі.

Выкладчык з 37-гадовым стажам Міхась Булавацкі перакананы:

«Дык гэта не праблема тых, хто паступае. Гэта праблема нашай дзяржавы, якая заклікае туды паступаць самых слабых. Таму што ў нас адносіны да настаўніка такія. Тут гаворка не пра школу і не пра абітурыентаў, а пра дзяржаву, якая ставіць школу ў такое становішча».

Намесьнік дэкана фізычнага факультэту БДУ выступае за раньняе адлічэньне:
Я прыхільнік больш масавых адлічэньняў. Ня цягне чалавек — няхай ідзе на іншыя спэцыяльнасьці, у ПТВ патрэбныя людзі.

«Але гэта і добра. Галоўнае — каб на выхадзе мы мелі добрых спэцыялістаў. Я прыхільнік больш масавых адлічэньняў. Ня цягне чалавек — няхай ідзе на іншыя спэцыяльнасьці, у ПТВ патрэбныя людзі. Можа, ня трэба такой масавай вышэйшую адукацыю рабіць. Тут такая шматпарамэтрычная задача. Але тое, што трэба нешта аптымізаваць — гэта відавочна».

Апошнія два дзесяцігодзьдзі беларускую школу пастаянна рэфармуюць. Над школьнікамі пэрманэнтна ставяць экспэрымэнты — то пераводзяць на 12-годку, то зноў вяртаюцца да 11-гадовай адукацыі. А экспэрты ў галіне адукацыі, выкладчыкі ВНУ ад такіх экспэрымэнтаў у шоку. Дацэнт Алег Трусаў выказаў такое меркаваньне:

«Узровень выкладаньня прадметаў у школе — зараз проста катастрофа! То бок з кожным годам узровень школьнай падрыхтоўкі проста катастрафічна падае. Савецкая школа давала ў 10 разоў лепшую адукацыю».

Летась на цэнтралізаваным тэставаньні 1,1% абітурыентаў набралі 80 і больш балаў. 20 і меней балаў набралі 63%, і 32% — менш за 10 балаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG