Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: Сталіца РП


Рэспубліка наша, як добра вядома, «сінявокая», але начальства мучыцца над дэвізам Горадні. Што яна «горад-музэй» замежныя турапэратары зганілі: гэта зусім не асаблівасьць, музэяў хапае паўсюль. Відавочная назва «Каралеўскі горад Горадня», такая кніжка Альбіны Семянчук ёсьць ва ўсіх кнігарнях. Але да каралёў у начальства застарэлы клясавы недавер. Над пешаходна-турыстычнай вуліцай раптам расьцягнуўся транспарант: Горадня, знайце, горад піянэрскіх традыцый. «Будзь гатоў! Усягда гатоў!» Начальству з трыбуны відней.

Вальны сойм


Часта сустракаю ў горадзе расейцаў, адпачываюць у навакольных санаторыях. Ім усё падабаецца, але чакаць узважанага меркаваньня пасьля шпацыру было б наіўнасьцю. І ўсё ж цікава было б даведацца: што замежнікам у гарадзенскіх дзеях здаецца найбольш істотным?

Анджэй Хадкевіч, польскі генконсул, з адукацыі гісторык. Пры нагодзе я запытаўся: што для дыплямата здалося ў Горадні найбольш адметным? І ён мне адказаў, што ўсьвядоміў для сябе вельмі важную рэч, што існуе чацьверты замак каралеўскі, аб якім у Польшчы шырока ня ведаюць. Больш за тое: у Горадні адразу два каралеўскія замкі. Стары існаваў з часоў вялікага князя Вітаўта, перабудаваў яго пад свае патрэбы кароль Стэфан Баторы.

Дыплямат робіць акцэнт: «Але найцікавейшым ёсьць Новы замак, бо гэта адзіны, кажучы сёньняшняй мовай, будынак публічнага выкарыстаньня, пабудаваны ў часы першай Рэчы Паспалітай, і захаваны да сёньняшняга дня. Паколькі ён быў пабудаваны, каб тут маглі адбывацца пасяджэньні Сойму і Сэнату. Такога будынку мы ня маем ніводнага на тэрыторыі ўсёй Рэчы Паспалітай — у сэнсе гістарычным, дзяржавы абодвух народаў».

Усё вельмі проста: Горадня — горад, дзе захаваўся самы стары ў краіне парлямэнцкі будынак! Ці ўсьведамляе гэта цяперашняе начальства?! З канца ХVІІ стагодзьдзя кожны трэці па ліку вальны сойм Рэчы Паспалітай абдываўся ў Горадні. У Старым замку месца не хапала, у 1734 годзе пачаў будавацца Новы замак. У горадзе пастаянна зьбіраліся таксама Генэральныя соймы Вялікага княства Літоўскага. Я жыву ў месцы нашых парлямэнцкіх традыцый! Аж самому прыемна стала. Шкада, сёньня ад іх засталося толькі руціннае падыманьне рукі. Або націсканьне на гузік: нібы тэлевізар уключаеш з пастаянным прамоўцам.

Стэфан Баторы


Анджэй Хадкевіч успрымае горад блізка да сэрца, яго цешыць, што гісторыя дагэтуль кранае саміх гарадзенцаў, зь якімі ён пазнаёміўся, і якія «перажываюць, што бураць старыя камяніцы, што зьнікае гістарычны выгляд гораду. Яны б хацелі захаваць чароўнасьць уласна гэтай чацьвертай сталіцы Рэчы Паспалітай: з замкамі, касьцёламі, са старымі кварталамі, завулкамі. Гэта відавочна вельмі прыгожы горад, нібы троху забыты, заўсёды адсунуты крыху ўбок Вільняй, Варшавай, Кракавам, але вельмі важны горад».

Варта толькі пачаць паглыбляцца ў мінуўшчыну Рэчы Паспалітай, адразу ўбачыш — колькі важных падзеяў адбылося ў Горадні, кажа польскі дыплямат: «Гэта мяне схіліла да таго, каб нейкую частку сваёй працы прысьвяціць увекавечаньню фактаў, зьвязаных з нашай супольнай гісторыяй — польскай, беларускай, літоўскай, бо яна тут пераплятаецца. Я маю на ўвазе адкрыцьцё памятнай дошкі, прысьвечанай Стэфану Баторыю ў гарадзенскім Катэдральным касьцёле. Стэфан Баторы памёр тут і быў блізка зьвязаны з горадам, многа год тут знаходзіўся, трактуючы Горадню як сваё месца жыхарства, як уласна сталіцу дзяржавы. І я думаю, што ён заслугоўвае, каб дзесьці ў горадзе меў сапраўдную памятную шыльду. Перад вайной яна была ў замку, а цяпер такая ёсьць у касьцёле».

Анджэй Хадкевіч падсумоўвае: «Напэўна Баторы заслугоўвае, каб у Горадні быў помнік яму, каб Стары замак быў урэшце адрэстаўраваны, бо цяперашні яго стан, я б сказаў, роспачны. Напэўна замак вымагае кансэрвацыі і рэстаўрацыі ў духу эпохі, а ня ў духу якіхсьці ХІХ-вечных казармаў. Ведаю, што ёсьць праект, пляны і хацелася б, каб ён насамрэч выглядаў інакш. Бо напраўду я б хацеў, каб Горадня жыла так, як Вільня, карыстаючы з тлумаў турыстаў, якія праходзяць праз горад, дзівячыся, і пры аказіі пакідаюць грошы».

«Помнік Баторыю»


Прыяцель быў у Пскове. Там, даведаўшыся, што прыехаў беларус, павялі яго паказаць «помнік вашаму каралю». Чалавек зьдзівіўся: нават у нас такога няма! Але яшчэ больш уразіліся самі пскоўскія, першы раз уважліва прачытаўшы, што памятная стэла прысьвечаная абаронцам гораду ад войска Стэфана Баторыя. Як вядома, ён вызваліў ад маскоўскай акупацыі Полацак, але паход на Пскоў выніку ня даў. Ва ўсякім разе, кароль спыніў маскоўскую навалу. Аднойчы я чуў, як аб ролі Стэфана Баторыя на падворку Старога замка распавядалі турыстам з Расеі. Яны пагаджаліся: файны быў кароль, баявы, зрабіў Горадню сваёй рэзыдэнцыяй, каралеўскім горадам.

Такую вось някідкую шыльдачку дазволіла начальства.

Дом называецца «Батароўкай», лічыцца, што ён быў гарадзкім палацам караля. Хаця паасобныя гісторыкі аспрэчваюць гэта. Цераз дарогу ў Катэдральным касьцёле зусім іншая шыльда, яна не хавае — кім быў Стэфан Баторы ў жыцьці. Гарэльеф караля ў касьцёле зьявіўся ў 1990-х гадах, але нядаўна яго перанесьлі на больш значнае месца, бліжэй да алтара, і падмацавалі памятнай дошкай.

Левае крыло Новага замка прызначалася для паслоў з ваяводзтваў і паветаў, якія зьяжджаліся ў Горадню на вальны сойм.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG