Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусёў: «Байкоту не атрымліваецца»


У кожнай другой выбарчай акрузе плянуе вылучыць сваіх кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Партыя БНФ. Пра гэта сёньня заявіў на сойме ў Менску намесьнік старшын і партыі Рыгор Кастусёў. Актывісты БНФ таксама падтрымалі ініцыятыву сваіх гарадзенскіх калег — «Наказ дэпутату».

На сёньняшні дзень Партыя БНФ мае 38 патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. «Гэта людзі, якія далі сваю згоду балятавацца і якім партыя цалкам давярае», — заявіў намесьнік партыйнага старшыні Рыгор Кастусёў. На ягоную думку, партыя магла б падрыхтаваць і 110 кандыдатаў і закрыць усе выбарчыя акругі:

«Гэта я вам заяўляю адказна. У нас такія магчымасьці ёсьць. Аднак, на жаль, у многіх нашых лідэраў, у многіх нашых актывістаў закралася ў галовы схільнасьць да ідэі байкоту. Але, як вы бачыце, як таквога байкоту няма, і як такавога байкоту ніхто не арганізоўвае і ніхто не жадае яго арганізоўваць».

Падчас дыскусіі высьветлілася, што лідэры па вылучэньні Гарадзенская вобласьць і Менск. А вось Гомельская і Менская вобласьці пакуль маюць толькі па адным патэнцыйным кандыдаце ў дэпутаты. Падобна, што і сам Рыгор Кастусёў зразумеў: мець па кандыдаце ў кожнай акрузе — малаверагодна. Таму ён другі раз зьвярнуўся да ўдзельнікаў сойму:

«Па прыезьдзе ў рэгіёны я папрашу вас яшчэ раз паразмаўляць з тымі актывістамі, якія здольныя быць зарэгістраванымі ў якасьці кандыдатаў. І я лічу, што партыя БНФ здольная лёгка закрыць палову акругаў».
Я лічу, што партыя БНФ здольная лёгка закрыць палову акругаў.

Абмеркаваньне таксама паказала, што ўсім спадабалася ініцыятыва гарадзенцаў «Наказ дэпутату». Яе сутнасьць агучыў Максім Губарэвіч:

«Калі мы ідзём зьбіраць подпісы, калі стаім у пікетах, да нас увесь час падыходзяць людзі, якія кажуць пра свае праблемы. А мы ім увесь час адказваем: шаноўнае спадарства, мы ня можам вырашыць вашых праблем, бо нас ніхто не абраў дэпутатамі. Калі вы нас выберыце, то тады мы будзем іх вырашаць. Калі не выберыце, то мы ня зможам іх вырашаць.

Калі БНФ ёсьць партыя абароны народных інтарэсаў, то мы павінныя гэтыя праблемы вырашаць незалежна ад таго, абралі нас дэпутатамі альбо не абралі. Таму прапанова такая: зьбіраць праблемы і скаргі выбарцаў. А пасьля завяршэньня выбарчай кампаніі мы сядаем і аналізуем усё гэта. Вылучаем найбольш актуальныя, якія сапраўды трэба вырашаць. І ствараем на базе фронтаўцаў працоўную групу, якая пасьля выбараў пачынае займацца вырашэньнем гэтых праблем».

Усе сёньняшнія размовы на сойме не азначаюць, што прозьвішчы вылучэнцаў ад Партыі БНФ застануцца ў выбарчых бюлетэнях. Яшчэ 28 студзеня сойм вырашыў, што, хаця партыя і мае намер вылучаць сваіх кандыдатаў, яна пакідае за сабою права зьняць іх. «Калі да пачатку датэрміновага галасаваньня ў краіне застануцца палітвязьні і калі ўсе вылучаныя намі прадстаўнікі ня будуць уключаныя ў выбарчыя камісіі, мы здымем сваіх кандыдатаў» — патлумачыў партыйны лідэр Аляксей Янукевіч.

Аднак Рыгор Кастусёў заявіў, што сярод 38 патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты ёсьць і такія, якія лічаць, што ім трэба ісьці да канца выбарчай гонкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG